Старшыня Магілёўскага гарадскога Савета ветэранаў Зінаіда Пянькова — дэлегат Першага Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся трыццаць гадоў таму і стаў вызначальнай падзеяй у далейшым палітычным жыцці нашай краіны. Зінаіда Васільеўна была дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання (з 1990-га па 1995-ы), калі тры разы мяняліся старшыні і тры разы — дэпутацкія пасведчанні, нагрудныя значкі. Ездзіла ў Страсбург, каб сказаць Еўропе праўду пра Беларусь — тады ўстала ўся зала. Сёння Зінаідзе Васільеўне Пяньковай — 75. Яна — заслужаны настаўнік Беларусі, ганаровы грамадзянін Магілёва, яна працягвае служыць людзям.
«Нас аб’ядноўвала жаданне выратаваць краіну»
У 1996-м Зінаіда Васільеўна ўжо была дэпутатам Магілёўскага гарадскога Савета, яе ўключылі ў спіс дэлегатаў Першага Усебеларускага народнага сходу.
«Першы сход адбыўся ў кастрычніку 1996 года, — расказвае суразмоўніца. — Адразу вельмі ўразілі і натхнілі словы: „Толькі народ мае права вырашаць свой лёс“. Сабралася 4740 чалавек — гэта значна больш, чым будзе потым, на наступных сходах. На той час праводзіўся сход у Палацы спорту, і атмасфера была асаблівая — такая ўзнёслая, што ты сярод такіх людзей, якія разам вырашаюць будучыню краіны».
Яна ўспамінае, што першы сход быў масавым, вельмі прадстаўнічым. Сабраліся людзі з усіх рэгіёнаў, усіх прафесій — рабочыя, настаўнікі, урачы, аграрыі, навукоўцы. І галоўнае, што іх аб’ядноўвала, — жаданне выратаваць краіну, якая апынулася на мяжы выжывання пасля развалу Савецкага Саюза.
«Першы сход быў пра тое, як выжыць у гэтых цяжкіх умовах. Трэба было вызначыць стратэгію развіцця, зразумець, на што звяртаць увагу ў першую чаргу. І галоўнае, што Прэзідэнт тады паставіў задачы, якія мы пасля выконвалі», — расказвае дэлегат.
«Я гаварыла Еўропе праўду»
Асаблівай старонкай у жыцці Зінаіды Васільеўны стала выступленне ў Страсбургу на сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Гэта было ў пачатку 2000-х. Еўрапейскія парламентарыі запрасілі прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, але таксама далі слова і дэпутату ад беларускага парламента — каб пачуць і іншы пункт гледжання.
«Выпаў такі гонар і велізарная адказнасць — паехаць мне, — успамінае гераіня. — Калі я ішла да мікрафона, рукі і ногі дрыжалі. Сказала пра падвойныя стандарты ў адносінах да маленькіх краін — не толькі да Беларусі... Наступіла грабавая цішыня, і раптам усе падняліся, сталі апладзіраваць — нашай маленькай краіне, нашаму беларускаму народу. І той, хто рабіў негатыўны даклад пра Беларусь, таксама стаяў і апладзіраваў... Гэта была велізарная адказнасць — данесці праўду аб нашай краіне».
Кожны раз — новы дэвіз, новыя задачы
Зінаіда Васільеўна ўдзельнічала амаль ва ўсіх Усебеларускіх народных сходах. Кожны раз яны мелі свой дэвіз, сваю тэму. Дэвізы мяняліся, але галоўнае заставалася — народная падтрымка курсу Прэзідэнта. І людзі — сапраўдныя прадстаўнікі народа.
Зінаіда Васільеўна згадвае, як на адным з УНС сядзела побач з жанчынай, якая моцна ўразіла яе: «Яна была акуратна апранутая, прычоска, але рукі ў яе былі „цяжкія“, працоўныя. Я спытала, хто яна. І пачула ў адказ, што яна 50 гадоў працуе трактарыстам у калгасе Бярэзінскага раёна. Я так захапілася ёю — гэта была неардынарная асоба. Такія людзі — сапраўдны гонар нашай краіны».
«Другі УНС быў у 2001 годзе, які праходзіў ужо ў Палацы Рэспублікі. Дэлегатаў было менш і дэвіз быў іншы — „За моцную і квітнеючую Беларусь!“ На кожным сходзе Прэзідэнт вызначаў новыя задачы. Калі на першым сходзе гаварылі пра выжыванне, то пазней гаварылі пра харчовую бяспеку, пра бяспеку краіны, пра інавацыі, пра жыллё. Інвестыцыі, развіццё рэгіёнаў — гэта з’яўлялася паступова», — успамінае дэлегат.
Зінаіда Пянькова адзначае, што на сёмым УНС, які сабраўся ўжо ў канстытуцыйным статусе найвышэйшага органа народаўладдзя, Прэзідэнт упершыню сур’ёзна загаварыў пра дэмаграфічную бяспеку, пра захаванне насельніцтва. Гучалі тэмы якаснай адукацыі, выхавання патрыятычнай асобы, стварэння камфортнага асяроддзя для жыцця — каб у вёсцы і ў горадзе быў аднолькавы ўзровень жыцця. Асобна вылучылі тэму турыстычнага патэнцыялу.
«Цяпер ужо ёсць што паказаць. Турысты едуць, бачаць, што краіна развіваецца, ёсць добрыя прадпрыемствы. Яны вяртаюцца дадому і расказваюць. Гэта ўжо працуе на інвестыцыі, — заўважае суразмоўніца. — Сем прыярытэтаў пяцігодкі былі вызначаны. Сярод іх — дэмаграфія, бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу».
«Ганаруся, што была там»
Зінаіда Васільеўна гаворыць пра ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе з непадробнай павагай.
«Гэта велізарны гонар. Я апынулася сярод найлепшых, самых годных людзей краіны. На першым сходзе адчувала ўзнёсласць, таму што разумела: мы разам вырашаем лёс краіны. Мы выжылі, пабудавалі дзяржаву. І цяпер, калі гляджу на тое, што зроблена за гэтыя гады, ганаруся, што была да гэтага датычная», — кажа жанчына.
Яна ўспамінае, як на першым сходзе ўсе атрымалі памятныя знакі — гадзіннікі з надпісам «Першы Усебеларускі народны сход». Гэты гадзіннік і сёння нагадвае пра той дзень, калі краіна пачала ісці па ўласным шляху.
Надзея ЗУЕВА
Фота з асабістага архіва Зінаіды Пяньковай