Top.Mail.Ru

Злачынец не пакінуў адбіткаў, але яго выкрыў пах: у Мсціславе па гарачых слядах раскрылі згон машыны

Жыхар Мсціслава пазычыў у сябра Volkswagen Jetta, аднак ноччу машыну выкралі з паркоўкі.



Мужчына пачуў гук рухавіка і ўбачыў у акно, як нехта з’язджае на аўтамабілі, які ён пакінуў незачыненым. Званок сябру пацвердзіў: за рулём знаходзіўся невядомы. Аўтаўладальнік адразу звярнуўся ў міліцыю.

Літаральна за некалькі гадзін супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі знайшлі зніклую машыну на ўскраіне горада. Яна стаяла на абочыне. 

— Следча-аператыўная група з удзелам эксперта-крыміналіста агледзела месца здарэння і салон транспартнага сродку. Злачынца аказаўся абачлівым: ніякіх доказаў, акрамя пахавага следу ў салоне, ён не пакінуў, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.

Камеры відэаназірання засведчылі, што зламыснік шукаў у дварах незачыненыя аўто і звярнуў увагу на Volkswagen Jetta з ключом у салоне.

 

Праваахоўнікам спатрэбілася зусім мала часу, каб высветліць асобу і затрымаць падазраванага. Ім аказаўся 25-гадовы магіляўчанін, які быў ужо судзімы за аналагічнае злачынства і пазбаўлены правоў кіравання. 

У згоне малады чалавек прызнаўся. 

Распачата крымінальная справа.

— У рамках судовай адаралагічнай экспертызы даследаваны пахавы след, вылучаны на сядзенні кіроўцы сагнанага аўто. Згодна з заключэннем эксперта, пахавы след пакінуты затрыманым. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца, — расказала Ірына Рачкоўская.

Марыя КАЛІНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю