Начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў расказаў, колькі чалавек сталі студэнтамі беларускіх ВНУ сёлета, паведамляе БелТА.
«Што тычыцца ўступнай кампаніі ў ВНУ, то ў гэтым годзе мы адзначаем практычна 100% выканання як бюджэтнага, так і платнага набору. Бюджэтны набор выкананы ў нас на 99,5% і на 99% практычна запоўненыя платныя месцы. На бюджэт мы залічылі 30,5 тыс. студэнтаў, на платную — каля 15 тыс.», — прывёў лічбы Сяргей Пішчоў.
На завочную форму навучання ў аграрныя ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці прыёмная кампанія будзе прадоўжана. Яна пройдзе ў лістападзе-снежні. «Там яшчэ ў нас таксама крыху больш за 1 тыс. месцаў на бюджэт выдзелена для дзяцей і каля 1,3 тыс. платных. Аграрныя ВНУ на завочнае аддзяленне прымаюць у пазнейшыя тэрміны з улікам таго, што ў асноўным туды паступаюць выпускнікі якраз-такі каледжаў. Гэта наша рабочая моладзь, у якой цяпер таксама гарачая пара, і ім даецца дадатковая магчымасць паступіць у пазнейшыя тэрміны», — растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення.
Сяргей Пішчоў адзначыў зладжаную работу на ўсіх узроўнях, пачынаючы ВНУ, каледжамі, школамі і заканчваючы прадпрыемствамі. «Прафарыентацыйная работа, якая была праведзена, дала свае вынікі, і мы іх бачым», — падкрэсліў ён.