Top.Mail.Ru
206

Зламаны зуб можна аднавіць

Зламаць зуб — страшны сон кожнага чалавека, бо часта такая праблема асацыюецца з поўнай яго стратай. Нярэдка ў такую сітуацыю трапляюць дзеці: яны актыўна займаюцца спортам, асвойваюць язду на веласіпедзе ці каньках, што немагчыма без падзенняў. На справе далёка не заўсёды зламаць зуб — значыць застацца без яго. Усё залежыць ад ступені пашкоджання, паводзін бацькоў і самога маленькага пацыента. Аб варыянтах выратавання зламанага зуба расказала дзіцячы ўрач-стаматолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Наталля Жураўлёва.


— Якія бываюць траўмы зуба?

— Іх можна падзяліць на дзве групы: адлом часткі зуба і пашкоджанні звязкавага апарата, гэта значыць тых валокнаў, якімі зуб мацуецца да сківічнай косткі.

Для маленькіх дзяцей асноўнай прычынай траўмы зубоў з’яўляецца падзенне, для малодшых школьнікаў з «юнымі» пастаяннымі зубамі — заняткі спортам. Таму трэба бяспечна абсталёўваць месцы баўлення часу дзяцей, а падчас заняткаў небяспечнымі відамі спорту выкарыстоўваць спецыяльныя ахоўныя прыстасаванні — капы.

— Што рабіць, калі зубы ўсё ж былі пашкоджаныя?

— Найперш захоўваць спакой. Вам спатрэбіцца ўвесь ваш рэсурс, каб супакоіць дзіця і выбраць тую тактыку паводзін, якая дапаможа звесці наступствы траўмы да мінімуму. Ацаніце агульны стан дзіцяці: ці была страта прытомнасці або галавакружэнне. Зубы знаходзяцца ў сківічнай костцы, якая з’яўляецца часткай чэрапа. Звесткі аб стане дзіцяці ў момант траўмы дапамогуць урачу высветліць, ці была чэрапна-мазгавая траўма.

Пасля акуратна абследуйце месца траўмы зуба, каб паспрабаваць вызначыць, што з ім адбылося. Калі адсутнічае частка зуба, трэба паспрабаваць знайсці абломак. Досыць часта яго яшчэ можна «прыляпіць». Знойдзены абломак варта змясціць у слоічак з вадой і разам з пацярпелым дзіцем звярнуцца да стаматолага як мага хутчэй.

Каб выключыць схаваныя пашкоджанні, напрыклад пералом кораня, доктар зробіць рэнтгенаўскі здымак і акажа неабходную дапамогу, прыляпіўшы абломак або вырабіўшы пломбу. Пакідаць скол незакрытым нельга — можа адбыцца інфіцыраванне і ў далейшым гібель нерва.

Калі зуб выглядае цэлым, але ён зрушаны ці рухомы, пра што дзеці часта кажуць самі, хутчэй за ўсё разарвалася частка валокнаў, якія мацуюць яго да сківіцы. Такі стан называюць падвывіхам (пры нязменным становішчы зуба) або няпоўным вывіхам (калі зуб змяніў сваё становішча). Дзіця павінна быць дастаўлена да ўрача максімальна хутка. Паколькі падвывіх або няпоўны вывіх не выключае рызыку схаванага пералому, неабходна будзе таксама зрабіць рэнтгенаўскі здымак.

Пасля гэтага стаматолаг правядзе шыніраванне ці, прасцей кажучы, «падвязванне» пашкоджанага зуба да непашкоджаных суседніх, каб зменшыць нагрузку на яго пры прыёме ежы. Шына звычайна накладваецца на 3-4 тыдні, што дастаткова для аднаўлення пашкоджаных валокнаў. У гэты перыяд вельмі важна выконваць усе правілы догляду за зубамі — яны павінны быць проста ідэальна чыстымі, каб мікраарганізмы зубнога налёту не пашкодзілі працэсу гаення.

— А калі зуб выбіты цалкам?

— Гэта самая цяжкая сітуацыя, і называецца яна поўны вывіх. Калі дзіця ў выніку траўмы губляе пастаянны зуб, сківіца, якая яшчэ расце, у гэтым пустым участку перастае развівацца. Ужо наяўныя зубы пачынаюць паступова ссоўвацца, фарміруецца паталогія прыкусу.

Аптымальнае рашэнне ў гэтай сітуацыі — знайсці выбіты зуб. Яго варта ўзяць за каронку, не датыкаючыся да кораня, асцярожна прамыць пад вадой. З паверхні кораня ні ў якім разе нічога нельга аддзіраць — там будуць зрыўкі мацуючых валокнаў. Затым неабходна акуратна ўставіць зуб, наколькі атрымаецца, на яго месца ў ямку ў костцы (лунку). Пасля гэтага трэба неадкладна звярнуцца да стаматолага. Урач праверыць, ці правільна ўстаўлены зуб, калі патрабуецца, паправіць яго становішча і правядзе шыніраванне. Далейшая тактыка практычна тая ж, што і пры няпоўным вывіху.

Калі ўставіць зуб у лунку па якіх-небудзь прычынах немагчыма, яго трэба змясціць у халоднае малако (звычайная вада не падыходзіць) або за шчаку (калі ўпэўненыя, што дзіця яго не праглыне) — і адразу ж да стаматолага. Тут крытычная кожная хвіліна. Позна ўстаўлены зуб прыжываецца няправільна, паступова замяшчаючыся косткай.

На жаль, прадказаць зыход траўмы ў момант яе атрымання немагчыма — мы не можам сказаць дакладна, якія тканкі і наколькі пашкоджаны і які ў іх патэнцыял да аднаўлення. Вось чаму асабліва важна выконваць рэкамендацыі стаматолага і своечасова здзяйсняць візіты для кантрольных аглядаў. Гэта дазволіць выявіць асаблівасці гаення і своечасова скарэктаваць схему лячэння.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю