Як у вестэрне — не атрымалася
Такія навіны для спакойнай краіны вялікая рэдкасць. У пятніцу на сталічным праспекце абрабавалі ювелірны магазін. Мужчына ў медыцынскай масцы, пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, завалодаў ювелірнымі вырабамі і ўцёк. Нібы эпізод з замежнага вестэрна або прывітанне з ужо далёкіх 90-х.
Але на гэтым параўнанні можна скончыць. Таму што злачынца гуляў на волі з нарабаваным зусім нядоўга — дзякуючы зладжанай рабоце сілавых структур яго затрымалі літаральна цягам сутак. Аб падрабязнасцях рэзананснага нападзення і затрымання злачынцы па гарачых слядах расказалі на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі МУС, Следчага камітэта і Дзяржкамітэта судовых экспертыз.
Затрымлівалі ў аўтобусе з дапамогай «Алмаза»
Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр Копішаў, злачынец знаходзіўся ў краме менш за хвіліну. Пасля спрацоўвання «трывожнай кнопкі» інфармацыя аб інцыдэнце і апісанне падазронага былі неадкладна перададзеныя ўсім нарадам. Суправаджэнне вышуковых мерапрыемстваў у рэжыме рэальнага часу забяспечвалі супрацоўнікі службы відэаназірання ГУУС. Пасяджэнне аператыўнага штаба па раскрыцці асабліва цяжкага злачынства праходзіла з удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова.
Зладжанасць падраздзяленняў міліцыі дазволіла на працягу сутак устанавіць асобу нападніка. Ім аказаўся 34-гадовы мінчанін, які з выкрадзенымі ювелірнымі вырабамі спрабаваў уцячы за мяжу.
Мінчанін спрабаваў пакінуць краіну на рэйсавым аўтобусе Мінск — Санкт-Пецярбург разам з выкрадзенымі ўпрыгожаннямі. «Паколькі мужчына быў узброены і знаходзіўся ў салоне пасажырскага транспарту сярод грамадзян, у тым ліку дзяцей, для яго затрымання спатрэбіліся максімальна хуткія і дакладныя дзеянні. Менавіта таму да аперацыі прыцягнулі байцоў спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам „Алмаз“ МУС, якія забяспечылі сілавую падтрымку супрацоўнікам крымінальнага вышуку і зашчоўкнулі наручнікі на запясцях фігуранта так, што той не паспеў зразумець, што адбываецца. Аперацыя была праведзена такім чынам, каб не даставіць якіх-небудзь нязручнасцяў пасажырам. Адразу пасля затрымання аўтобус прайшоў па сваім маршруце без прамаруджванняў», — растлумачыў Аляксандр Копішаў.
Пры затрыманым у сумцы знаходзіліся ўсе выкрадзеныя ювелірныя вырабы, таксама пры мужчыне быў нож. Маёмасць, здабытая злачынным шляхам і знойдзеная пры ім, канфіскавана.
Падазронага даставілі ў Мінск і перадалі супрацоўнікам Следчага камітэта для далейшых аператыўна-вышуковых і следчых дзеянняў.
Злачынства рыхтаваў загадзя
Экспертамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз аператыўна было праведзена даследаванне канфіскаваных прадметаў з месца здарэння. «Гэта былі ахоўныя маскі, пальчаткі з тканіны, фрагменты рыззя. Аператыўнае правядзенне судова-генетычнай экспертызы дазволіла ўстанавіць генатып мужчыны, які быў неадкладна змешчаны ў базу аўтаматызаванай ідэнтыфікацыйнай сістэмы ДНК, у выніку чаго выяўлена супадзенне з раней не судзімым 34-гадовым мінчанінам. Атрыманая інфармацыя неадкладна перададзена супрацоўнікам МУС, якія затрымалі грамадзяніна, каторы мае дачыненне да злачынства», — расказаў галоўны эксперт аддзела генетычных экспертыз упраўлення судова-біялагічных экспертыз галоўнага ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз цэнтральнага апарата ДКСЭ Юрый Траццякоў.
«Паводле атрыманай інфармацыі, апошнія два гады мужчына знаходзіўся ў Расіі, у Маскве. У маі ён прыбыў у Беларусь: нічым не займаўся, не быў працаўладкаваны. Увесь гэты час выношваў намер аб учыненні злачынства. Дарэчы, гэты магазін з’яўляўся другім аб’ектам, які ён разглядаў для ўчынення злачынства. Мужчына неаднаразова прыходзіў да крамы. Праводзіў рэкагнасцыроўку, у прыватнасці, заходзіў у памяшканне магазіна, каб разумець, дзе і ў якой паслядоўнасці размешчаны тумбы з ювелірнымі вырабамі. Затым яшчэ некалькі разоў прыходзіў да аб’екта і выбіраў для сябе шляхі падыходу і адыходу. Рабіў гэта такім чынам, каб не патрапіць у зону дзеяння камер відэаназірання. Тым не менш супрацоўнікамі крымінальнага вышуку праведзена каласальная работа, ён затрыманы», — падкрэсліў Аляксандр Копішаў.
Пры правядзенні асабістага вобыску ў затрыманага канфіскаваны ювелірныя вырабы ў колькасці 54 штук на агульную суму каля 400 тысяч рублёў.
«У далейшым пры правядзенні вобыску па месцы жыхарства падазронага знойдзены прадмет, падобны на пісталет, з якім ён уварваўся ў ювелірны салон, а таксама сродкі канспірацыі — накладная барада і акуляры. Сукупнасць канфіскаваных аб’ектаў сведчыць аб тым, што злачынства мела падрыхтаваны характар: фігурант загадзя прадумаў спосабы маскіроўкі і паспрабаваў стварыць умовы для ўтойвання сваёй асобы», — расказала начальнік Першамайскага (г. Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта Міраслава Хлышчанка-Хазаноўская. Яна дадала штрыхі да партрэта падазронага. «Атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, не працуе. На тэрыторыі Беларусі да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Аднак аднойчы ў ліпені гэтага года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 19.1 за дробнае хуліганства», — сказала яна, адзначыўшы, што ў дачыненні да затрыманага праводзяцца пэўныя следчыя дзеянні, у тым ліку і на месцы ўчынення злачынства. Таксама плануецца прызначыць судова-псіхіятрычную экспертызу для ўстанаўлення яго псіхічнага стану як у момант учынення злачынства, так і цяпер. Праводзіцца поўны аб’ём следчых аператыўных дзеянняў.
Добры прыклад міжведамаснага ўзаемадзеяння
Як падкрэслілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, нават да дробязяў прадуманая схема ўцёкаў не дазволіла жыхару Мінска завяршыць свой план і схавацца за мяжой. «Затрыманне было праведзена на працягу 24 гадзін на высокім прафесійным узроўні, без адзінай ахвяры сярод грамадзян і персаналу, і гэта галоўны вынік нашай работы», — праінфармавалі ў ведамстве.«Раскрыццё гэтага злачынства з’яўляецца яркім прыкладам міжведамаснага супрацоўніцтва і аператыўнай ідэнтыфікацыі ДНК, што дапамагае выяўляць і караць асоб, якія маюць дачыненне да ўчыненых злачынстваў. А кваліфікацыя экспертаў і сучасныя тэхналогіі дазваляюць нам атрымліваць генатыпы з мінімальнай колькасці біялагічнага матэрыялу», — адзначыў Юрый Траццякоў.
Як заявіла прадстаўнік Следчага камітэта, у сувязі з буйной сумай выкрадзеных вырабаў расследаванне плануе перакваліфікаваць дзеянні падазронага па частцы 3 артыкула 207 (рабаванне, учыненае з мэтай захопу маёмасці ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з гэтым артыкулам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў са штрафам.
Аляксей КЛІМАЎ