Зламыснікі пачалі тэлефанаваць дзецям у месенджары. Як запалохваюць і да чаго падштурхоўваюць, расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Рынгевіч, паведамляе БелТА.
Не самым распаўсюджаным, аднак найбольш небяспечным, на думку МУС, спосабам учынення злачынстваў у адносінах да дзяцей застаюцца званкі. З сярэдзіны мінулага года зламыснікі дастаткова актыўна пачалі тэлефанаваць у месенджарах і непаўналетнім. Распавядаюць аб тым, што ў іх нібы адбылася непрыемная сітуацыя.
«Нічога такога насамрэч, вядома ж, не было. Нічога дрэннага дзіця не рабіла, ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў. Разам з тым зламыснікі пачынаюць яго запалохваць і, вядома ж, як добрыя псіхолагі, даюць магчымасць вырашэння гэтай праблемы», — сказаў Аляксандр Рынгевіч.
Непаўналетніх падштурхоўваюць, напрыклад, сабраць грашовыя сродкі бацькоў і перадаць кур’еру альбо выканаць нейкія дзеянні: некуды схадзіць, нешта забраць, нешта камусьці перадаць.
«Бываюць сітуацыі, калі дзеці даюць доступ да сваёй мабільнай прылады, вырабляюць фота-, відэаздымку таго, што знаходзіцца дома, і інш. Вядома ж, гэтыя сітуацыі часта звязаны з прычыненнем дастаткова буйнога матэрыяльнага ўрону ўжо для бацькоў. Дзеці такім чынам перадаюць накапленні бацькоў, зразумела, мяркуючы, што яны ўдзельнічаюць у нейкіх спецыяльных аперацыях, абараняюць бацькоў ад уяўнага прыцягнення да нейкай адказнасці і гэтак далей», — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.
Падчас прафілактычнай работы супрацоўнікі міліцыі расказваюць дзецям пра такія сітуацыі, праводзяць адпаведную працу з бацькамі. Увага дарослых звяртаецца на тое, што кантакт з дзецьмі не павінен быць страчаны. «У дзіцяці ў галаве заўсёды павінна ўзнікаць думка аб тым, што, калі адбываецца нешта новае, нетыповае, нестандартнае, яно павінна пра гэта расказаць сваім бацькам, спытаць у іх параду. Гэта самае правільнае рашэнне, таму што самастойна дзеці часта не могуць адрозніць добрае ад дрэннага і вызначыць, ці правільныя іх дзеянні», — падкрэсліў Аляксандр Рынгевіч.