Следчым упраўленнем УСК па Мінскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да траіх мужчын, якія абвінавачваюцца ў крадзяжы грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры.
Афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Марыя Нікіціна паведаміла, што па дадзеных следства, у канцы снежня 2025 года фігуранты, якія дзейнічалі па папярэдняй змове, завалодалі грашовымі сродкамі з мікрааўтобуса, што ехаў з Барысава ў Маскву. Сума выкрадзенага склала больш за 100 тысяч еўра і 11 тысяч долараў ЗША — па афіцыйным курсе на дзень учынення злачынства гэта было больш як 380 тысяч беларускіх рублёў.
Мужчыны загадзя распрацавалі злачынны план: размеркавалі ролі, вызначылі паслядоўнасць дзеянняў і ўзгаднілі спосабы абмену інфармацыяй аб маршруце руху транспартнага сродку і яго прыпынках. Адзін з абвінавачаных суправаджаў жанчыну-кур’ера і ведаў аб перавозцы буйной сумы. Ён перадаваў саўдзельнікам звесткі аб маршруце, прыпынках і абстаноўцы, спрыяльнай для ўчынення крадзяжу. Другі ўдзельнік перамяшчаўся на аўтамабілі і павінен быў забяспечыць хуткі адыход з месца злачынства. Трэцяму была адведзена роля непасрэднага выканаўцы — пракрасціся ў салон мікрааўтобуса і выкрасці пакет з валютай.
Раніцай 28 снежня 2025 года двое фігурантаў распачалі першую спробу крадзяжу на АЗС у Барысаўскім раёне, аднак яна аказалася няўдалай. Пасля гэтага яны накіраваліся за мікрааўтобусам у Смаленскую вобласць.
На АЗС у Краснінскім раёне мужчыны дачакаліся моманту, калі кур’ер і ўдзельнік групы, які яе суправаджаў, зайшлі ў кафэ. Атрымаўшы пацвярджэнне, выканаўца пракраўся ў мікрааўтобус і выкраў грашовыя сродкі, пасля чаго разам з саўдзельнікам з’ехаў на аўтамабілі.
У ходзе расследавання следча-аператыўнай групай праведзены комплекс следчых дзеянняў і працэсуальных мерапрыемстваў: агляд месцаў падрыхтоўкі і ўчынення злачынства, адабранне прадметаў і біялагічных слядоў, аналіз запісаў камер відэаназірання, даных аб перамяшчэнні транспартных сродкаў і звестак аб тэлефонных сувязях. Былі ўстаноўлены асобы, што ведалі аб перавозцы грошай, дапытаны сведкі і пацярпелы, прызначаны і праведзены неабходныя экспертызы.
Дзякуючы зладжанай і карпатлівай рабоце ўсяго сілавога блока: следчых, аператыўных работнікаў і экспертаў былі ўстаноўлены асобы ўсіх, хто меў дачыненне да злачынства, якія і былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Пры асабістым вобыску аднаго з іх знойдзены і канфіскаваны мабільны тэлефон, які выкарыстоўваўся для сувязі з іншымі ўдзельнікамі ў дзень учынення злачынства.
Асаблівую ролю адыгралі лічбавыя сляды. Аналіз перапіскі фігурантаў, звестак аб іх тэлефонных злучэннях, дадзеных відэаназірання і маршрутаў руху аўтамабіляў дазволіў аднавіць поўную храналогію злачынства — ад падрыхтоўкі да вяртання ўдзельнікаў у Беларусь. Сабраныя доказы пацвярджаюць узгоднены характар дзеянняў і злачынную дамоўленасць паміж абвінавачанымі.

Пасля вяртання ў краіну мужчыны сустрэліся ў лясным масіве каля вёскі Перасады Барысаўскага раёна, дзе раздзялілі выкрадзеныя сродкі. Адзін з фігурантаў паведаміў, што частка грошай перадавалася нібыта для выдалення запісаў з камер відэаназірання.
Двое абвінавачаных прызналі віну і падрабязна расказалі пра абставіны падрыхтоўкі і ўчынення крадзяжу. Трэці сваё дачыненне адмаўляў і ад дачы паказанняў адмовіўся. Двое раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, у той час як 37‑гадовы жыхар Барысава меў незнятую і непагашаную судзімасць.
Дзеянні 22-гадовага жыхара Барысава і 49-гадовага жыхара Асіповіцкага раёна кваліфікаваны па артыкуле крадзеж, учынены групай асоб у асабліва буйным памеры Крымінальнага кодэкса. Дзеянні 37-гадовага жыхара Барысава — па тым жа артыкуле, але з прыкметай паўторнасці.
Фігуранты знаходзяцца пад вартай.
Расследаванне крымінальнай справы завершана. Матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.