Top.Mail.Ru

Змяненні парадку прыёму экзаменаў на права кіравання транспартным сродкам пачынаюць дзейнічаць з 8 красавіка

Як адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Віктар Ротчанкаў, было ўнесена некалькі змяненняў, якія ў першую чаргу накіраваны на аптымізацыю і ўдасканаленне прыёму кваліфікацыйных экзаменаў, павышэнне якасці падрыхтоўкі будучых вадзіцеляў.


«Усе змяненні былі ўведзены пасля дэталёвага вывучэння таго вопыту, які мы маем пры прыёме экзаменаў. На сёння ў нас, напрыклад, тэарэтычны экзамен з першага разу здаюць каля 60 % экзаменаваных, а ўжо пасля практычнага экзамену ад 30 % да 40 % кліентаў з першага разу атрымліваюць вадзіцельскае пасведчанне. У той жа час колькасць аварый на дарогах з маладымі кіроўцамі, у якіх досвед кіравання да двух гадоў, за мінулы год вырасла прыкладна на 15 %. Гэта дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх удзельнікі дарожнага руху атрымалі цялесныя пашкоджанні альбо загінулі», — сказаў Віктар Ротчанкаў.

Гаворка ідзе аб пастанове МУС ад 7 сакавіка, якой былі ўнесены змяненні ў гэту інструкцыю. А ўжо з сённяшняга дня экзамены будуць прымацца па абноўленым парадку. Кіраўнік ДАІ растлумачыў асноўныя новаўвядзенні: «Пры наяўнасці ў экзаменаванага вадзіцельскага пасведчання катэгорыі B, калі ён здае экзамен на катэгорыю C, практычны экзамен будзе праходзіць толькі ва ўмовах рэальнага дарожнага руху ў населеным пункце. Аўтадром у гэтым выпадку адмяняецца. Такі ж парадак прымяняецца ў выпадку, калі ў кіроўцы маецца пасведчанне катэгорыі C, але ён дадаткова здае на катэгорыю B. Бывае і так, што будучы кіроўца прайшоў навучанне адначасова на катэгорыі B і C. У гэтым выпадку чарговасць здачы на транспартных сродках, якія падпадаюць пад названыя катэгорыі, вызначае сам экзаменаваны».

Акрамя таго, практычны экзамен на права кіравання катэгорыі D прымаецца толькі ва ўмовах рэальнага дарожнага руху ў населеным пункце. «А вось ужо здача на права кіравання транспартнымі сродкамі катэгорый BE, CE і DE адбываецца толькі на аўтадроме», — падкрэсліў Віктар Ротчанкаў.

Для атрымання права кіравання пасля заканчэння тэрміну пазбаўлення правоў кіроўцы ў тых выпадках, калі асоба, у адпаведнасці з заканадаўствам, павінна зноў здаваць экзамены, яна здае іх ва ўмовах рэальнага дарожнага руху ў населеным пункце. «А „пляцоўка“ адмяняецца. Пры гэтым тэарэтычны экзамен захоўваецца, — дадаў начальнік Галоўнага ўпраўлення ДАІ. — У выпадку калі кіроўца пазбаўляўся права кіравання транспартам катэгорыі C, то практычны экзамен ён будзе здаваць па той катэгорыі, якая ў яго была да пазбаўлення. Калі ж кіроўца пазбаўляўся права кіравання катэгорый А1 і А, а пасведчання на права кіравання транспартам катэгорый B або C не было, то практычны экзамен будзе выконвацца па выбары кіроўцы на транспарце катэгорыі А альбо A1».

Віктар Ротчанкаў звярнуў увагу, што на дадзены момант на аўтадроме ідзе навучанне чатыром элементам: пераадоленне ўздыму на эстакаду, заезд у бокс для пастаноўкі вучэбнага аўтамабіля на стаянку заднім ходам, заезд у бокс для пастаноўкі аўтамабіля на стаянку бокам з ужываннем задняга ходу, а таксама разварот на ўчастку пры абмежаванай шырыні праезнай часткі. «Калі раней экзаменатар вызначаў абавязковымі для здачы два элементы, то з 8 красавіка — тры. Гэта звязана з тым, што сёння пасля здачы экзамену на „пляцоўцы“ вельмі вялікі працэнт няздачы ў гарадскіх умовах. Такім чынам, мы аптымізавалі працэс, і цяпер экзаменаваны будзе аднолькава падрыхтаваны для здачы як на „пляцоўцы“, так і ў гарадскіх умовах», — распавёў Віктар Ротчанкаў.

Пры здачы экзамену на катэгорыі B, C і D ва ўмовах рэальнага дарожнага руху ў населеным пункце цяпер таксама будуць тры абавязковыя элементы: разварот на нерэгуляваным скрыжаванні, здзяйсненне левага павароту на скрыжаванні і рух з максімальна дазволенай хуткасцю ў патоку з захаваннем неабходнай дыстанцыі бяспекі дарожнага руху пры наяўнасці дзвюх і больш палос у адным напрамку. «Хачу адразу патлумачыць, што гэта мінімальны набор элементаў, які экзаменатар будзе ацэньваць у экзаменаванага. Ужо з’яўляліся каментарыі ў сетцы, што ацэньванне будзе адбывацца толькі па трох элементах. Гэта не так. Пры пераездзе ад аднаго элемента да іншага экзаменаваны будзе ўдзельнічаць у дарожным руху, праязджаць іншыя элементы вулічна-дарожнай сеткі: пешаходны пераход, скрыжаванне, прыпыначныя пункты. І яго рух ад элемента да элемента будзе ацэньвацца», — заўважыў Віктар Ротчанкаў.

Таксама ў новай рэдакцыі інструкцыі строга абмежавалі час, адведзены экзаменатару на вынясенне рашэння. Здаў ці не павінны абвясціць чалавеку не пазней чым праз 5 хвілін пасля выканання ўсіх элементаў аўтадрома або завяршэння руху па маршруце ў горадзе. Экзамен у горадзе будзе здадзены, калі кіроўца дапусціў у агульнай складанасці не больш за дзве памылкі або парушэнні ПДР.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю