Top.Mail.Ru

Змянілі сталіцу на аграгарадок. І жыццё падказвае, што выбар правільны

Ужо гадоў 10 сям’я Грахоўскіх-Гірыновічаў жыве ў аграгарадку Пятрэвічы Навагрудскага раёна. «Здавалася, у Мінску ўсё складвалася, у нас была работа, жыллё. Іншыя, напэўна, і трымаліся б за сталіцу, але мы вырашылі пераехаць на радзіму мужа. Сёння я тут адчуваю сябе нават больш сваёй, чым ён. Бывае, што з мужам абмяркоўваем, ці правільна ўсё зрабілі, ці не шкадуем аб пераездзе? Ды ні кропелькі!» — дзеліцца ўладальніца ордэна Маці Вольга Грахоўская.



Расказвае, што калі выбіралі вёску, найперш думалі пра дзяцей — хацелі, каб малыя бегалі басанож па траве, збіралі ўласныя клубніцы. Атрымалі куды больш. Хутчэй за ўсё, і шматдзетнай сям’я не стала, калі б сужэнцы не рашыліся кардынальна ўсё змяніць. Пакуль жылі ў Мінску ў інтэрнаце з дзвюма дочкамі, нават і думак не было пра тое, што некалі ў іх будзе пяцёра дзетак.

«Вядома, ёсць жанчыны, якія гатовы нараджаць „дадаткова“, каб атрымаць кватэры ці пэўныя льготы. Але я не пагаджуся, што трэба стымуляваць шматдзетнасць „выплатамі“, — разважае Вольга. — Такі выбар павінен быць свядомым, ісці ад сэрца. Каб побач з дзецьмі была любячая маці, а не замыленая, знерваваная цётка з патэльняй, якая гатовая ўзненавідзіць усё на свеце».

Выхаванне па-вясковаму 

Вольга ганарыцца сваімі дзеткамі. Старэйшая Ліза — прызёр міжнародных, абласных і раённых конкурсаў, двойчы лаўрэат прэміі Прэзідэнта для адоранай моладзі, атрымлівае мэтавую адукацыю ў Лідскім музычным каледжы. Дзевяцікласніца Насця — выдатніца, дыпламант алімпіяд па біялогіі, скончыла музычную школу, захапляецца валейболам, марыць стаць медыкам. Дзесяцігадовы Сцяпан займаецца ў СДЮШ Навагрудка лёгкай атлетыкай, ужо прывозіць са спаборніцтваў медалі. Маленькая Злата, якая яшчэ ходзіць у садок, актыўна далучаецца да розных мерапрыемстваў, нават ужо мае дыплом пераможцы раённага конкурсу дзіцячай творчасці. Уся сям’я верыць, што і Кіры, якой усяго два гады, таксама наканавана стаць наступнай зорачкай. Вольга ўпэўнена, што такія поспехі дзяцей — сведчанне таго, што яны зрабілі выбар на карысць вёскі. 

І ў самім аграгарадку, і ў Навагрудку, да якога рукой падаць, створаны ўсе ўмовы для рознабаковага развіцця дзяцей. Бясплатныя медыцына, адукацыя, музычная школа, гурткі — лепшая інвестыцыя дзяржавы ў падтрымку сям’і. А яшчэ важна асяроддзе, у якое трапляюць малыя. Вольга расказвае, што ў вясковай школе аддача настаўнікаў такая вялікая, што і без усялякіх рэпетытараў дзеці ў розных галінах паказваюць цудоўныя вынікі. У Пятрэвічах у школе сёння вучыцца каля 50 дзетак, тут кожны задзейнічаны, усе ведаюць, што такое сцэна і мікрафон. Дзіўна, але і ветлівасць, і «камунікабельнасць» — гэта ўжо вясковая «фішка». У горадзе можна не ведаць, з кім жывеш на адной пляцоўцы, а тут дзеці па вуліцы ідуць —  з усімі вітаюцца. Зімой — усе ў спартзалах, летам — на веласіпедах, футбольным полі. Дзеці бяруць удзел у патрыятычных праектах, прывучаюцца да працы: садзяць лес, удзельнічаюць у акцыях «Дапамажы пенсіянеру». У вёсцы ніхто не ўспрымае гэта як мерапрыемствы «для галачкі», гэта нармальны ўклад жыцця. «У нас побач жыве старэнькі сусед. Калі я бачу, што ён корпаецца на ўчастку, кажу: „Сцёпка, апранайся, ідзі Пятровічу дапамагай“. І пытанняў не ўзнікае. Хочацца, каб мой сын вырас цудоўным сельскім хлопцам, сапраўдным мужыком», — дзеліцца сакрэтамі выхавання Вольга. Яна не з тых бацькоў, хто лічыць, што павінны кожнаму свайму дзіцяці купіць кватэру. Куды важней сваім прыкладам прывучыць дзяцей да працы, выпусціць у соцыум, каб яны з сябе нешта ўяўлялі і маглі ўсяго дасягаць і без падтрымкі бацькоў.

З салона прыгажосці — у сельскі клуб 

Вольга параўноўвае рытмы, па якіх жыве, з гарадскімі, як, напрыклад, у яе брата, у якога чацвёра дзетак: «Там ён як загнаная ў коле вавёрка. Гэта колькі часу трэба, нават каб толькі па секцыях, гуртках развесці ўсіх дзяцей. Тут — усё побач. Мы абралі жыццё, а не бегатню». 

Сёння ў аграгарадку жыллё, як у горадзе, у прасторным катэджы — усе камунікацыі. А побач з домам — уласныя парэй і пекінка, бульба ды морква. Давялося маладой жанчыне і вучыцца даіць карову. 
У мужа цяжка захварэла маці, маладыя ўзялі яе гаспадарчыя справы на сябе. Вольга прызнаецца, што спачатку панічна баялася, а пасля ўцягнулася. Убачыла, які вялікі плюс ад вясковага ўкладу — для дзяцей ёсць натуральныя прадукты, свае малако і тварог. Жанчына сама паехала на ферму за новай каровай. Пачала вывучаць сыраробства, спрабавала рабіць мацарэлу. У яе нават была ідэя развіць гэту справу да аграбізнесу з дэгустацыямі, але пасля жыццё інакш павярнула.

Вядома, без добрага мужа, узаемаадносін на павазе і даверы, не было б такой вялікай сям’і. Вольга прызнаецца, што можа хваліць свайго Дзіму бясконца. На яго не страшна было пакінуць чацвёра дзяцей, калі нараджала пятага. Ён і коскі дзяўчатам заплятае, і карову доіць, і гатуе смачней за некаторых жанчын. Можа ўсё зрабіць рукамі. Натуральна, такі чалавек ніякай работы не баіцца і здольны зарабіць на вялікую сям’ю. Вольга ганарыцца, што Дзмітрыя цэняць у Навагрудскім лясгасе, дзе ён працуе машыністам тралёвачнай машыны. 

Разам яны ўжо дваццаць гадоў, хоць, здавалася, такія розныя. Ён — спакойны, разважлівы, яна — «камандзір з шашкай». Калі Вольга пачала хадзіць у мясцовы хор, на актыўную, прабіўную жанчыну звярнулі ўвагу — паклікалі загадчыкам Пятрэвіцкага сельскага Дома культуры. Праз год яе фота з’явілася на раённай Дошцы гонару. Вольга ўпэўнена, што гэта яшчэ адзін паказчык таго, што шлях абраны верны. Песні, каляндарныя абыходы двароў, цёплыя сустрэчы і адчуванне, што мясцовым артыстам усюды рады, — нечаканы падарунак лёсу. Пераязджаючы ў вёску, Вольга думала, што застанецца ў сваёй прафесіі — у Мінску яна працавала ў салоне прыгажосці. 

«Калі раней яшчэ падабалася ездзіць  у сталіцу, пагуляць па гандлёвых цэнтрах, дык сёння не хочацца. Прыязджаеш у горад па справах — і хутчэй дамоў!» Вольга хоць і знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, застаецца арганізатарам пры клубе: людзі ж чакаюць свята. Часам і мужа далучае да клубных спраў, падчас аднаго з мерапрыемстваў яму даводзілася нават юшку на ўсю вёску гатаваць. «Мы тут кайфуем ад жыцця!» — прызнаецца жанчына. Між іншым, і салон прыгажосці ў яе не зачыняецца — у сям’і ж чатыры дзяўчынкі падрастаюць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю