Top.Mail.Ru

Змяніліся падыходы па фінансаванню дзейнасці дзяржаўных тэатраў

«Мы дамовіліся: колькі заробіце, столькі ж з бюджэту атрымаеце. Так? Што яшчэ трэба?.. 50 працэнтаў мы даём тэатрам датацый».


Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.
14 лютага 2023 года.

З 1 студзеня 2025 года стварэнне новых тэатральных пастановак, правядзенне гастроляў, аплата камунальных паслуг, эксплуатацыйных расходаў і выплата заработнай платы будуць ажыццяўляцца на парытэтнай аснове (50/50) са сродкаў бюджэту і ўласных даходаў тэатраў. Аб гэтым гаворыцца ва Указе № 422 Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 18 лістапада 2024 года.

Якім чынам тэатры могуць выканаць пастаўленую задачу?

Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Кацярына Дулава на сустрэчы з журналістамі растлумачыла:

— На сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў 2024 годзе было праведзена 357 мерапрыемстваў, пры тым што ў план закладвалі 350. Абслужылі мы 245 тысяч гледачоў, гэта значыць, тэатр наведала чвэрць мільёна жыхароў розных краін, найперш грамадзян Рэспублікі Беларусь (у плане было 224 тысячы гледачоў). Калі пра нашы перспектывы ў кантэксце новай сістэмы фінансавання тэатраў... Па выніках мінулага года да 1 студзеня па долі пазабюджэтных даходаў мы павінны былі выйсці на лічбы 60 на 40. Але мы атрымалі 45%! За гэты год мы павінны выйсці на лічбу 50 на 50%.

Хачу адзначыць, што сярэдняя заработная плата ў Вялікім тэатры вырасла амаль на 18% з мінулага года і сёння яна складае 2290 рублёў. Што да росту экспарту тавараў і паслуг, то ён склаў 100%, гэта $244 000 ЗША. 41 гастрольнае выступленне калектыў тэатра правёў за 2024 год. З іх 26 — па Рэспубліцы Беларусь (даходаў сабе і краіне мы прынеслі 327 мільёнаў). Наведалі Віцебск, Добруш, Нясвіж, Бярозу, Мазыр і гэтак далей. 15 выступленняў было за мяжой, сума даходаў склала 419 мільёнаў (Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Нікарагуа і Кітайская Народная Рэспубліка).

У 2024 годзе тэатр атрымаў амаль 430 мільёнаў рублёў бязвыплатнай спонсарскай дапамогі. Вельмі важна тое, што нам удалося частку спонсарскай дапамогі накіраваць на ўзнагароду нашым артыстам дзякуючы ўказу Прэзідэнта, які гаворыць аб пераходзе на новую сістэму. Такая форма заахвочвання вельмі важная для тых, хто сёння з’яўляецца асобай тэатра, на каго ідзе публіка, і чыя дзейнасць прыносіць нам асноўны даход.

Уступіўшы ў новую сістэму фінансавання, мы разумеем, дзе можам пачаць эканоміць без страт для дзейнасці тэатра. Нейкія падраздзяленні тэатра можна было б вывесці са штатнага раскладу і ператварыць іх у наймальныя структуры. Не буду ўтойваць, мы праводзім вельмі сур’ёзную палітыку па кантролі развіцця творчых труп. У нас конкурсная сістэма, акрамя таго, праслухоўваем і праглядаем нашых артыстаў розных узроставых катэгорый. Хтосьці бянтэжыцца, хтосьці абураецца. Але знаныя асобы Вялікага тэатра з вялізным задавальненнем ідуць на кантрольныя праслухоўванні. Гэта неабходна, калі мы сёння вымушана ідзём на крокі па павышэнні ў тым ліку кошту квіткоў і пашырэнне гастрольнага графіка. Тэатр упершыню выступіў і на сцэне Марыінскага і Вялікага тэатраў Расіі, і я выдатна разумею, што за гэтым стаіць якасць. Тое ж самае датычыцца і аркестра: мы ўвесь час у стане конкурснага праслухоўвання, каб выканаўцы падтрымлівалі адпаведную форму. Недзе пераглядаем нагрузкі артыстаў, іх занятасць. Акрамя таго, прыдумляем новыя праекты, якія павінны прынесці даход.

Лічу, што нам трэба актывізаваць работу з Міністэрствам спорту і турызму. Вялікі тэатр Беларусі павінен быць уцягнуты ў зону культурнага турызму. Да нас можна прыходзіць не толькі на спектаклі, але і на экскурсіі. Таксама мы сталі актыўна прапаноўваць выступленні нашых заслужаных артыстаў па лініі прафсаюзаў, напрыклад у санаторыях, прафілакторыях, дамах культуры. Унутры тэатра фарміруем творчыя калектывы, якія, выязджаючы, таксама будуць зарабляць. Адзін з такіх калектыў быў уладальнікам гранта Прэзідэнта.

Разумеем, што ёсць розныя катэгорыі гледачоў, але высокае мастацтва не можа каштаваць як кубак кавы ці як білет у кіно. Мастацтва, якое на вашых вачах ствараюць жывыя людзі дзякуючы сваім галасам, целам, здароўю, павінна мець сваю цану. Мы зараз распрацоўваем сетку, каб гледачы розных сацыяльных груп маглі прыходзіць у тэатр па прымальных цэнах. Адкрылі серыю дабрачынных спектакляў і вечароў. З іншага боку, ёсць катэгорыя грамадзян, якія патрабуюць да сябе большай увагі і гатовы за гэта плаціць. Цяпер мы думаем наконт vіp-паслуг. Напрыклад, чалавек просіць, каб яго прыпаркавалі, праводзілі ў гардэроб, а потым на месца ў зале. Ці хоча набыць цалкам ложу. Цяпер пралічваем, які можа быць кошт. Распрацавалі таксама падарункавыя сертыфікаты на 50 і 100 рублёў. Будзем прыцягваць розныя формы працы, якія існуюць у свеце.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю