Top.Mail.Ru

Важнае кожнае імя: як мастакі ваявалі ў партызанах

Што можа быць агульнага ў пісталета ці кулямёта альбо фінскага нажа з алоўкам ды аркушам паперы? І першае і другое — зброя ў руках людзей, якія ўмелі маляваць, але былі вымушаны ваяваць падчас Вялікай Айчыннай вайны. А то і сумяшчалі першае з другім у партызанскіх атрадах, пакінуўшы сведчанні пра жыццё, побыт і баявыя заданні народных мсціўцаў, што хаваліся ў лясах Беларусі.

Выстаўка «Партызанскімі сцежкамі», якая працуе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, знаёміць з мастакамі, якія на акупіраванай тэрыторыі знаходзілі час і магчымасць заставацца творцамі, калі былі партызанамі. Іх творы таго перыяду захоўваюцца ў музейнай калекцыі «Графіка», якая налічвае 500 адзінак. На выстаўцы прадстаўлены больш за 160 выкананых імі партрэтаў камандзіраў і звычайных партызан, сюжэтаў з баявога жыцця і партызанскага побыту, а таксама карыкатуры, якія вельмі трапна адлюстроўвалі стаўленне мясцовых людзей да акупантаў. 

— На тэрыторыі Беларусі ў гады вайны ў партызанскіх атрадах і брыгадах ваявалі 374 тысячы чалавек, сярод іх былі таленавітыя людзі, мастакі, якія абаранялі сваю радзіму, — адзначае дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум. — Тут прадстаўлены як мастакі-прафесіяналы, так і самадзейныя аўтары. Можна бачыць творы графічнага мастацтва, выкананыя ў розных жанрах, у тым ліку партрэты, сюжэтныя побытавыя замалёўкі і карыкатуры. У нашым музеі захоўваецца ўнікальная калекцыя карыкатур. З аднаго боку, гэта творы мастацтва, а з другога — гістарычная крыніца, дзякуючы якой можна больш глыбока разумець і даследаваць тэму партызанскага руху Беларусі.


Напрыклад, вядомы беларускі жывапісец Генрых Бржазоўскі яшчэ да вайны ўдзельнічаў у І з’ездзе мастакоў Беларусі ў снежні 1938 года. Мінчанін па нараджэнні, ён стаў партызанам атрада імя Калініна, што ваяваў у Мінскай вобласці. Быў галоўным афарміцелем часопіса «Народны мсціўца». Прафесійны мастак Мікалай Федарэнка ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у магілёўскім антыфашысцкім падполлі, ваяваў у 113-м партызанскім палку Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы. Пасля вызвалення Беларусі яфрэйтар Федарэнка ўдзельнічаў у штурме Берліна. Яго сын, мастак Святаслаў Федарэнка, таксама цяпер звяртаецца да тэмы вайны.

Час паказаў, што ствараць значныя творы мастацтва ў той перыяд было складана, але можна было рабіць дакументальныя малюнкі, нездарма студыя Грэкава накіроўвала цэлыя брыгады мастакоў на ўсе франты, каб рабілі замалёўкі і нават перасоўныя выстаўкі. Гэта дапамагала ў барацьбе і натхняла на бой. Такія работы трэба не толькі захоўваць у архіве, але і паказваць, таму што прыходзіць новае пакаленне, якое, на жаль, псіхалагічна не заўсёды разумее, якую трагедыю перажыў наш народ. Пакуль помняць, то гэтыя людзі жывыя...


Ваяваць ім даводзілася з сапраўднай зброяй. Загінуў, падарваўшыся на ўласнай міне, ураджэнец Гомельшчыны Віталь Букаты. Яго работы былі настолькі ўдалыя, што юнака ўключылі ў рэдакцыю агіт-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». 

Сяргей Раманаў перад вайной скончыў мастацка-педагагічнае вучылішча ў Маскве. Сустрэў вайну пад Кіевам, па тылах праціўніка дайшоў да Бранскай вобласці, хацеў перайсці лінію фронту, але трапіў у палон. Аднак ён не здаваўся — двойчы ўцякаў з нямецкага палону, стаў беларускім партызанам. Асобны вернісаж быў створаны ў партызанскім лагеры з яго малюнкаў. 

Мікалай Абрыньба, быў апалчэнцам пад Масквой, здолеў уцячы з лагера ваеннапалонных пад Полацкам. Прафесійны мастак стаў разведчыкам партызанскай брыгады «Дубава» Віцебскай вобласці. Ён быў сярод тых мастакоў, якія бралі ўдзел у мастацкай выстаўцы, прысвечанай 25-годдзю БССР у 1944 годзе. Разам з ім у брыгадзе «Дубава» ваяваў яшчэ адзін мастак Мікалай Гуціеў. Там па ініцыятыве камандавання стварылі своеасаблівую карцінную галерэю. А калі вызвалілі раённы цэнтр Ушачы, то галерэю насамрэч адкрылі — з партрэтамі і мастацкімі палотнамі.  


Тры гады беларускія партызаны змагаліся з ворагам, а пасля вызвалення прыйшлі на свой партызанскі парад. Карціну «Партызанскі парад у Мінску 16 ліпеня 1944 года» прысвяціў ім Яўген Зайцаў, народны мастак Беларусі. Ён не быў партызанам, але быў франтавіком, і пасылаў свае малюнкі ў газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (вядомае выданне ЦК КПБ, якое друкавалася ў Маскве і напаўнялася малюнкамі ўсіх нашых мастакоў). Зайцаў прысутнічаў на партызанскім парадзе і паказаў герояў, якія прыйшлі фактычна з лесу, з баявой зброяй, са сцягамі. Потым многія з іх будуць аднаўляць народную гаспадарку Беларусі. Многія пойдуць на фронт і будуць ваяваць да Перамогі. 

Дапоўніць веды пра партызанскую гісторыю Беларусі стала магчыма дзякуючы руплівай працы работнікаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і створанага імі адмысловага электроннага рэсурсу. 


— Наш архіў з’яўляецца захавальнікам самай вялікай калекцыі дакументаў па гісторыі партызанскага руху. Мы шукаем магчымасці, каб нашы дакументы папулярызаваць. Адзін з такіх праектаў, які рэалізуецца больш за пяць гадоў, — «Партызаны Беларусі», — падкрэсліла дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Алена Стуканава. — Галоўная яго мэта — аднавіць і назваць імя кожнага, хто ўдзельнічаў у партызанскім руху на тэрыторыі краіны, — гэта амаль 400 тысяч чалавек. Аб’ём вялікі, але сёння больш за 240 тысяч імён у базе даных. Дзякуючы гэтаму парталу сённяшняя экспазіцыя атрымала дакументальнае напаўненне: мы не толькі бачым людзей, паказаных мастакамі тых часоў, а і можам прачытаць пра іх, даведацца пра іх жыццё і вялікія ды малыя подзвігі, якія яны здзейснілі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю