Мера адказнасці
Добрая навіна: за дзевяць месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га ўдалося знізіць узровень падлеткавай злачыннасці. Паменшылася як колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, так і колькасць іх удзельнікаў, канстатаваў старшы пракурор па асаблівых даручэннях упраўлення Генеральнай пракуратуры Раман СІДАРЭНКА.
— Асобную занепакоенасць выклікаюць цяжкія і асабліва цяжкія правапарушэнні, у тым ліку звязаныя з выкарыстаннем інтэрнэту. Сярод іх — махлярства, вымагальніцтва, заведама лжывыя паведамленні пра небяспеку, а таксама выраб і распаўсюджванне матэрыялаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетніх.
Як растлумачыў Раман Сідарэнка, дзеці часам перадаюць асабістыя фота і відэа не толькі знаёмым, але і людзям, з якімі кантактуюць выключна ў сетцы. У далейшым такія матэрыялы могуць стаць сродкам шантажу і вымагання, а самі падлеткі не заўсёды ўсведамляюць, што за іх распаўсюджванне таксама прадугледжана адказнасць.
Асобную небяспеку ўяўляюць ілжывыя паведамленні пра замініраванне. Па словах старшага пракурора, падлеткі знаходзяць у сацыяльных сетках і месенджарах тэматычныя групы, удзельнікі якіх адпраўляюць паведамленне пра нібыта небяспеку ад імя чалавека, якога выбірае сам непаўналетні. Пры гэтым дзеці могуць памылкова лічыць, што не нясуць адказнасці, калі самі не адпраўляюць ілжывыя звесткі. Аднак такія дзеянні могуць кваліфікавацца як падбухторванне да злачынства.

Яшчэ адна праблема — удзел падлеткаў у інтэрнэт-махлярстве. Жадаючы хутка зарабіць, яны размяшчаюць аб’явы аб продажы адзення, абутку, мабільных тэлефонаў і іншых тавараў на гандлёвых пляцоўках, атрымліваюць грошы ад пакупнікоў, але не выконваюць абавязацельствы. Часам ахвярамі становяцца сябры і знаёмыя.
За дзесяць месяцаў гэтага года колькасць расследаваных і накіраваных у суд крымінальных спраў, па якіх падазраванымі прызнаны непаўналетнія, скарацілася на 14 %, паведаміў старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман БАРДЗЕЕЎ.
— Станоўчая дынаміка назіралася ва ўсіх рэгіёнах краіны, за выключэннем Мінска. Амаль на 15 % зменшылася колькасць непаўналетніх удзельнікаў злачынстваў. Скарацілася і колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі ў групах, у тым ліку арганізаваных, у стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення, а таксама раней судзімымі. Разам з тым амаль на 32 % павялічылася колькасць крадзяжоў, учыненых непаўналетнімі, прычым у 20 з 29 такіх выпадкаў прадметам замаху станавіліся электронныя сістэмы курэння.
Пад знешнім уздзеяннем
Найбольш небяспечным кірункам застаецца спроба ўцягвання моладзі ў экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць. Паводле даных МУС, колькасць злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці знізілася на 21 % — з 66 да 52. У ліку правапарушэнняў, якія ўчыняюцца падлеткамі, — публічныя заклікі да дзеянняў, накіраваных на захоп дзяржаўнай улады, абразы, а таксама распальванне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці.
Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Аляксандр СУХАДОЛЬСКІ звярнуў увагу, што падлеткі асабліва адчувальныя да знешняга ўплыву, імкнуцца знайсці сваё месца ў грамадстве і часам лёгка паддаюцца абяцанням хуткага заробку або адчування ўласнай значнасці.
— Тэрарызм і экстрэмізм не ўзнікаюць раптоўна. Усё можа пачынацца з пэўнай ідэі, паступовага звужэння кругагляду, падзелу свету на слаі, абясцэньвання чалавечага жыцця, — растлумачыў прадстаўнік Следчага камітэта. — Вярбоўка часта адбываецца ў анлайн-фармаце. Праваахоўныя органы зафіксавалі спробы схіліць маладых людзей да падпалаў рэлейных шаф на чыгунцы за грашовае ўзнагароджанне.
У адным з выпадкаў 18-гадовы юнак своечасова распазнаў небяспеку і звярнуўся ў праваахоўныя органы.
Яшчэ адзін прыклад — справа аб экстрэмісцкім фарміраванні ў Мазыры. Як расказаў Аляксандр Сухадольскі, непаўналетнія аб’ядналіся вакол нацысцкай ідэалогіі, займаліся адпаведнай прапагандай, стваралі тэматычныя Telegram-каналы, спрабавалі пашырыць сваю сетку, нападалі на грамадзян. У выніку фігуранты справы атрымалі ад 10 да 13 гадоў пазбаўлення волі.

Не менш небяспечнымі застаюцца прапановы «лёгкай працы», звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Падлеткам абяцаюць высокі заробак, бяспеку і ананімнасць, аднак на практыцы іх могуць затрымаць ужо пасля першай спробы распаўсюджвання забароненых рэчываў. Да таго ж удзел у арганізаванай злачыннай групе можа наступаць не толькі для тых, хто непасрэдна збывае наркотыкі, але і для асоб, якія забяспечваюць яе работу.
Прафілактыка — гэта не толькі забароны
Адказнасць за выхаванне дзяцей і забеспячэнне іх інфармацыйнай бяспекі ляжыць перш за ўсё на бацьках. На што ім варта звяртаць увагу? Сярод магчымых прыкмет уцягвання ў небяспечную дзейнасць — рэзкая змена асяроддзя зносін, з’яўленне новых знаёмых і раздражняльнасць пры пытаннях пра іх, выдаленне перапісак, празмерная скрытнасць, хаванне тэлефона. Насцярожыць таксама могуць страта цікавасці да ранейшых захапленняў, вучобы і спорту, ізаляцыя, змены ў поглядах і стаўленні да закона, чалавечага жыцця і гвалту.
— Бацькам важна не толькі ведаць, з кім дзіця кантактуе ў рэальным жыцці, але і цікавіцца яго зносінамі ў віртуальнай прасторы. Пры гэтым такая ўвага не павінна ператварацца ў татальны кантроль, каб не страціць давер дзіцяці, — папярэдзіў Раман Сідарэнка.
Аляксандр Сухадольскі таксама заклікаў дарослых не ладзіць допытаў, а выбудоўваць з падлеткамі даверлівыя адносіны.
— Прафілактычная работа павінна пачынацца ў сям’і, працягвацца ва ўстановах адукацыі і ахопліваць інфармацыйнае асяроддзе. Важна развіваць у дзяцей крытычнае мысленне і медыяадукаванасць, вучыць іх правяраць інфармацыю, распазнаваць маніпуляцыі і задаваць пытанні: хто распаўсюджвае паведамленне, з якой мэтай і на чым грунтуюцца яго сцвярджэнні?
Пэўныя крокі ў гэтым кірунку на заканадаўчым узроўні ўжо зроблены. Па ініцыятыве Генпракуратуры з 17 студзеня бягучага года дзейнічаюць змены ў Законе «Аб правах дзіцяці», якія прадугледжваюць абавязкі бацькоў абараняць непаўналетніх ад шкоднай інфармацыі. Гэта ўключае тлумачэнне яе небяспекі, кантроль за выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў і прымяненне арганізацыйных і праграмных сродкаў. Дзяржаўныя органы і арганізацыі, у сваю чаргу, павінны аказваць бацькам інфармацыйную і кансультацыйную дапамогу.
Сярод іншых прафілактычных мер — навучанне бяспечным паводзінам у інтэрнэце, распрацоўка спецыяльных дзіцячых тарыфных планаў і SІM-карт, пашырэнне магчымасцяў для карыснай занятасці падлеткаў у вольны ад вучобы час.
— Прафілактыка — гэта не толькі забароны. Неабходна ствараць такое асяроддзе, у якім дэструктыўныя ідэі проста не знойдуць глебы для распаўсюджвання. Калі падлетак адчувае сваю значнасць, бачыць перспектывы і разумее, што ён патрэбны іншым, у яго значна менш падстаў шукаць самарэалізацыю ў небяспечных групах, — падсумаваў Аляксандр Сухадольскі.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ