Слуцкая раённая цэнтральная бібліятэка — адна з багатых на ініцыятывы і навацыі кніжніц Міншчыны. Адзін з самых яркіх сапраўды творчых праектаў установы — «Зоркі Случчыны».
Якую мэту паставілі перад сабою бібліятэкары? Па-першае, гэта мультымедыйны рэсурс, які ўтрымлівае ў сабе інфармацыю пра таленавітых людзей Слуцкага краю: мастакоў, скульптураў, пісьменнікаў, спартсменаў, вучоных і іншых знакамітых землякоў. У рамках праекта арганізоўваюцца віртуальныя выстаўкі, падаецца багаты ілюстрацыйны матэрыял. У бібліятэцы перакананы, што такая работа ў лічбавай прасторы заахвоціць многіх і да жывых сустрэч, да ўдзелу ў розных імпрэзах, прэзентацыях, якія актыўна ладзіць установа.
Інтэрнэт-пляцоўка падштурхоўвае і да правядзення навуковых канферэнцый, рознага кірунку майстар-класаў. У Слуцку жыве шмат цікавых творчых людзей. І ўсе яны — у полі зроку раённай цэнтральнай бібліятэкі.
Ужо сёння сярод удзельнікаў праекта «Зоркі Случчыны» — кіраўнік народнага калектыву майстроў народнай творчасці «Фантазія» Слуцкага гарадскога Дома культуры Ігар Калацкі, які з’яўляецца актыўным майстрам у галіне выцінанкі, сілуэта, трафарэта. Ганарацца на Случчыне кніжным графікам Міхасём Дайлідавым, які загадвае рэдакцыяй мастацкага афармлення выдавецтва «Мастацкая літаратура». Міхась нарадзіўся ў Слуцку, вучыўся ў гарадской СШ № 6. Кніжнаму графіку таксама прысвечаны асобны раздзел праекта «Зоркі Случчыны».
Мікола БЕРЛЕЖ