Top.Mail.Ru
297

Знаёмыя твары ветэранаў. Фотавыстава «Героі Вялікай Перамогі» адкрыецца 7 мая ў Гродна

Фотавыстава «Героі Вялікай Перамогі» адкрыецца 7 мая ў Гродна ў культурным цэнтры «Фестывальны». Выстава, прысвечаная ветэранам — праект заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнай студыі фотамастацтва «Гродна» да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яна складаецца з архіўных фота студыі, зробленых у памятныя даты, паведаміла БелТА.


«Экспазіцыя цалкам прысвечана ветэранам вайны, удзельнікам аперацыі „Баграціён“, тым, хто вызваляў Гродна і Беларусь, ваяваў на розных франтах, — распавёў кіраўнік студыі фотамастацтва Аляксандр Ласмінскі. — Каля ста фатаграфій зробленыя рознымі аўтарамі ў розны час, пачынаючы з 80-х гадоў ХХ стагоддзя»
У экспазіцыі прадстаўлены здымкі вядомых гродзенскіх фатографаў Сяргея Барушкі, Уладзіміра Выдзеркі, Аляксандра Стацэнкі, Марыі Станіславіч, Аляксандра Ласмінскага, Таццяны Маталянец. Усе яны — члены творчага аб’яднання. На фота — асобы ветэранаў у розныя гады на святах Дня Перамогі ў Гродне.

«У пачатку экспазіцыі мы бачым на фота сотні ветэранаў, якія праходзяць па вуліцах Гродна. Потым, з гадамі, іх становіцца ўсё менш. Але іх па-ранейшаму сустракаюць з кветкамі гараджане. Асобы ветэранаў напружаныя, эмацыйныя і непаўторныя: у іх адлюстраванне таго, што перажыта ў гады вайны. Гэтыя фота — гістарычныя сведчанні. З часам да нас перасталі прыязджаць тыя, хто ўдзельнічаў у першых баях за Гродна ў 1941-м, няма ўжо сярод нас і ветэранаў з іншых гарадоў Саюза, якія вызвалялі ад фашыстаў Гродна ў 1944-м і набліжалі доўгачаканы Дзень Перамогі. Але яны жывыя на гэтай выставе», — падзяліўся Аляксандр Ласмінскі
«На сённяшні дзень у Гродна засталося ўсяго 28 ветэранаў вайны, але мы захоўваем памяць аб усіх і, дзякуючы фотахроніцы святаў Перамогі, іх твары заўсёды будуць знаёмыя новым пакаленням беларусаў», — падкрэсліў кіраўнік студыі фотамастацтва «Гродна».
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю