Top.Mail.Ru

Знайсці сваё ў жыцці

Агляд навінак Выдавецкага дома «Звязда»

Час выбірае сваіх

У аснову выдання «Час выбраў» пакладзены праект Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» — «Час выбраў». Аўтары Максім Осіпаў і Вольга Ануфрыева зрабілі аналіз цэнтральнай айчыннай перыёдыкі за 1994–2025 гады і паказалі, як наша краіна, якая знаходзілася над прорвай і даведзеная «дэмакратычнымі пераўтварэннямі» да краю, станавілася атамнай і касмічнай дзяржавай, а разам з тым донарам стабільнасці і міратворчасці. У кнізе можна прасачыць асноўныя вехі станаўлення беларускай дзяржавы, убачыць вызначальную ролю інстытута прэзідэнцтва і ўклад Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў паступальнае развіццё сучаснай Беларусі. 

Знаёмства з музыкай

Кніжка «Вясёлыя ноткі» Святланы Быкавай змяшчае вершы і загадкі музычнай тэматыкі, якія адрасаваны дзецям малодшага школьнага ўзросту. У першым раздзеле аўтар з гумарам ажыўляе ноты, музычныя знакі, з насельнікамі лесу спявае бясконцую лясную песеньку. А ў другой частцы змешчаны рыфмаваныя загадкі. Гэта дазваляе далучыць самых юных чытачоў да спазнання азоў музычнай граматы, пазнаёміць дзетак з музычнымі тэрмінамі, паняццямі, назвамі інструментаў. Непаўторны шарм кніжцы надаюць ілюстрацыі мастака Валянціны Макаранка. Выданне будзе цікавым і карысным як для чытання ў сямейным коле, так і на школьных занятках.

Досвед у шаснаццаць

Новая кніга Ганны Літаш «Шаснаццаць» адрасавана найперш моладзі, але і дарослым будзе цікава і карысна яе прачытаць. Раман, які ўбачыў свет у серыі «Падлеткавы ўзрост», дае падставу разважаць пра многае. Распачынаецца гісторыя з таго, як галоўная гераіня Алена Сінічкіна пераязджае з сям’ёй у сталіцу, ідзе ў новую школу. І якраз там трапляе нібы ў іншае вымярэнне, дзе яе аднагодкі жывуць па сваіх правілах і кожны пражывае ўласную трагедыю пераходу ў дарослае жыццё. Назіраеш за тым, як дзяўчына з інтэлігентнай сям’і выбудоўвае стасункі з новым асяроддзем, спрабуе адстойваць сябе і трымацца тых ідэалаў, у якія верыла раней, і ўзнікае шмат пытанняў... 

Дынамічны аповед, дзе ёсць і жывая мова, і псіхалогія, і жыццёвы драматызм робяць гэты твор па-сапраўднаму вартым увагі шырокага кола чытачоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю