Top.Mail.Ru

Знесеныя дахі і абарваныя правады. Мінская вобласць ліквідуе наступствы ўдару стыхіі

У Мінскай вобласці ліквідуюць наступствы праходжання начнога навальнічнага фронту, перадае БелТА.



Паводле аператыўных даных Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, зафіксавана 37 выпадкаў падзенняў дрэў у 8 раёнах вобласці: Вілейскім, Валожынскім, Любанскім, Мінскім, Маладзечанскім, Нясвіжскім, Пухавіцкім і Уздзенскім. Каля дзвюх гадзін ночы з прычыны праходжання навальнічнага фронту ў Вілейскім раёне паблізу в. Кобузі, дзе размешчана база адпачынку «Кемпінг Рыбчына», упала дрэва. У выніку пацярпела дзіця 2018 года нараджэння. Хлопчык быў агледжаны медыкамі, яго здароўю нічога не пагражае.

Паваленым дрэвам у Маладзечне пашкоджаны адзін легкавы аўтамабіль.

Паводле звестак на 8.30 7 жніўня, пашкоджаныя дахі 12 жылых дамоў у Вілейскім і Маладзечанскім раёнах, а таксама тры пабудовы гаспрызначэння ў 16 населеных пунктах.

Для ліквідацыі наступстваў разгулу стыхіі ў РУП «Мінскэнерга» мабілізаваныя ўсе сілы. Аператыўныя брыгады працуюць без перапынкаў, каб аднавіць электразабеспячэнне ў самыя кароткія тэрміны. «У аварыйна-аднаўленчых работах задзейнічана больш за 60 брыгад (196 чалавек) і 84 адзінкі спецтэхнікі, а таксама 5 перасоўных дызельных электрастанцый. Парушэнні электразабеспячэння зафіксаваныя ў 288 населеных пунктах і на 32 фермах, адключаныя 799 трансфарматарных падстанцый, вядуцца работы на 50 лініях 6-10 кВ і на адной лініі 35 кВ», — расказалі ў «Мінскэнерга».

У цяперашні час у Вілейскім райвыканкаме праходзіць пасяджэнне штаба па НС пад кіраўніцтвам старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі. «Самае галоўнае — жыццё і здароўе людзей. Пры гэтым важна таксама захаваць маёмасць грамадзян, дапамагчы там, дзе неабходна. А для гэтага трэба валодаць рэальнай абстаноўкай. Райвыканкамам, абласному Савету дэпутатаў, раённаму Савету дэпутатаў даручэнне — прайсці кожнае домаўладанне. Мы павінны валодаць рэальнай карцінай, максімальна набліжанай да рэальнасці, і дапамагаць аднаўленню дамоў і маёмасці грамадзян», — адзначыў кіраўнік вобласці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю