Top.Mail.Ru
193

Зніжэнне аварыйнасці і справядлівы падыход пры разглядзе парушэнняў ПДР

У Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС абмеркавалі меры, якія прымаюцца органамі ўнутраных спраў у сферы забеспячэння бяспекі дарожнага руху, папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў і зніжэння цяжкасці іх наступстваў.



Бяспека дарожнага руху — у прыярытэце

Як звярнуў увагу міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ, органамі ўнутраных спраў у цесным узаемадзеянні з зацікаўленымі праведзена вялікая работа па ўдасканаленні арганізацыі дарожнага руху і павышэнні культуры паводзінаў на дарогах. «Аналіз стану аварыйнасці за апошнія гады сведчыць аб тым, што сітуацыя ў цэлым нам падкантрольная, — канстатаваў ён. — Разам з тым фактычна з пачатку 2025-га сфарміравалася трывожная тэндэнцыя. Нягледзячы на зніжэнне агульнай колькасці ДТЗ і параненых у іх грамадзян, адзначаецца рост колькасці загінулых».

Пік смяротнасці на дарогах прыпаў на чэрвень. Аператыўна прынятыя меры дазволілі крыху стабілізаваць сітуацыю, але яна застаецца складанай.

Па словах кіраўніка міліцэйскага ведамства, абвастрылася праблема з дзіцячым дарожна-транспартным траўматызмам. «Неабходна дэталёва ўнікаць у прычыны кожнага такога здарэння, — паставіў задачу ён. — Імі з’яўляюцца як безадказныя адносіны дарослых, так і няўважлівасць саміх непаўналетніх».

Іван Кубракоў раскрытыкаваў работу ДАІ і запатрабаваў карэкціроўкі арганізацыі службовай дзейнасці ў рэгіёнах. Для бяспекі дарожнага руху міністр заклікаў больш актыўна ўводзіць навацыі, у тым ліку сучасныя інжынерныя рашэнні. Акрамя таго, кіраўнік МУС даў даручэнне арганізаваць рэгулярную зваротную сувязь у выглядзе чат-бота, каб грамадзяне маглі дзяліцца інфармацыяй па розных напрамках, у тым ліку па лініі ДАІ.

5206240935829178931.jpg

У аснове — прафілактыка 

Міністр унутраных спраў нацэліў падначаленых на ўзмацненне прафілактычнага складніку работы. Для гэтага, па яго словах, ёсць шырокі спектр магчымасцяў — ад тлумачальнай працы да адміністрацыйных рычагоў уздзеяння.

Актуальнай з’яўляецца тэма аварыйнасці з удзелам вадзіцеляў мотатранспарту і пешаходаў. Асноўнай прычынай ДТЗ застаецца нізкая дысцыпліна асобных удзельнікаў дарожнага руху.

«Яшчэ раз звяртаю ўвагу на неабходнасць выяўлення грубых парушэнняў Правіл дарожнага руху і прыняцце самых жорсткіх мер рэагавання да вінаватых, — падкрэсліў Іван Кубракоў. — Ніводны факт не павінен застацца без увагі і ўсебаковай адзнакі».

Міністр акцэнтаваў увагу на прынцыповым і справядлівым падыходзе пры разглядзе парушэнняў ПДР. Там, дзе дробнае парушэнне і ёсць змякчальныя акалічнасці — ісці насустрач чалавеку. Але пры наяўнасці грубых і шматлікіх парушэнняў — патуранняў і мінімальных штрафаў для «блатных» быць не павінна! Асабліва гэта датычыцца рэгіёнаў. Кіраўнік ведамства даў даручэнне перагледзець вынесеныя такія рашэнні ў бок узмацнення жорсткасці.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар РОТЧАНКАЎ далажыў аб актыўным выкарыстанні Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Ён праінфармаваў, што ў бягучым годзе супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі з дапамогай гэтай сістэмы выяўлена больш як 16 тысяч правапарушэнняў. З іх амаль 3 тысячы — гэта факты ўдзелу ў дарожным руху асоб, якія не маюць права кіравання. У бліжэйшай перспектыве — апрацоўка зафіксаваных у аўтаматычным рэжыме выпадкаў невыканання патрабаванняў сігналаў святлафораў.

Не страціла актуальнасці праблема кіравання транспартам у стане ап’янення. Нягледзячы на зніжэнне асноўных паказчыкаў аварыйнасці, на жаль, у такіх ДТЗ працягваюць гінуць людзі. Асабовы склад падраздзяленняў арыентаваны на прыярытэтнае выяўленне гэтай катэгорыі вадзіцеляў.

Міністр падзякаваў супрацоўнікам міліцыі за работу і акцэнтаваў увагу кіраўнікоў на карпаратыўнасці, важнасці прымянення індывідуальнага падыходу да кожнага падпарадкаванага і клопату аб сем’ях калег. Пасля ўсебаковага абмеркавання пытання парадку дня і прыняцця рашэння адбылася цырымонія ўзнагароджання супрацоўнікаў і ўручэння пагонаў чарговых спецыяльных званняў.

5208863442860111728.jpg

Вераніка КАНЮТА,

Фота прэс-службы МУС.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю