Лічбы і факты пацвярджаюць: па большасці ключавых пунктаў пагаднення адзначаецца станоўчая дынаміка.
Так, цэнтральны паказчык — узровень даходаў насельніцтва, які акумулюе даныя і па заработнай плаце, і па пенсіях, і па дапамогах. Тут, як падкрэслілі ў нацыянальным прафцэнтры, адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя да росту. Прычым размова ідзе аб рэальных даходах насельніцтва — гэта значыць ужо за вылікам інфляцыі. Пры прагнозе росту на 4 % рэальныя наяўныя даходы насельніцтва выраслі больш як на 10 %.
Пры гэтым трэба адзначыць, што, напрыклад, заработная плата расце не толькі ў звыкла высокапрыбытковых галінах, але і ў бюджэтным сектары. Гэтаму садзейнічала ў тым ліку павелічэнне бюджэтнага фінансавання адукацыі і навукі, сацыяльнага забеспячэння, культуры і спорту. У выніку ва ўсіх абласцях (акрамя сталіцы і Мінскай вобласці) заработная плата ў бюджэтным сектары складае больш як 80 % ад сярэдняй — менавіта такія суадносіны замацаваны ў Генпагадненні.
Яшчэ адно са значных пытанняў — колькасць занятых у эканоміцы. Тут таксама ёсць пэўны прагрэс, у тым ліку павялічылася колькасць работнікаў буйных і сярэдніх прадпрыемстваў.
Што да ўзроўню беспрацоўя, то гэты параметр, разлічаны па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, у I паўгоддзі 2025 года склаў усяго 2,7 % ад колькасці працоўнай сілы.
Выкананы і ўсе абавязацельствы па забеспячэнні сацыяльнай падтрымкі людзей. Напрыклад, двойчы за названы перыяд праводзіўся пераразлік дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. У выніку сярэднямесячны памер дапамогі па доглядзе першага дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 18,8 %. Са жніўня — чарговая прыбаўка і яго памер у абсалютных лічбах склаў ужо 931 рубель 91 капейку.
Аналізуючы выкананне норм Генпагаднення, прафсаюзы таксама падкрэслілі неабходнасць асаблівай увагі і далейшай сумеснай работы з сацыяльнымі партнёрамі па такіх пытаннях, як забеспячэнне эфектыўнай і поўнай занятасці, недапушчэнне выпадкаў несвоечасовага разліку з работнікамі.
Алена КРАВЕЦ