У Беларусі 30 ліпеня аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі — чакаюцца моцныя дажджы і навальніцы. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У сераду будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, на захадзе моцныя дажджы, ноччу ў асобных раёнах чакаюцца вельмі моцныя дажджы. У многіх раёнах магчымы навальніцы, месцамі пры навальніцах моцныя залевы. Вецер прагназуецца пераменных напрамкаў 4-9 м/с, месцамі з парывамі да 14 м/с, пры навальніцах у асобных раёнах чакаецца шквалістае ўзмацненне 15-20 м/с.
Тэмпература паветра ўначы складзе 14-20 °С цяпла. Днём будзе 17-23 °С вышэй за нуль, па паўночна-ўсходняй палове — плюс 24-29 °С.