Top.Mail.Ru

Зноў цёпленька, а месцамі нават горача

Сёлета летняе надвор’е ў Беларусі нагадвае арэлі, калі раніцай нават холадна, а ў другой палове дня на вуліцы, як у парылцы. Вось і на гэтым тыдні да нас ідзе чарговая ўпэўненая хваля цяпла.


Як паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, ужо з аўторка да нас рухаецца цёплая няўстойлівая паветраная маса. Далей — 15 і 16 ліпеня — умовы надвор’я ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі ў дзённыя гадзіны 15 ліпеня па захадзе, а 16 ліпеня па паўночным усходзе краіны адаб’ецца ўплыў няўстойлівых паветраных мас. Чакаецца пераменная воблачнасць.

У сераду пераважна без ападкаў, толькі днём месцамі па захадзе Беларусі пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах будзе згушчацца слабы туман. Вецер паўночнай чвэрці ўмераны, днём пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы — ад плюс 12 да 18 °C, а максімальная днём — 24–30 °C вышэй за нуль.

У чацвер будзе нават цяплей, калі нестабільная порцыя надвор’я перамесціцца ва ўсходнюю палову краіны. У гэты дзень чакаецца пераважна без ападкаў, толькі днём месцамі па паўночным усходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўночнай чвэрці ўмераны, днём пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы — ад плюс 12 да 18 °С. Днём цалкам камфортна для ліпеня, калі максімальная тэмпература будзе дасягаць 24–31 °С вышэй за нуль.

МНС папярэджвае 

Спецыялісты МНС папярэдзілі аб фактарах небяспекі падчас навальніц. У такое надвор’е магчымы пашкоджанні (абрывы) ліній сувязі і электраперадачы, адключэнне электрычных падстанцый, электраэнергіі ў населеных пунктах. Павышаецца верагоднасць узнікнення лясных пажараў, а таксама пажараў у жылых і вытворчых будынках. Можа адбыцца зніжэнне бачнасці, запаволенне руху транспарту, павялічваецца верагоднасць аварый на дарогах. Магчыма падтапленне асобных дамоў, гаспадарчых пабудоў, агародаў, сельгасугоддзяў, аўтадарог мясцовага значэння.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю