Top.Mail.Ru

«Золата» біятланістаў у Раўбічах і ўпэўненасць Сабаленкі ў Мельбурне


У Раўбічах завяршыўся этап Кубка Садружнасці па біятлоне

У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» завяршыўся чацвёрты этап Кубка Садружнасці па біятлоне. Беларускія спартсмены выйгралі чатыры медалі: два залатыя, сярэбраны і бронзавы.

Трыумфатарам дамашняга турніру стаў Антон Смольскі. Лідар «каманды чараўнікоў» стаў бронзавым прызёрам у спрынце, а таксама перамог у гонцы праследавання і разам з Дынарай Смольскай, Ганнай Сола і Сцяпанам Данілавым у выдатным стылі выйграў у змешанай эстафеце.

Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, віншуючы беларускіх біятланістаў, «спаборніцтвы ў „Раўбічах“ не ўступаюць, а ў некаторых момантах і пераўзыходзяць этапы Кубка свету». У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы назваў перамогу нашай чацвёркі ў эстафеце цудоўнай, яе чакалі беларускія балельшчыкі: «І вы яе нам падарылі. Выйгралі ўпэўнена, ярка, па-чэмпіёнску».

— Выходзіла змагацца, з першых метраў пайшла на ўсе сто працэнтаў, не шкадуючы сябе. Вельмі шчаслівая, што атрымалася зладзіцца ўсёй камандзе, — падзялілася эмоцыямі пасля гонкі Ганна Сола. — Дзякуй усім, хто перажываў і падтрымліваў нас!

— У змешанай эстафеце кожны зрабіў усё, што змог. Гэта датычыцца не толькі спартсменаў — усёй нашай каманды: 

сэрвіс-брыгады, медыцынскага персаналу, трэнерскага штаба — усе, хто дапамагае нам дасягаць выніку, адпрацавалі на сто працэнтаў, — падвёў вынікі змешанай гонкі Антон Смольскі.

Паразважаў ён і аб выніках усёй нашай каманды на хатнім этапе Кубка Садружнасці:

— Біятлон — непрадказальны від спорту. Штораз, выходзячы на старт, я не ведаю, якога выніку чакаць. Складана было спрагназаваць і цяпер. Усе выкладваліся па поўнай. Безумоўна, заўсёды хочацца большага. Калі прааналізаваць увесь этап, кожны спартсмен скажа, што недзе чагосьці не хапіла, над чымсьці трэба папрацаваць. Тым не менш яшчэ толькі сярэдзіна сезона. Наперадзе шмат цікавых і важных стартаў.

Пяты этап Кубка Садружнасці адбудзецца з 11 да 15 лютага ў Сочы.

Сабаленка — у чвэрцьфінале адкрытага чэмпіянату Аўстраліі

Беларуска Арына Сабаленка выйграла чацвёрты паядынак на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе ў Мельбурне.

У нядзелю ў 1/8 фіналу першая ракетка планеты перамагла канадку Вікторыю Мбока, якая займае 16-е месца ў сусветным рэйтынгу, — 6:1, 7:6 (7:1). Паядынак доўжыўся 1 гадзіну 27 хвілін. У чвэрцьфінале беларуска будзе сапернічаць з амерыканскай тэнісісткай Івай Йовіч (27-ы нумар рэйтынга WTA).

Нагадаем, у першым раундзе Арына Сабаленка перамагла ў дзвюх партыях прадстаўніцу Францыі Цьянцоа Ракатаманга (118) — 6:4, 6:1, затым упэўнена перайграла кітайскую тэнісістку Чжу Сян Бай (702) — 6:3, 6:1, а ў 1/16 фіналу адолела прадстаўніцу Аўстраліі Анастасію Патапаву (55) — 7:6 (7:4), 7:6 (9:7).

Арына Сабаленка двойчы запар выігрывала Australіan Open (2023, 2024), а летась саступіла ў фінальным пая-

дынку амерыканцы Мэдысан Кіз, якая ўжо сёлета не змагла абараніць гэты тытул, саступіўшы ў 1/8 фіналу сваёй суайчынніцы Джэсіцы Пегула.

Турнір на кортах «Мельбурн Парка» завершыцца 1 лютага.

Таксама стала вядома, што Сабаленка можа адмовіцца ад удзелу ў турнірах у Доха (Катар) і Дубаі (ААЭ), якія пройдуць 8–14 і 15–21 лютага адпаведна. Аб гэтым заявіў трэнер тэнісісткі Антон Дуброў:

— У мінулым годзе мы не гулялі два «тысячнікі» і тры «пяцісоткі». Сутнасць у тым, што калі ты добра гуляеш вялікія турніры, то няма неабходнасці гуляць усё запар. Ты проста эмацыянальна не будзеш гатовы. Азіраючыся назад, я разумею, што, магчыма, яшчэ нейкія турніры трэба было прапусціць. Напрыклад, каб падысці больш свежымі да Уімблдона, каб Арыне хапіла часу для аднаўлення. Таму пакуль думаем, ці будзем гуляць Дубай і Доху.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю