Top.Mail.Ru

Зорка балета і сусветнага кіно Алег Івенка выступіць у Мінску у гонар юбілею альма-матэр

Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж адзначае сёлета 80-годдзе

Cправаздачны канцэрт, які адбудзецца на сцэне Вялікага тэатра Беларусі 31 мая, будзе асабліва ўрачыстым і цікавым. Асабліва з улікам таго, што касцяк трупы балета Вялікага складаюць менавіта выпускнікі гэтай навучальная установы. Адметна і тое, што навучэнцы гімназіі-каледжа пачынаюць знаёміцца са сцэнай Вялікага тэатра з ранніх гадоў — удзельнічаюць у шмат якіх спектаклях. Таму падчас святочнага канцэрту пабачым і першых, і другіх. Але будуць яшчэ ганаровыя госці — выпускнікі навучальнай установы, якія зрабілі кар’еру за межамі Беларусі. 

Дарагі госць — Алега Івенка, зорны выпускнік беларускай харэаграфічнай школы, які стаў прэм’ерам Казанскага тэатра оперы і балета, заслужаным артыстам Татарстана. А больш шырокай публіцы ён вядомы па выкананні роляў артыстаў балета ў сусветных кінапраектах (між іншым, увасобіў Рудольфа Нурэева ў стужцы, якая была прысвечана танцоўшчыку). Ён выканае Гран-па з балета «Дон Кіхот» Людвіга Мінкуса, але ў гэтым жа эпізодзе разам з ім на сцэну выйдуць навучэнцы ІІІ курса гімназіі-каледжа Настасся Ярмаш, Лізавета Прывальчук, Марыта Шыбанава, Аліса Абрамовіч, Арцемій Астрамецкі, Арсень Перапечка, Аляксандр Дзявяткін. 

Выступіць на юбілеі гімназіі-каледжа і Эван Капітэн, якога беларускія гледачы не так даўно называлі «наш француз». Ён скончыў БДХГК і сем гадоў працаваў у Мінску, а цяпер з’яўляецца першым салістам славутага Марыінскага тэатра, акрамя таго ў 2024 годзе стаў пераможцам конкурсу «Вялікі балет» на тэлеканале «Расія-Культура». Але сувязі з Мінскам не страціў і прыязджае сюды ўжо як запрошаная зорка. Яго пабачым у другім аддзяленні канцэрта, якое прысвечана класічным Па-дэ-дэ, разам з Нікай Скрабковай, якая мае званне лаўрэата міжнародных конкурсаў, пры тым, што толькі заканчвае вучобу ў гімназіі-каледжы. 

Гэта асаблівасць навучальнай установы: яе выхаванцы рана пачынаюць кар’еру і імкнуцца шліфаваць майстэрства, гледзячы на сваіх старэйшых таварышаў, якія ўжо сталі салістамі Вялікага тэатра Беларусі. Было б дзіўна, каб яны не паказалі сябе ў гэтай праграме. Таму чакаем саліста тэатра Уладзіміра Руду ў пары Настассяй Ярмаш (у Адажыа з балета «Спартак»). А вядучы майстар сцэны Дзяніс Шпак выканае Пад’аксьён з балета «Баядэрка» разам з сёлетняй выпускніцай Ксеніяй Меляшчук і іншымі артыстамі тэатра, якія таксама скончылі БДХГК. Адметна, што і ў іншых тэатрах Беларусі сёння працуюць выпускнікі навучальнай установы. Напрыклад, у Па-дэ-дэ з балета «Жызэль» разам з трэццякурсніцай Ганнай Гурыновіч пабачым вядучага саліста Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Івана Шаткоўскага. Будуць і адметныя ўрыўкі, увасобленыя выключна сёлетнімі выпускнікамі. Так Па-дэ-дэ з балета «Венецыянскі карнавал» выканаюць Лізавета Прывальчук і Арцемій Астрамецкі. А ў фрагменце з балета «Гаянэ» Арама Хачатурана пабачым сёлетнюю выпускніцу Любоў Абухоўскую, навучэнца другога курса Рамана Кірыленку і першакурсніка Андрэя Каверзнікава. Гран-па з балета «Пахіта» Мінкуса выканаюць трэццякурснікі Дар’я Гайван, Антон Філіповіч і іншыя выпускнікі і нават першакурснікі. 

Але найбольш цікавым (з пункту гледжання творчых сіл, якія акумулюе вакол сябе Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж у цяперашні час) будзе першае аддзяленне. Таму што гэта асобны спектакль «Выпускны баль» на музыку Іагана Штрауса (малодшага). Харэаграфія Давіда Лішына ў рэдакцыі заслужаных артыстаў Беларусі Марыны Вежнавец і Юрыя Кавалёва, салістаў Вялікага тэатра Беларусі, якія з’яўляюцца яшчэ і педагогамі. Ажыццявілі яны яе дзякуючы вялікім сілам навучэнцаў — пачынаючы ад пятага класа гімназіі да сёлетніх выпускнікоў. Тут суквецце дзяўчат-выканаўцаў розных партый: Марыта Шыбанава, Настасся Ярмаш, Любоў Ярковіч, Лізавета Прывальчук, Ангеліна Барысава, Ганна Ямаціна. Таксама Антон Філіповіч у ролі малодшага кадэта, яшчэ аднаму сёлетняму выпускніку, лаўрэату міжнародных конкурсаў Фёдару Міхаленку даверылі танцаваць генерала. Пакуль яшчэ яны навучэнцы, але пару месяцаў — і частка з гэтых маладых артыстаў будзе жыць самастойным творчым жыццём, папоўніць трупы тэатраў Беларусі. А калі ты бачыў іх напачатку кар’еры, то больш цікава пасля назіраць за тым, як яна будзе разгортвацца, як яны будуць творча расці. Упэўненасць у тым, што мы іх пабачым яшчэ не раз і пачуем пра поспехі нашага балета, ёсць. 

Гэта разумеюць і тыя, хто меў дачыненне да стварэння праграмы ўрачыстага канцэрта да юбілею навучальнай установы. Між іншым, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб, таксама выпускнік БДХГК і разумее яе ўнікальнасць, айчынная харэаграфічная школа мае даволі высокі статус. Нездарма яна прыцягальная не толькі для жыхароў Беларусі, бо вучацца тут прадстаўнікі блізкага і далёкага замежжа. За 80 гадоў існавання назапашаны багаты досвед. Адметна і тое, што афіцыйна (бо падрыхтоўка вялася і раней) харэаграфічнае вучылішча ў Беларусі адкрылася ў 1945 годзе, адразу пасля Перамогі. Рэспубліка, якая толькі ачуняла пасля акупацыі, дбала пра мастацтва, пра прыгажосць, імкнулася жыць і квітнець.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю