Top.Mail.Ru

Зрабіць так, як хоча жанчына. Лукашэнка паабяцаў максімальна спрасціць доступ да ЭКА

У Беларусі плануецца максімальна спрасціць доступ да працэдуры экстракарпаральнага апладнення. Новаўвядзенні ў сферы рэпрадуктыўных тэхналогій будуць адлюстраваны ў праекце адпаведнага ўказа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 сакавіка, адказваючы на ​​пытанні журналістаў, паведаміла  БелТА.



Кіраўнік дзяржавы, перад тым як паразмаўляць з журналістамі, заслухаў даклад аб праекце ўказа «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення».

Прэзідэнт растлумачыў, што дакумент рыхтаваўся па яго даручэнні. Прычынай стаў зварот да кіраўніка дзяржавы адной жанчыны, якая расказала аб існуючых у Беларусі цяжкасцях і абмежаваннях пры правядзенні ЭКА, у тым ліку ў параўнанні з іншымі краінамі. І тым самым падштурхнула кіраўніка дзяржавы да таго, каб дадаткова ўрэгуляваць гэту сферу, зыходзячы з пажаданняў і патрэбнасцей жанчын. У тым ліку — устараніўшы непатрэбныя абмежаванні.

«Я ўсё гэта прадумаў і даручыў ураду, міністру аховы здароўя, Пяткевіч (віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч. — Заўвага БелТА): «Вазьміце (у работу. — Заўвага БелТА). Канцэпцыя такая: жанчына — галоўнае. Як яна скажа, так павінна і быць. Праблемы — іх трэба вырашыць так, як яна хоча», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вось як жанчына захоча, так трэба і зрабіць. Лібералізаваць гэта ўсё пад жанчыну. Гэта галоўная канцэпцыя. І будзем з гэтага зыходзіць».



Напрыклад, у тым, што датычыцца правядзення ЭКА за кошт асабістых сродкаў, Прэзідэнт выступае за максімальнае зняцце абмежаванняў: «Не трэба забараняць нічога».

Па правядзенні ЭКА за кошт дзяржавы плануецца ўвесці шэраг дадатковых магчымасцей. У прыватнасці, дазволіць дзве бясплатныя спробы ЭКА — і не толькі замужнім, але і адзінокім жанчынам. Павялічыць узрост для другой спробы да 49 гадоў. Галоўнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі — арыентавацца ў першую чаргу на пажаданні жанчын і, зразумела, медыцынскія паказанні.

Як і раней, займацца рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі і ЭКА змогуць па тры прыватныя і дзяржаўныя цэнтры. Прычым у апошніх, як падкрэсліў Прэзідэнт, узровень аказання медпаслуг вельмі высокі. І толькі туды жанчыны могуць звяртацца для правядзення бясплатнага ЭКА.

«Калісьці я запатрабаваў, каб мы па гэтых тэхналогіях выйшлі на сусветны ўзровень. Сёння РНПЦ «Маці і дзіця» і іншыя (усяго — тры дзяржаўныя цэнтры. — Заўв. БелТА) — вышэйшыя за сусветны ўзровень. Жанчыны з задавальненнем туды ідуць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што новаўвядзенні не запатрабуюць дадатковых затрат з бюджэту, а будуць прафінансаваны з фондаў Прэзідэнта. Ацэначная сума, якая спатрэбіцца, — 6 млн рублёў. «Я жаночы Прэзідэнт, і Год жанчыны... Шэсць мільёнаў мы знойдзем, падорым, — сказаў ён. — Гэта значыць, мы з бюджэту гэтыя грошы не возьмем».


Па выніках праведзенага абмеркавання Прэзідэнт даручыў адказным службовым асобам дапрацаваць праект указа разам з Беларускім саюзам жанчын, каб пачуць меркаванні па гэтым пытанні не толькі ад медыкаў. «Аддайце ў саюз жанчын праект указа. Прэзідэнцкая «партыя», яна пракантралюе, каб жанчыны паглядзелі, параіліся са сваімі і — мне на стол», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, абазначыўшы гатоўнасць у будучым дапрацоўваць дакумент па меры неабходнасці. «Усяго не прадугледзіш. З’явяцца нейкія моманты, мы заўсёды знойдзем магчымасць падтрымаць жанчыну, калі раптам недзе нешта не так, не атрымалася», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дадатковыя магчымасці па правядзенні ЭКА не звязаны з імкненнем дзяржавы вырашыць дэмаграфічныя праблемы. За чатыры гады ў Беларусі дзякуючы гэтым рэпрадуктыўным тэхналогіям нарадзілася 2528 дзяцей, і гэтага, вядома, недастаткова для значнага павышэння нараджальнасці ў маштабах усёй дзяржавы. «Яны дэмаграфічную праблему не вырашаць. Гэта падарунак той жанчыне, якая атрымала права быць маці», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

З боку дзяржавы, паводле яго слоў, прынята мноства іншых мер падтрымкі маці, сем’яў з дзецьмі, для стымулявання нараджальнасці, у іх ліку — прадастаўленне працяглага, на тры гады, водпуску па доглядзе дзіцяці, выплаты розных дапамог і мацярынскага капіталу. «Дзе мы толькі дзяцей не падтрымліваем. Ужо цэлы ліст. Можна было б і больш, але гэта ж нечыя грошы (трэба было б забраць з адной сферы і перанакіраваць у іншую. — Заўв БелТА). Баюся, каб бацькі наогул не адышлі ад выхавання дзяцей: нарадзілі і «Лукашэнка, ты глядзі яго». Я гавару: трэці мой», — з доляй гумару адзначыў Прэзідэнт.

У Мінфіне расказалі аб праграмах дзяржайнай падтрымкі семʼяй, якія плануюць ЭКА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю