Top.Mail.Ru

ЗША гатовыя даць фінансавую дапамогу краінам Персідскага заліва: што гэта — падтрымка саюзнікаў або ўзмацненне эканамічнай прысутнасці ў рэгіёне?

Толькі грошы, нічога мірнага

Краіны Персідскага заліва імкнуліся трымаць нейтралітэт у канфлікце на Блізкім Усходзе. Аднак з-за збояў у лагістыцы іх эканомікі церпяць сур’ёзныя выдаткі. Даходы ўпалі не толькі ад зніжэння адгрузак нафты, газы, азотных угнаенняў, алюмінію і іншай прадукцыі, якой дзяржавы рэгіёна шчодра забяспечвалі глабальную эканоміку. Закрыццё неба і іншыя рызыкі калі не абмежавалі, то да мінімуму знізілі турыстычны паток. Значэнне блізкаўсходняга транспартнага хаба для сусветных авіяперавозак не знізілася, але маршрут стаў больш цяжкі. Масавых уцёкаў фінансавых інвестараў з рэгіёна не назіраецца, але павышэнне ўзроўню пагроз зніжае прывабнасць такой лакацыі. На гэтым фоне Вашынгтон гатовы аказаць фінансавую падтрымку сваім партнёрам, хоць лепшай для іх дапамогай было б вырашэнне канфлікту. Аднак пакуль Вашынгтон гатовы даць выключна грошы. Ці не будзе такая дапамога спробай аднаўлення эканамічнага ўплыву ў рэгіёне?!

У сваім інтэрв’ю CNBC кіраўнік Нацыянальнага эканамічнага савета ЗША Кевін Хасэт заявіў, што ЗША гатовыя аказаць фінансавую падтрымку Аб’яднаным Арабскім Эміратам. Праўда, па яго ацэнцы, адкрыццё валютнай своп-лініі не спатрэбіцца. Валютная своп-лінія — дамоўленасць паміж двума цэнтральнымі банкамі, па якой яны абменьваюцца нацыянальнымі валютамі на пэўную суму і тэрмін. Да такіх здзелак звяртаюцца, каб забяспечыць банкі і рынак ліквіднасцю ў патрэбнай валюце, падтрымаць разлікі ў знешнім гандлі, фінансавых абавязацельствах.

У прынцыпе, самі па сабе здзелкі своп з’яўляюцца досыць распаўсюджаным інструментам падтрымання фінансавай стабільнасці. І досыць часта практыкуюцца паміж саюзнікамі, асабліва калі паміж імі вядзецца актыўны гандаль. Іншае пытанне, што падобная фінансавая падтрымка не выключае ўзмацненне пазіцый адной дзяржавы ў эканоміцы іншай. І такое развіццё падзей магчыма ў выпадку з узаемадзеяннем Абу-Дабі і Вашынгтона.

Амерыканцам далёка не заўсёды ўдаецца зарабіць на войнах. Варта згадаць затратныя авантуры ў В’етнаме, Іраку, Афганістане без значнага выніку. Але ў цэлым міжнародныя канфлікты для манетызацыі ў Штатах умеюць выдатна выкарыстоўваць і для дасягнення стратэгічных мэт. Адна з іх, што не выклікае сумневу, узмацненне свайго ўплыву на Блізкім Усходзе наогул і ў Персідскім заліве — у прыватнасці. Пра гэта сведчаць і прамыя заявы амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа, што яго цікавіць нафта. Не толькі амерыканская, але ўся, якая знаходзіцца на зямным шары. Акрамя таго, не варта скідваць з рахункаў і ідэалогію MAGA (Make Amerіca grate agaіn) — зробім Амерыку зноў вялікай. Яна канцэптуальна сыходзіць у пазіцыі ЗША ў 50–60-я гады, калі амерыканскія кампаніі кантралявалі глабальны сыравінны сектар, сілкавалі родную эканоміку таннымі рэсурсамі. У першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны Штаты шчыльна кантралявалі эканоміку манархій Персідскага заліва. У 70-х, пасля хвалі нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, гэты ўплыў знізіўся, але не знік цалкам. Аднак з кожным дзесяцігоддзем ён памяншаўся. Спачатку з’явіўся нафтавы картэль АПЕК, які спрабаваў уплываць на сусветны кошт, і ў пэўнай ступені ў яго гэта атрымлівалася. У 2016 годзе арганізацыя яшчэ больш узмацнілася праз фармат АПЕК+: далучыліся такія буйныя экспарцёры вуглевадародаў, як Расія, Казахстан, Азербайджан, Бахрэйн, Бруней, Бразілія, Малайзія, Мексіка, Аман, Судан і Паўднёвы Судан.

Фактычна, за апошнія гады ўплыў ЗША ў рэгіёне ўсё больш абмяжоўваўся ваенным супрацоўніцтвам і ў сферы бяспекі. У эканамічнай сферы дзяржавы заліва праводзілі цалкам самастойную палітыку. У гэтым дзесяцігоддзі ў Эр-Рыяд і Абу-Дабі неаднаразова ездзілі амерыканскія эмісары з просьбай павялічыць здабычу нафты, каб знізіць яе каціроўкі на сусветным рынку. Але поспехам гэтыя дыпламатычныя місіі не заканчваліся. Саудаўская Аравія і ААЭ прытрымліваліся стратэгіі, выпрацаванай у рамках АПЕК+, і выконвалі свае абавязацельствы. Акрамя таго, так званы глабальны Поўдзень стаў адыгрываць усё большую ролю ў глабальных фінансах, адцягваючы капіталы з заходніх рынкаў. А ў 2024 годзе ААЭ яшчэ і ўступілі ў БРІКС. На самітах гэтай арганізацыі абмяркоўвалася, хоць і без дэталёвай канкрэтыкі, неабходнасць рэфармавання сусветнай валютна-аплатнай сістэмы. Дональд Трамп рэагаваў досыць эмацыянальна, пагражаючы ўсімі магчымымі і немагчымымі карамі за адмову ад долара ў міжнародным гандлі. Аднак прэцэдэнты кантрактаў у нацыянальных валютах ёсць і становяцца ўсё больш распаўсюджаныя, што не можа не хваляваць амерыканцаў.

Такім чынам, за абяцаннем фінансавай падтрымкі ААЭ можа хавацца стратэгія ўзмацнення эканамічнага ўплыву Вашынгтона. Прынамсі, любыя даўгі, намінаваныя ў доларах, так ці інакш, але прывязваюць крэдытора да гэтай валюты. Праўда, ці захоча Абу-Дабі скарыстацца гэтай магчымасцю? Вядома, скарачэнне паставак энерганосьбітаў на сусветны рынак балюча б’е па эканоміцы краіны. Але сітуацыя далёкая ад катастрафічнай. Па-першае, ёсць альтэрнатыўныя лагістычныя маршруты дастаўкі вуглевадародаў да партоў Аманскага мора, у абыход Армузскага праліва. Яны пашыраюцца, хоць і не могуць цалкам кампенсаваць традыцыйныя маршруты. Па-другое, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў ёсць прыстойная падушка фінансава-эканамічнай бяспекі — золатавалютныя рэзервы краіны перавышаюць 270 мільярдаў долараў. Іншае пытанне, што амерыканцы могуць зацягваць канфлікт, захоўваючы напружанасць. Словам, барацьба за нафту працягваецца.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю