Top.Mail.Ru

Зваротная сувязь ад выбаршчыкаў матывуе

У гэтым упэўнена дэпутат Анжэліна Сырамятнікава

Гомельская Прамысловая № 35 — выбарчая акруга дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Анжэліны Сырамятнікавай займае значную частку Савецкага раёна абласнога цэнтра. Для яе гэта не проста тэрыторыя парламенцкай адказнасці. Гэты раён дэпутат добра ведае па шматгадовай працы і лічыць па-сапраўднаму родным. Амаль два дзесяцігоддзі прафесійнага жыцця Анжэліны Анатольеўны былі звязаны менавіта з гэтым кутком Гомеля, таму тут ёй знаёмыя амаль усе прадпрыемствы, установы аховы здароўя і адукацыі, іх кіраўнікі і калектывы. Такое веданне раёна дапамагае хутчэй унікаць у пытанні, з якімі звяртаюцца выбаршчыкі.

На сувязі з выбаршчыкамі

Сама назва выбарчай акругі адлюстроўвае яе характар. Тут сканцэнтравана вялікая колькасць як буйных прадпрыемстваў-тысячнікаў, так і невялікіх. Сярод вытворчых пляцовак — хімічны і вагонабудаўнічы заводы, домабудаўнічы камбінат, «Цэнтраліт», завод пускавых рухавікоў, буйное лакаматыўнае дэпо. Працуюць тут дзясяткі арганізацый сферы паслуг, гандлю, грамадскага харчавання, невялікія вытворчасці. У раёне таксама размешчана нямала ўстаноў адукацыі.

Работу ў акрузе дэпутат выбудоўвае вакол пастаяннага камунікату з людзьмі. Найбольш звыклы фармат — асабістыя прыёмы грамадзян.

— Заўжды прыходзіць шмат людзей. Таму прыёмы рэдка абмяжоўваюцца ўстаноўленымі дзвюма гадзінамі, прымаю ўсіх, хто прыйшоў. Прымаю людзей не толькі ў адміністрацыі раёна, але і арганізоўваю дадатковыя прыёмы. Паколькі з’яўляюся членам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», працую з ветэранскімі арганізацыямі і БСЖ, прыёмы грамадзян праводжу і на пляцоўках гэтых аб’яднанняў. Для мяне прыём грамадзян — гэта перш за ўсё зваротная сувязь. Менавіта там становіцца зразумела, якія праблемы хвалююць людзей, якія рашэнні, прынятыя на ўзроўні заканадаўства, патрабуюць тлумачэння, а якія пытанні неабходна дапрацаваць, — падкрэслівае Анжэліна Сырамятнікава.


Прамысловая акруга жыве актыўным працоўным жыццём. Таму важная частка работы з выбаршчыкамі дэпутата — сустрэчы з працоўнымі калектывамі.

— Для мяне важна па магчымасці пабываць на кожным прадпрыемстве акругі, паразмаўляць з людзьмі. Гэта і буйныя прадпрыемствы, дзе на сустрэчы збіраецца некалькі соцень чалавек, і невялікія арганізацыі, калектыў якіх — да дваццаці супрацоўнікаў. Асабліва прыемна, што рэгулярна запрашаюць у мой родны калектыў будаўнікоў. Ва ўсіх калектывах расказваю людзям аб новых заканадаўчых ініцыятывах, аб тых змяненнях, якія адбываюцца ў сферы будаўніцтва і жыллёвай палітыкі, — звяртае ўвагу Анжэліна Анатольеўна.

Работа вельмі насычаная

Пасля сустрэч некаторыя выбаршчыкі звяртаюцца з асабістымі пытаннямі, бо ведаюць, што дэпутат раней доўгі час працавала ў сістэме кадравай службы, займалася юрыдычнай дзейнасцю. Нярэдка звяртаюцца людзі па кансультацыі па зямельных пытаннях, сямейных спрэчках, з пытаннямі перапланіроўкі жылля, розных будаўнічых нормах. Хапае і пытанняў працаўладкавання.

Але, па словах народнай выбранніцы, пераважная частка зваротаў усё ж такі датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Узнімаюць людзі пытанні па зносе жылля, бягучым і капітальным рамонце жылфонду, стане інтэрнатаў, добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый і пешаходных зон.

  • — Пераканана, што ў дэпутацкай рабоце не бывае вялікіх і малых пытанняў. Любая праблема чалавека патрабуе вырашэння. Часам гэта можа быць, здавалася б, зусім невялікае пытанне. Напрыклад, жыхары адной з пяціпавярховак папрасілі ўсталяваць парэнчы каля ўвахода ў пад’езд. Па праекце ён не быў прадугледжаны, але дом без ліфта, людзі пажылыя, часта вяртаюцца з магазіна з цяжкімі сумкамі. Мы дапамаглі вырашыць гэтае пытанне — і людзі шчыра дзякавалі, — дзеліцца дэпутат. — Ёсць і больш складаныя сітуацыі. Напрыклад, на вуліцы Уладзімірава каля шматпавярховіка ў суседнім старым прыватным доме фактычна ўтварыўся прытулак для бяздомных сабак. Жыхары шматкватэрнага дома гэтым, натуральна, былі не задаволены. Сумесна з адміністрацыяй Савецкага раёна і гарадскімі службамі мы знайшлі рашэнне. Удалося знайсці і арганізаваць для жывёл іншае месца ў прамысловай зоне горада, — нагадала Анжэліна Анатольеўна.

Як падкрэслівае дэпутат, вельмі важна сумесная работа з гарадскімі службамі і адміністрацыяй раёна. Не так даўно зноў аб’ядналі намаганні і сумесна з дэпутатамі гарадскога і абласнога Саветаў дэпутатаў і па просьбе сямей з дзецьмі ўстанавілі новую дзіцячую пляцоўку ў раёне.


— Вельмі важна, што ў вырашэнні многіх пытанняў дапамагаюць кіраўнікі прадпрыемстваў, індывідуальныя прадпрымальнікі. Часам дастаткова проста звярнуцца, і людзі кажуць, што ніякіх афіцыйных лістоў не трэба, яны гатовыя дапамагчы. Бывае, што прадпрымальнікі самі прыходзяць на прыём і прапаноўваюць дапамогу. Прычым часам гэта людзі, якія нават не жывуць у маёй акрузе, але хочуць удзельнічаць у вырашэнні сацыяльна значных пытанняў гамяльчан, — распавяла дэпутат.

Агульная справа

Не менш важным кірункам Анжэліна Сырамятнікава лічыць работу з моладдзю — школьнікамі, студэнтамі і маладымі спецыялістамі, у тым ліку ў рамках праекта «Школа актыўнага грамадзяніна».

— Арганізоўваем для моладзі розныя экскурсійныя паездкі па памятных мясцінах. Былі на мемарыяльных комплексах «Партызанская крынічка», «Ала», на мемарыяле Азарыцкага лагера смерці. Гэтыя месцы памяці для мяне асаблівыя яшчэ і таму, што мой родны Гомельскі домабудаўнічы камбінат дапамагаў увасабляць у жыццё задумы архітэктараў падчас рэканструкцыі комплексаў, — падзялілася дэпутат.

Вельмі радуе яе, што моладзь не толькі разам удзельнічае ў мерапрыемствах, але і актыўна цікавіцца дэпутацкай дзейнасцю. Супрацоўнічае парламентарый са старшынямі Маладзёжнага савета пры Гомельскім абласным Савеце дэпутатаў, спецыялістам па рабоце з моладдзю Гомельскага домабудаўнічага камбіната, сакратаром БРСМ Кірылам Ражковым і членам Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў, саставіцелем цягнікоў Гомельскага вагонабудаўнічага завода Сяргеем Какорам.

— Вельмі ўдзячна моладзі за падтрымку. Разам праводзім мерапрыемствы, дыялогавыя пляцоўкі. Яны прысутнічаюць на маіх асабістых прыёмах грамадзян, бачаць, з якімі пытаннямі людзі звяртаюцца. Гэта вельмі важны для іх досвед, бо з цягам часу менавіта такія маладыя людзі стануць тым кадравым рэзервам, які прыйдзе на змену цяперашняму пакаленню палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, — пераканана народная абранніца.

Асобнае месца ў камунікаце з людзьмі займае і інфармацыйная работа. Анжэліна Сырамятнікава актыўна вядзе свой тэлеграм-канал, дзе амаль штодзень публікуе цікавыя пасты па пытаннях ЖКГ, будаўніцтва, гандлю, маніторынгу кошту сезонных прадуктаў, лекаў, якасці прадукцыі і не толькі.

— Гэтыя тэмы непасрэдна звязаны з дзейнасцю нашай парламенцкай камісіі, і такі фармат дазваляе падтрымліваць пастаянную сувязь з выбаршчыкамі і абмяркоўваць пытанні, якія сёння хвалююць людзей, — рэзюмавала суразмоўца.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю