Top.Mail.Ru
236

Звярнуцца па дапамогу ў прафсаюзы цяпер можна і ў выхадныя дні

Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ мяняе час работы. У першую чаргу гэта звязана з запатрабаванасцю ў грамадзян. Толькі з 21 мая, з пачатку працы цэнтра, паступіла больш за 1000 зваротаў.



Задаць сваё пытанне, звязанае з працоўнымі адносінамі, цяпер можна штодня, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні, з 8.00 да 20.00 па адзіным нумары — 8 801 100 1111. Нагадаем, званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў БеСТ (Life).

— Ніводнае пытанне не застаецца без увагі. Калі зварот адносіцца да кампетэнцыі прафсаюзаў, даюцца не толькі неабходныя кансультацыі, але і па запыце работніка прадстаўнікі прафсаюзаў выязджаюць у арганізацыю для дэталёвага вывучэння сітуацыі і вырашэння працоўнай спрэчкі. Калі пытанне не ўваходзіць у кампетэнцыю прафсаюзаў, спецыялісты цэнтра дапамагаюць зарыентаваць грамадзян, дзе можна атрымаць неабходную кансультацыю. Таксама важным арыенцірам працы цэнтра з’яўляецца аператыўнасць — адказ тым, хто звярнуўся, даецца ў найкарацейшыя тэрміны. Дарэчы, пытанні паступаюць ад работнікаў розных сфер дзейнасці з усіх рэгіёнаў краіны, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. 

Напрыклад, з непрыемнай сітуацыяй сутыкнуўся работнік аднаго з прадпрыемстваў Гродзеншчыны, які пайшоў у водпуск і застаўся без «адпускных» і матдапамогі на аздараўленне. Прафсаюзныя спецыялісты аператыўна выехалі ў арганізацыю. Праведзены маніторынг не толькі пацвердзіў словы работніка, але і выявіў шэраг іншых парушэнняў, дапушчаных у адносінах да калег заяўніка. Пасля перагавораў з наймальнікам выпрацаваны меры па вырашэнню пытанняў — работнікам выплачана затрыманая заработная плата, а супрацоўніку, які звярнуўся ў цэнтр, пералічаны адпускныя і матдапамога. Сітуацыя на прадпрыемстве ўзятая на кантроль прафсаюзамі.

Гэта пытанне ўдалося ўрэгуляваць літаральна на працягу тыдня. Але нямала і прыкладаў, калі працоўныя спрэчкі вырашаюцца цягам аднаго-трох дзён. Так, у цэнтр звярнуўся работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Гомельшчыны, якому наймальнік не зрабіў пераразлік у сувязі з перапрацоўкай. Прадстаўнікі прафсаюза правялі перамовы з кіраўніцтвам арганізацыі, і работнік атрымаў належныя выплаты.

Нагадаем, што Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ прымае і тэматычныя звароты: у перыяд уборачнай кампаніі прафсаюзы забяспечваюць падтрымку ўдзельнікаў жніва. Спецыялісты гатовы аператыўна адрэагаваць на праблемныя і спрэчныя сітуацыі, звязаныя з умовамі, аплатай працы аграрыяў.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю