Хібіны — найбуйнейшы на Кольскім паўвостраве горны масіў — яшчэ гадоў 15 таму быў амаль невядомы турыстам за межамі Мурманскай і некалькіх суседніх з ёй абласцей. Сёння, разам з Тэрыберкай, гэта адзін з модных кірункаў у тым ліку і для беларускіх аматараў «экстрэмальных падарожжаў» (якіх у нашай краіне нямала, і не толькі сярод моладзі). Тут можна ўбачыць адначасова і тайгу, і тундру, і здаецца, «іншапланетную» каменную пустыню...
Вядома, можна выбраць «цывілізаваны» варыянт — абмежаваць наведванне Хібін гарадамі (Кіраўск і Апаціты) і гарналыжнымі курортамі. Іх тут два — Айкуайвенчорр і Кукісвумчорр, абодва ў Кіраўску (не блытаць з беларускім Кіраўскам, што на Магілёўшчыне). А ў Апацітах — наведаць самы паўночны Батанічны сад Расіі і Горна-геалагічны музей. Але калі вы хочаце зразумець гэты суровы край, не абысціся без паходу па гарах. Або хаця б па перадгор’ях.
Пачатак вялікага шляху
У Хібіны, за Палярны круг, мы вырашылі адправіцца летам. Да паездкі падышлі сур’ёзна: месцы небяспечныя, клімат суровы, ландшафт не раўнінны. Паведамілі на базу МНС пра сваё падарожжа. На сямейным савеце (я і муж) было вырашана ісці не з групай, а самастойна. І паколькі кот ад паездкі адмовіўся катэгарычна, а ўласную каманду аматараў экстрэмальных падарожжаў мы пакуль нарадзіць не паспелі, вырашылі: пойдзем удваіх. Са старымі добрымі папяровымі картамі і компасам, бо гаджэты могуць даць збой. Перавалы выбіралі не катэгарыйныя (яны для прафесіяналаў), а «аматарскія». І ўсё роўна паездка яшчэ ў Мінску выглядала няпростай.
Каб не правацыраваць мясцовую фаўну (а гэта ў тым ліку ваўкі, мядзведзі і нават расамахі), ежу мы прыгатавалі яшчэ дома і дэгідрыравалі ў духоўцы. І несці лёгка, і на прывалах дастаткова толькі разагрэць, дадаўшы вады. А галоўнае — правізія не прываблівае жывёл смачнымі пахамі, бо знаходзіцца ў вакуумнай упакоўцы.
І вось мы ўжо грузімся ў цягнік Мінск — Санкт-Пецярбург, каб потым, на Ладажскім вакзале, перасесці на цягнік да Мурманска.

Дайсці да цемры
І якраз на гэтым этапе прыходзіць навіна ад МНС, што ў тым раёне, куды мы накіроўваемся, зноў выпаў снег. Заўважце: у дарогу мы адправіліся летам! Але — гэта Запаляр’е! У тым годзе наогул былі сапраўдныя анамаліі, лавіны прымусова спускалі аж да мая. І вось калі і людзі, і звяры ўздыхнулі з палёгкай: Ура! Лета! — «зноў выпаў снег»?!
— Дык мы едзем? Або ўсё ж такі вернемся дадому? — спыталася я ў мужа.
Да зімовага паходу я адчувала сябе, мякка кажучы, негатовай. Сама сабой успомнілася фраза з фільма «Паласаты рэйс»: «Я не трус, но я боюсь».
Муж пастараўся пераканаць мяне ў тым, што мы ўжо занадта далёка ад дома, каб паварочваць назад. Столькі падрыхтоўкі, сіл, грошай! І мы працягнулі шлях у Імандру.
Імандра (націск на першы склад) была пунктам нашай высадкі. Гэта пасёлак побач з аднайменным возерам, найбуйнейшым у Мурманскай вобласці: яно займае 14-е месца ў Расіі па плошчы воднага люстэрка. А вось сам пасёлак — малюсенькі. У Імандры пастаянна пражывае ўсяго 19 чалавек. Я ніколі раней не бывала ў такіх месцах. Дзверы тут закрываюць на рыдлёўку замест замка. Рыдлёўка стаіць каля дзвярэй — значыць, гаспадары выйшлі.
Апошніх людзей мы сустрэлі на станцыі (больш за пяць дзён шляху ніводнага чалавека так і не ўбачылі). Але баяцца адзіноты не было калі. Перад намі ляжаў шлях даўжынёй у 9 км, і пераадолець яго мы павінны былі да наступлення цемры.
Пра дзевяць кіламетраў
Што такое 9 кіламетраў для нашых беларускіх раўнінных ландшафтаў? Здаецца, «дзіцячая» адлегласць, нават па перасечанай мясцовасці. Але не ў Запаляр’і, не з заплечнікамі вагой па 20 кілаграм і не ў спешцы! На станцыю мы прыбылі ў 18.00, а цямнее там у 20-21.00, і за гэты прамежак умоўна светлага часу трэба было прайсці па невядомых сцежках 9 кіламетраў праз лес, які кішыць мядзведзямі, да гор. Звяры жывуць толькі ў перадгорнай паласе, вышэй ім проста няма чаго есці — зразумела, акрамя залішне самаўпэўненых турыстаў. Так што начлег у лесе — гэта рызыка, вось мы і спяшаліся дабрацца да цяснін, каб быць у адноснай бяспецы.
Ну, што я магу сказаць? Такія адчуванні можна толькі перажыць. Адсутнасць сіл, паветра, жадання рухацца... Але страх падштурхоўвае наперад. Стала цямнець, і ў дадатак пайшоў дождж, зрабіўшы і без таго непраходныя камяні яшчэ і слізкімі. Колькі разоў я ўпала, кінула лічыць на першым дзясятку. Пабітыя калені балелі, а канца шляху не прадбачылася. Самы час панікаваць! І я якраз сабралася выказаць мужу сваё аўтарытэтнае меркаванне з нагоды ідэі прыехаць сюды, калі як з-пад зямлі перад намі вырас велізарны камень, а за ім я ўбачыла спуск у цясніну. Дайшлі ўсё ж такі!
Чаканні/рэальнасць
Раней я ніколі не бачыла цяснін. Аказалася, гэта зялёная даліна паміж стромых скал з бурным ручаём па цэнтры. Дождж крыху супакоіўся. Я таксама. Самы час уладкоўвацца на начлег. У Мінску я ўяўляла гэта сабе так: наша палатка на дыване з мяккага рознакаляровага моху, траскучае вогнішча, мы п’ём шампанскае — не дарма ж я цягнула цэлы літр, ён жа кілаграм, у гэтыя дзікія месцы! Але гэта быў класічны выпадак «чаканні/рэальнасць». Палатку паставіць было рашуча няма дзе: пад мяккім мохам усё завалена камянямі так, што адносна роўны ўчастак 2×2 метры ледзь удалося знайсці. А распаліць вогнішча аказалася няма з чаго. Расліны ў гэтых краях... неўміручыя. Яны вечназялёныя і проста не гараць. Гараць толькі карэнні ядлоўца, але больш дымяць, чым ствараюць цяпло і святло.
Зноў пайшоў моцны дождж. Мы залезлі ў палатку, зжавалі на дваіх шакаладку «Камунаркі» і ўпалі спаць. Гэта было зусім не тое, пра што я марыла!

Наступіла пахмурная раніца. Але, дзякуй Богу, без дажджу. Наш шлях ляжаў па цясніне Аку-Аку (штодня мы запланавалі праходзіць па 9 кіламетраў). Але з таго моманту, калі мы даведаліся пра снег у Імандры, прайшло амаль двое сутак. За гэты час снег паспеў паляжаць-паляжаць і растаць. Падняўшы ўзровень рэк, рачулак і ручаёў. Сцежкі, па якіх мы павінны былі рухацца, затапіла па калена. Такім чынам, шлях у адзін кіламетр займаў роўна адну гадзіну. Але, зрэшты, пейзажы былі проста неверагоднымі. Паверце, яны вартыя таго, каб іх убачыць!
Шлях ішоў у асноўным па нізінах. Але і гэты маршрут — не з лёгкіх. Мы навучыліся хутка пазбаўляцца ад заплечнікаў за спінай, падаючы ў глыбокую ваду. Эканоміць сілы па максімуме пры любым руху. Адпачываць пры кожным хоць трохі зручным выпадку. Хутка разгортваць лагер, хутка гатаваць ежу, хутка мыць посуд і прыбіраць яе рэшткі, каб звяры нас не ўчулі.
Аб прароцкім сне
У апошні дзень падарожжа мы вымаклі больш звычайнага і вырашылі спыніцца на начлег раней вызначанага тэрміну, на парозе Цясніны Мёртвых. Назва, як я яшчэ ў Мінску даведалася ў інтэрнэце — ад гістарычнага выпадку: гібель шведаў, якія напалі на саамаў у канцы XVI стагоддзя. Мы разбілі лагер ля ручая і назбіралі грыбоў. Усе рэкі і ручаі ў Хібінах, дарэчы, крышталёва чыстыя, піць ваду можна смела. На фоне агульнай цішыні яны жудасна шумныя — з’яўляецца адчуванне суседства з ажыўленай аўтатрасай. З аднаго боку, гэта стварае заспакаяльны эфект прысутнасці цывілізацыі, з другога — зусім не чуваць, калі падыходзяць звяры. Таму мы павесілі металічную кружку на дрэва. Яна стварала дадатковы шум і адпуджвала няпрошаных гасцей.
Вечар прайшоў спакойна, а ўначы мне прыснілася мая бабуля, што памерла год таму. Да гэтага яна мне ніколі не снілася. У сне бабуля трывожна паглядзела на мяне і сказала адно слова: «Прачніся!»
Я падскочыла як уджаленая і зразумела, што ноч скончылася, світанне блізка. Такі сон на парозе Цясніны Мёртвых — ох, нездарма гэта! Я пачала нервова ўслухоўвацца. Кружка маўчала, ручай шумеў. І раптам я пачула рык. Не магу перадаць, як мне стала страшна. Кроў загрукатала ў вушах, у горле ком... Гэта — рэальны першабытны страх, а не тое, што называе гэтым словам сучасны жыхар нашай мірнай і спакойнай краіны. Не ведаю, колькі я праляжала ў здранцвенні. Але нічога не адбывалася, мяне ніхто не еў...
Не маючы стрэльбы, мы ўзялі з сабой парачку карабельных фальшфеераў (папросту вялікіх хлапушак-феерверкаў). Я ўжо збіралася зладзіць феерверк для якога-небудзь небяспечнага прадстаўніка мясцовай фаўны, калі зразумела: гэта не звярыны рык. Гэта проста храпіць мой муж. Спрасонку я прыняла яго храп за рык звера.
І ўсё ж, успомніўшы свой сон, я пачала штурхаць яго са словамі, годнымі для фільма жахаў: «Звяры прыходзяць на досвітку!» І выштурхала з палаткі збіраць карэнні, каб распаліць вогнішча.
На шчасце, усё скончылася добра, ніхто з драпежнікаў да нашага лагера так і не падышоў (хоць ці магчыма ведаць гэта дакладна?). Але муж мой ледзь не памёр ад смеху, калі я распавяла яму пра мае пакуты той ночы.

Ці варта баяцца мядзведзяў
На гэтай вясёлай ноце мы павярнулі да станцыі і дайшлі без прыгод. Дакладней, я так думала. Ужо пасля муж распавёў мне, што на дарозе было шмат свежых слядоў — і ваўчыных, і мядзведжых — але ён, памятаючы маю ўражлівасць, адцягваў маю ўвагу прыгожымі краявідамі.
Мядзведзь не любіць хадзіць па бездарожжы, выбірае чалавечыя дарогі. А прымаючы пад увагу, што снег тым летам не даў ягадам і грыбам добра выспець, ежы ў касалапага было не сказаць каб шмат. І вось я, атрымліваючы асалоду ад навакольнай прыгажосці, прайшла адрэзак шляху, што быў населены 62-ма (як паведамляецца ў сеціве) асобінамі галодных незадаволеных мядзведзяў. Хто б мог падумаць?!
Вярнуўшыся ў пасёлак Імандра, мы пазнаёміліся з выдатнай жанчынай Святланай. Яна распавяла нам, што ў Імандры ёсць «гэст-хаус» і нам зусім не патрэбна было ў першы дзень выходзіць на ноч гледзячы — можна было спыніцца ў мясцовай «гасцініцы», папарыцца ў лазні і паспаць па-чалавечы, а ў дарогу адправіцца раніцай. Яшчэ Святлана расказала, што нядаўна нават група турыстаў з Тайланда прыязджала паглядзець на Хібіны. З’ехалі хутка, адзін — са зламанай нагой. Але ўсё роўна іх учынак варты павагі.
— А як вы тут не баіцеся мядзведзяў? — спытала я.
— А чаго іх баяцца? — здзівілася Святлана. — «Свайго» мядзведзя ты ўсё роўна ніколі не пачуеш і не ўбачыш, так што і баяцца няма чаго. Да мяне тут унукі з Апацітаў прыязджаюць, любяць са мной у лес хадзіць. Стаім на скале, а ўнізе мядзведзіца з медзведзянятамі гуляе...
Гэтая жанчына сваім пазітывам і спакойнай адвагай зачаравала мяне, і мы засталіся ў яе піць гарбату і чакаць цягнік. У якім я забылася сном чалавека, якога ў бліжэйшыя дні ўжо дакладна ніхто не з’есць...
Марына АНАТОЛЬЕВА
Фота аўтара