У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Чырвоная Армія наступала амаль няспынна на працягу двух з лішнім гадоў...За ўвесь гэты час франтавікі ніводнага разу не выпусцілі ініцыятывы са сваіх рук. Няспынна нарошчваючы магутнасць удараў у баях, уводзячы ў дзеянне новыя і новыя сілы, прымяняючы майстэрскія і нечаканыя для ворага павароты, яны ішлі да Вялікай Перамогі…
«На працягу 1 сакавіка на тэрыторыі Памераніі, на паўночным усходзе і поўначы ад горада Нойштэцін, нашы войскі, у выніку наступальных баёў, авалодалі населенымі пунктамі Флемінгсорт, Флетэнштайн, Фалькенхаген, Хелькевізе, Нойдорф, Цехендорф, Бухвальд, Эшэнрыге. У раёне Брэслау нашы войскі, прадаўжаючы баі па знішчэнню акружанай у горадзе групіроўкі праціўніка, авалодалі прыгарадамі Альтхофнас, Гросе-Чанш і занялі 10 кварталаў». Жорсткія схваткі, паводле звестак Савецкага інфармбюро, адбываліся за кожную вуліцу, кожны дом. На вуліцах прыгарадаў валяліся сотні трупаў нямецкіх салдат і афіцэраў... Савецкія артылерысты, следуючы разам са штурмавымі групамі, падавілі больш за 90 агнявых кропак немцаў. Нашы падраздзяленні, пісала «Звязда», прадаўжалі баі на тэрыторыі буйнага металургічнага завода Вольф. Баі пераходзілі часта ў рукапашныя схваткі. Гітлераўцы, усё яшчэ спадзеючыся адолець Чырвоную Армію, аказвалі лютае супраціўленне.
У Чэхаславакіі, на захадзе ад горада Лучанец, нашы войскі, дзейнічаючы ў цяжкіх умовах горна-лясістай мясцовасці, авалодалі населенымі пунктамі Заежава, Нерэсніца, Забава, Бзовік, Стара Гора, Кластава, Бадан.
На другіх участках фронту — баі мясцовага значэння і работа разведчыкаў.
У тыле
Некаторыя тагачасныя публікацыі «Звязды» пабудаваныя на кантрасце. Як, напрыклад, гэта. У ёй узгадваецца, як у сакавіку 1941 года калгас імя Сталіна ў Ваўкавыскім раёне адзначыў гадавіну свайго існавання. За год ён, паводле звестак, эканамічна ўзмацнеў. «Зараз калгас мае моцную жывёлагадоўчую базу. За год мы ўкамплектавалі тры фермы — буйнай рагатай жывёлы, якая налічвае 33 дойныя каровы і 15 цялят, свінаферму з лікам 20 свінаматак і 30 парасят і аўцаферму, у якой ёсць 20 авечак і 15 ягнят...» — дакладваў на агульным сходзе старшыня калгаса Антон Міхайлавіч Дудар.
Яны, калгаснікі, на тым жа сходзе намецілі планы далейшага развіцця сваёй арцелі. Хацелі пабудаваць калгасны вадаём, павялічыць плошчу саду, правесці рад іншых мерапрыемстваў. Але ж... Фашысцкія орды абарвалі жыццё калгаса. «Годы акупацыі былі страшэннымі, пакутлівымі. Нас не лічылі за людзей. Жылі мы ў горшых умовах, чым жывёла ў дрэннага гаспадара», — з горыччу расказваў калгаснік Сцяпан Кузьміч Петруль, пісала «Звязда».
Але ж людзі цвёрда верылі, што не перамагчы савецкую ўладу нікому... І надзеі спраўдзіліся.
«Зноў заззяла святло ў нашых хатах. Прышоў радасны час. Чырвоная Армія вызваліла нас ад фашысціх катаў і зараз помсціць ім за нашы пакуты і гора. Цяпер і нямецкі памешчык, і ўпраўляючы, і ўсе фрыцы-гады панясуць кару за ўсе зладзеянні, якія яны прычынілі народу. Жыхары маёнтка Кабылякі ўбіралі мінулым летам агульна. Хоць фармальна ў гэтыя дні і не быў адноўлены калгас, але людзі неяк самі па сабе адчувалі неабходнасць калектыўнай працы. Цяпер сельгасарцель імені Сталіна зноў адноўленая. Зараз там ідзе гарачая работа па падрыхтоўцы да веснавой сяўбы».