Top.Mail.Ru

«Звязда» № 43 — 4 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Войскі 2-га Беларускага фронту працягвалі наступленне. Іх баявыя подзвігі залатымі старонкамі ўвайшлі ў летапіс Айчыннай вайны. Ламаючы шалёнае супраціўленне ворага, руйнуючы на сваім шляху яго бастыёны і крэпасці, армія-вызваліцельніца ішла ўперад і граміла ворага ў яго ўласнай бярлозе. Праціўнік жа, імкнучыся затрымаць прасоўванне нашых войскаў, кідаў у бой рэзервы.

«Палонныя паведамляюць, што нямецкае камандаванне аддала сваім войскам загад любой цаной не дапусціць выхаду савецкіх войск да Балтыйскага мора», — пісала наша газета.

Жорсткія баі, паводле звестак Саўінфармбюро, адбываліся ўвесну на подступах да горада Румельсбург. Фашысты сканцэнтравалі тут буйныя сілы і зладзілі контраатаку ў заходнім напрамку. Яны разлічвалі адным ударам адкінуць нашы войскі. Аднак гэтая задума гітлераўцаў была сарваная. «Савецкія артылерысты і пехацінцы адбілі варожую контраатаку. Затым нашы войскі нанеслі праціўніку імклівы ўдар і пасля ўпорнага бою авалодалі горадам Румельсбург. Развіваючы поспех, франтавікі прасунуліся на 15 кілометраў і штурмам занялі горад Полноў. Гэтыя гарады былі важнымі вузламі камунікацый і моцнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў у Памераніі». 3 сакавіка нашы войскі таксама з баямі занялі больш за 80 іншых населеных пунктаў, сярод якіх былі і буйныя — Грос, Пецеркау, Штарзен, Грос Швірзен, Кураў, Дарген.

На тэрыторыі Чэхаславакіі, на паўночным захадзе і захадзе ад горада Лучанец, франтавікі з баямі занялі населеныя пункты Очова, Калінка, Кралеўцэ, Прэнчоў, Белуй, Пачувадла, Угліска, Брэгі.

«У ходзе баёў праціўнік нясе вялікія страты. За дзень знішчана звыш 2000 нямецкіх салдат і афіцэраў. Падбіта і спалена 20 танкаў праціўніка. Захоплена многа трафеяў і ёсць палонныя», — пісала  «Звязда», паводле звестак Савецкага інфармбюро.

У тыле 

Загад Сталіна да 27-й гадавіны Чырвонай Арміі ўзброіў народ і армію праграмай барацьбы і працы. «Вялікі правадыр адзначыў гістарычныя поспехі ўзброеных сіл совецкай дзяржавы, даў малюнак грандыёзнага наступлення Чырвонай Арміі ў апошнія месяцы, якое набліжае дзень канчатковай перамогі над ворагам. Адначасова ў сваім загадзе таварыш Сталін паставіў задачы перад арміяй і народам, выкананне якіх прывядзе да поўнага крушэння гітлераўскай Германіі».

«Звязда» пісала, што беларускі народ сустрэў гэты загад «з неперадаваным уздымам». Па ўсёй рэспубліцы пракацілася хваля мітынгаў і сходаў, на якіх выступалі сотні і тысячы прамоўцаў — рабочыя, калгаснікі, інтэлігенты. «У адзін голас гаварылі яны аб радасці нашых перамог, аб сваёй рашымасці ўсе сілы аддаць на свяшчэнную справу разгрому нямецкіх катаў». І гэта былі не проста словы. Гэта была клятва народа.

Пра новыя факты паспяховай работы ў адказ на загад Сталіна паведамлялася ў 43-м нумары нашай газеты. Кожны з іх — сведчанне таго парыву, якім быў ахоплены наш народ у тыя цяжкія, жудасныя дні. «У найкарацейшы час мы павінны аднавіць гаспадарку рэспублікі, па-зверску разбураную нямецкімі захопнікамі», — пісала «Звязда».

«...Звонам піл і стукам тапароў шумелі лясы Крупскага раёна. На трактах і лясных дарогах скрыпелі палазы, на румах і пагрузачных станцыях звінелі стромкія хвоі і бомы... Да 500 лесарубаў і звыш 900 возчыкаў лесу сваёй штодзённай і напружанай работай дабіваюцца датэрміновага выканання важнага дзяржаўнага задання».

Работа была напружаная. Неабходна было, паводле публікацыі, нарыхтаваць 18 тысяч кубаметраў будаўнічага лесу і паліва, вывезці і падвезці да чыгуначных станцый і сплаўных участкаў 35 тысяч кубаметраў драўніны. На дапамогу ў арганізацыі лесанарыхтовак былі мабілізаваныя работнікі з ліку раённага партыйнага і савецкага актыву. Па ініцыятыве калгаснікаў Шэйскага сельсавета ў раёне быў аб’яўлены франтавы месячнік па выкананні плана лесанарыхтовак.

«У кожным калгасе арганізавалі сталыя брыгады лесарубаў і возчыкаў. Паміж возчыкамі і кожнай парай лесарубаў заключылі індывідуальныя соцдагаворы і вынікі іх выканання падводзім штодзённа пасля работы. Для заахвочвання лепшых стаханаўцаў — лесарубаў і возчыкаў — стварылі ў кожным калгасе спецыяльны прэміяльны фонд грошай, хлеба і промтавараў. Да кожнай брыгады лесарубаў і возчыкаў прымацавалі чытчыкаў газет і агітатараў».

Слова савецкага чалавека — цвёрдае слова. Пасля таго як людзі ўзялі на сябе абавязацельствы па аднаўленні гаспадаркі, пачалася барацьба за іх выкананне і перавыкананне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю