Top.Mail.Ru

«Звязда». № 44 — 6 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

«...Пераможны гром савецкіх гармат аддаляўся на Захад. Нашы войскі, развіваючы наступленне, прарываліся ўсё далей на тэрыторыю Германіі».
Паводле звестак Савецкага інфармбюро, пятага сакавіка на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга яны ў выніку наступальных баёў авалодалі населенымі пунктамі Коршэлькен, Кумгарбен, Бенкенвальдэ, Штраўбен, Хіршфельд. На поўдні і паўднёвым захадзе ад Данцыга з баямі занялі населеныя пункты Візенвальд, Любіхаў, Штудзеніц, Гуркі, Лесна, Крушын, Ліпніц, Варцыскова. У Памераніі на паўночным усходзе і поўдні ад горада Кезлін нашы войскі, прадаўжаючы наступленне, занялі больш 80 населеных пунктаў, сярод якіх буйныя Візенталь, Дамераў, Цухен, Латцыг, Недлін, Грос Ціхоў, Грос-Крэсін.

Скрышальны разгром і бязлітаснае знішчэнне праціўніка — вось самая характэрная рыса наступальных аперацый савецкіх войск. У вялікіх наступленнях, запісаных на вечныя старонкі гісторыі, Вярхоўны Галоўнакамандуючы ставіў перад Чырвонай Арміяй рашучыя мэты. Сталін, пісала «Звязда», патрабаваў ад войск смелага манеўру на полі бою, акружэння войск ворага, знішчэння або захопу жывой сілы і тэхнікі праціўніка.

«Войскі 1-га Беларускага фронта, прадаўжаючы паспяховае наступленне, пятага сакавіка авалодалі гарадамі Штаргард, Наугард, Польцын — важнымі вузламі камунікацый і магутнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на Штэцінскім напрамку, а таксама з баямі захапілі больш 150 другіх населеных пунктаў, у тым ліку Клотцэн, Колатц, Ной Вуроў, Тешэндорф, Брызен, Зіматцыг. Савецкія пехацінцы, танкісты і кавалерысты, падтрыманыя артылерыяй і авіяцыяй, наносілі праціўніку імклівыя ўдары». Многія нямецкія злучэнні, паводле звестак, знішчаліся па частках.

На тэрыторыі Чэхаславакіі, на захадзе ад горада Лучэнец, франтавікі, наступаючы ў паласе Карпат, з боем авалодалі населенымі пунктамі Плешоўцэ, Бзоўска Леготка, Крупіна, Антол, Ілія, Вісака, Рудна на Грон.

У тыле

«Калгасныя сады Хойніцкага раёна славіліся на ўсю Беларусь. Многа тон разнастайных гатункаў яблыкаў і груш штогод вывозіліся адсюль у прамысловыя цэнтры нашай Радзімы. Заможна і культурна жылі калгаснікі. На атрыманыя ад садоўніцтва прыбыткі яны набывалі веласіпеды, патэфоны, розныя рэчы штодзённага ўжытку». За некалькі гадоў да пачатку Айчыннай вайны яны, пісаў аграном-садавод Хойніцкага райзямаддзела Д. Пінчук нашай газеце, пачалі разводзіць там вінаград — каштоўную і рэдкую на той час культуру ва ўмовах Беларусі. У далёкім 1941 годзе ў дзесяці калгасах раёна ўжо меліся свае пладова-вінаградныя гадавальнікі.

Прыйшла вайна. Нямецкія варвары ў часе свайго «гаспадарання» нанеслі велізарныя страты народнай гаспадарцы раёна. Нямала нашкодзілі яны і садоўніцтву. «Многія квітнеючыя некалі сады былі цалкам знішчаны. На плошчы звыш 300 гектараў засталіся толькі голыя пні з-пад фруктовых дрэў».

Пасля вызвалення разам з аднаўленнем усёй народнай гаспадаркі раёна пачалося і аднаўленне садоўніцтва і агародніцтва. У хуткім часе ў раёне была склікана нарада. На ёй садаводы, пісала «Звязда», абмяркоўвалі становішча садоў у раёне. Там жа вырашылі на гэтых спустошаных немцамі землях вырасціць новыя сады, значна пашырыўшы іх плошчу.

«Узятыя абавязацельствы практычна ажыццяўляюцца. Калгасныя садаводы нарыхтавалі 60 кілаграмаў насення фруктовых дрэў. У сельскагаспадарчай арцелі „Большэвік“, дзе працуе старшынёй праўлення ордэнаносец тав. Салаўёў, па ініцыятыве калгаснага садавода Гардзейчыка нарыхтавана 13 кілаграмаў насення яблыкаў і груш».

Для практычнай работы ў калгасных садах і гадавальніках, пісаў Д. Пінчук, неабходна мець падрыхтаваныя, вопытныя кадры садаводаў. «Без гэтага нямысліма шпаркае развіццё садоўніцтва. Кіруючыя раённыя арганізацыі звярнулі на гэтую акалічнасць выключную ўвагу і намецілі рад мерапрыемстваў па падрыхтоўцы новых і перадпадрыхтоўцы старых спецыялістаў садоўніцтва. Трэба спадзявацца, што спецыялісты-садаводы пры актыўнай дапамозе ўсяго калгаснага сялянства зробяць усё неабходнае, каб вярнуць садам Хойніцкага раёна іх былую славу».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю