Top.Mail.Ru

«Звязда». № 45 — 7 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

≪Франтавікі пад кіраўніцтвам Сталіна напружвалі ўсе сілы, каб хутчэй дабіць фашысцкага звера. Пабедна прадаўжаўся рух нашых танкаў і пяхоты...≫

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, у ноч на 6 сакавіка нашы бамбардзіроўшчыкі нанеслі ўдар па ваенных аб’ектах немцаў у гарадах Штэцін і Кёнігсберг. У выніку чаго ў Штэціне ўзнікла многа пажараў, якія суправаджаліся выбухамі, асабліва моцнымі на тэрыторыі таварнай станцыі. 

У Кёнігсбергу прамым пападаннем бомб быў узарваны склад боепрыпасаў, а таксама адзначана некалькі вялікіх пажараў.

Войскі 2-га Беларускага фронту пасля двухтыднёвай асады і ўпорных баёў завяршылі разгром акружанай групіроўкі праціўніка і ў гэты дзень, пісала «Звязда», авалодалі горадам і крэпасцю Грудзёндз (Граўдзенц) — магутным вузлом абароны немцаў на ніжнім цячэнні ракі Вісла. У ходзе баёў было ўзята ў палон больш за пяць тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, таксама захоплена вялікая колькасць узбраення і ваеннай маёмасці.

Адначасова на паўднёвым захадзе і захадзе ад Данцыга (сённяшняга Гданьска) франтавікі ў выніку наступальных баёў авалодалі гарадамі Трэцен, Мальхоў і занялі больш 60 другіх населеных пунктаў, сярод якіх буйныя Альт Кішау, Віле, Любон, Грос Тухен, Фрыдрыхсхульд, Фарцын, Сегенцін, Абтсхаген і іншыя.

На паўднёвым захадзе ад горада Кезліна войскі 2-га Беларускага фронту ліквідавалі акружаную групу праціўніка.

≪Войскі 1-га Беларускага фронту, развіваючы паспяховае наступленне, авалодалі гарадамі Бельгард, Трэптаў, Грайфенберг, Камін, Гюльцоў, Платэ — важнымі вузламі камунікацый і моцнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў у Заходняй Памераніі, а таксама з баямі занялі больш 500 другіх населеных пунктаў≫, — пісала «Звязда».

У Венгрыі, на паўночным усходзе і поўдні ад возера Балатон, франтавікі адбівалі атакі буйных сіл пяхоты і танкаў праціўніка.

У тыле

≪Калгасная пазёмка сыпучага снегу мяце гурбы, заносіць дарогу. Яна залазіць за каўнер паліто, коле ў твар. К начы мароз мацнеў. Мы ехалі з Нікітам Герасімавічам Місуном у калгас ≪Парыжская комуна≫. Па дарозе ён ахвотна апавядаў пра гісторыю ўзнікнення калгаса, пра яго людзей≫, — пісаў карэспандэнт ≪Звязды≫ Д. Віннікаў.

Рэпартаж ён вёў з Заходняй Беларусі, з вёскі Місуны Мядзельскага раёна. Там яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны арганізаваўся калгас, у які ўступілі ўсе 49 гаспадарак. Людзі дружна працавалі на гаспадарчых работах і атрымлівалі добрыя даходы, расказваў мясцовы жыхар. ≪Праклятыя гітлераўцы абарвалі шчаслівае калгаснае жыццё. Але не скарылася наша сяло нямецкім вылюдкам. З першых дзён акупацыі больш 20 маладых мужчын-калгаснікаў пайшлі у лес, у партызаны. І ўвесь час, ні днём, ні ноччу не давалі спакою народныя мсціўцы гітлераўскім бандытам≫.

Нарэшце народ дачакаўся светлага дня вызвалення... ≪Па дарозе на захад яшчэ рухаліся совецкія магутныя танкі, артылерыя, абозы, а людзі ўжо выйшлі на поле ўбіраць ураджай≫. Хацелася, відаць, як мага хутчэй дапамагчы збожжам і іншымі прадуктамі роднай вызваліцельніцы — Чырвонай Арміі.

Калгас, пісала «Звязда», аднавіўся з першых дзён вызвалення. «На ўборачных работах працавалі разам, усім сялом. Вялі ўлік працы. Людзі працавалі з вялікім энтузіязмам хоць і былі перашкоды ў працы...» Звычайныя, простыя людзі, працаўнікі тылу, рабочыя, прасякнутыя найвялікшай любоўю да сваёй сацыялістычнай радзімы, да слаўных воінаў-вызваліцеляў, рабілі ўсё, што было ў іх сілах, каб аднавіць разбуранае.

Васьмідзесяцігадовы Павел Місун на першым калгасным сходзе гаварыў так: ≪От мае вы шаноўныя, пры немцах мы досыць нацярпеліся, сербанулі гора. Давайце хутчэй аднаўляць калгас, бо калгаснае жыццё для селяніна — адзіны шлях да шчаслівага жыцця. Калгас — сіла! Агульная гаспадарка — родная справа селяніна≫.

Яны прыкладалі шмат намаганняў для аднаўлення жывёлагадоўлі, укамплектавалі малочнатаварную ферму, свінаферму, аўцаферму.

У сельгасарцелі дзейна рыхтуюцца да веснавой сяўбы. Поўнасцю ачышчана і засыпана насенне ячменю, аўса, грэчкі, гароху, ільносемя. Закончан рамонт 20 калёс, 20 плугоў, барон, збруі і г. д.≫, — так пісала наша газета ў гэты дзень.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю