Top.Mail.Ru

«Звязда». № 46 — 8 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Міжнародны жаночы дзень 1945-га года жанчыны Савецкага Саюза адзначалі ў абстаноўцы найвялікшых перамог Чырвонай Арміі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 

Наша армія поўнасцю на той час вызваліла родную зямлю ад гітлераўскай погані, прабіла сабе дарогу ў глыб Германіі, да подступаў Берліна і сумесна з арміямі нашых саюзнікаў паспяхова завяршала справу разгрому нямецка-фашысцкіх войск. «У вялікіх бітвах Айчыннай вайны супроць нямецкага нашэсця Чырвоная Армія выратавала народы Совецкага Саюза ад нямецка-фашысцкага рабства, адстаяла свабоду і незалежнасць нашай Радзімы і дапамагла народам Еўропы скінуць нямецкае іга» (Сталін).

Паводле звестак Савецкага Інфармбюро, войскі 2-га Беларускага фронта 7 сакавіка з боем авалодалі гарадамі Гнеў (Меве), Старагард (Прэйсіш Старгард) — важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на подступах да Данцыга, а таксама з баямі занялі больш 200 іншых населеных пунктаў, сярод якіх буйныя населеныя пункты Заабен, Піншын, Гох Штубляу, Кошмін, Погуткен, Лінево, Ольпух, Дзімянен, Зомін, Рэкоў, Лубен, Трэблін, Барцін, Цолбрук, Альт-Беверсдорф, Альт-Шлазін, Дамсхаген, Нойвасер.

Войскі 1-га Беларускага фронта, прадаўжаючы наступленне, 7 сакавіка штурмам авалодалі гарадамі Галкоў, Штэпенітц і Масоў — важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на подступах да Штэціна, а таксама з баямі занялі больш 50 другіх населеных пунктаў . Сярод іх — Вальдзівенаў, Фрытцоў, Ясоў, Лаатцыг, Загер, Паульсдорф, Шутцэндорф, Амаліенхоф.

«Войскі фронта завяршылі ліквідацыю акружанай групіроўкі праціўніка на поўдні ад горада Шыфельбайн. Паводле папярэдніх даных, у гэтым раёне ўзята ў палон больш 8 тысяч нямецкіх салат і афіцэраў і захоплена вялікая колькасць узбраення і ваеннай маёмасці. У ліку палонных камандзір 10 нямецкага армейскага корпуса генерал-лейтэнант Крапе разам са сваім штабам», — пісала «Звязда». 

Войскі 2-га Украінскага фронта, пераадольваючы супраціўленне праціўніка ў цяжкіх умовах горна-лясістай мясцовасці ў паласе Карпат, 7 сакавіка авалодалі на тэрыторыі Чэхаславакіі горадам Банска Шцяўніца — моцным апорным пунктам абароны немцаў, а таксама з баямі занялі населеныя пункты Саса, Бабіна, Калпахі, Годруша, Гвоздніца.

У Венгрыі, на паўночным усходзе і поўдні ад возера Балатон, атакі буйных сіл пяхоты і танкаў праціўніка адбіваліся нашымі войскамі.

На другіх участках фронта — пошукі разведчыкаў і ў радзе пунктаў баі мясцовага значэння.

У тыле

Гэтым разам ліст у нашу газету даслала Валянціна Міхалевіч, старшыня калгаса «Ударнік», Каладзішчанскага сельсавета Мінскага раёна. У ім жанчына расказала, што некалі калгас славіўся добрымі ўраджаямі і развітай жывёлагадоўляй: «Людзі ў нас жылі заможна. Калгас „Ударнік“ быў адным з перадавых не толькі ў сельсовеце, але і ва усім раёне.Нямецкія захопікі за тры годы свайго бандыцкага гаспадарання звялі нанішто ўсю нашу грамадскую гаспадарку. Забралі нашу жывёлу, аграбілі нас, разбурылі нашы будышкі», — пісала яна.

Калі прышла слаўная Чырвоная Армія, калгаснікі адразу ўзяліся аднаўляць сваю арцельную гаспадарку. Прышлося за ўсё брацца спачатку.

У дні аднаўлення калгаса Валянціну Міхалевіч выбралі старшышёй праўлення: «Работа гэта для мяне была новая. Але я рашыла: раз народ давярае — трэба працаваць. І ў цяжкіх умовах, ахаль з аднымі жанчынамі і дзяўчатамі мы ўзяліся наладжваць гаспадарку буйнага калгаса, у якім абʼедана пяць вёсак з 116 двароў», — адзначала жанчына ў сваім лісце.

Аказалася, паводле звестак, што са 135 працаздольных калгаснікаў ёсць не больш 15 мужчын і тыя 60-70-гадовыя старыкі, мала ўжо здатныя да цяжкай фізічнай працы. 

«Прышлося ўсюды ставіць жанчын, дзяўчат. Конюхамі сталі працаваць Вольга Тоўсцік, Марыя Міхалевіч і Аміля Макоўская. Загадчыкам малочна-таварнай фермы была пазначана Ганна Шырынская, брыгадзірам чацвёртай брыгады — Тацяна Свянціцкая. Кладаўшчыкамі сталі маладыя, але старанныя калгасніцы Марыя Ерахавец і Надзя Навіцкая». 

Савецкія жанчыны ўяўлялі сабой прыклад самаадданага служэння Радзіме. Яны браліся за ўсякую работу, над чым раней працавалі толькі мужчыны. Дзяўчаты, пісала «Звязда», аралі, касілі, вазілі гной, сеялі. Усё лета і восень жанчыны стараліся, каб упару сабраць з поля ўраджай і ў час пасеяць, каб не было сорамна калгасу «Ударнік» перад сваімі суседзямі. 

«Убралі ўраджай вельмі хутка і таксама хутка яго абмалацілі. Дарма што на ўборцы і малацьбе працавалі адны жанчыны — наш калгас адным з першых у раёне разлічыйся з дзяржавай на збожжа-пастаўках і звыш плана за два дні памалаціў і адвёз у фонд Чырвонай Армії 60 цэнтнераў хлеба», — адзначала Валянціна Міхалевіч у сваім паведамленні.

Азімыя пасеялі нашы жанчыны таксама ўпару: па плану нашаму калгасу трэба было засеяць азімымі 175 гектараў. «План перавыканалі. Зямля пад азімыя была апрацавана добра, насенне было чыстае і мы спадзяемся атрымаць сёлета не менш 100 пудоў жыта з гектара. Сабраўшы з поля ўраджай, узяліся за малацьбу яравых культур, сталі рыхтаваць да вясны насенне, плугі, бароны, збрую».

Жанчыны і тут паказалі сябе як дастойныя патрыёткі, якія адданай працай у тылу дапамагаюць сваім сынам і мужам-франтавікам граміць немцаў. Машыністамі пры двух малатарнях пачалі працаваць Надзя Герасімчук і Марыя Сандовіч. Яны хутка авалодалі новай прафесіяй, вывучылі машыны і дабіваліся, каб у саломе не асталося збожжа.

«Падрыхтоўку да веснавой сяўбы мы пачалі з засыпкі насення. У двух калгасных свірпах акуратна захоўваецца даўно ачышчанае насенне ячменю, аўса, пшаніцы, грэчкі, гароху, ільносемя, лубіну, сарадэлі, канапель. Пад калгаснымі павецямі стаіць ужо каля 40 адрамантаваных плугоў і барон.Старанна працуе і калгасны стальмах Яфім Шаліма і рымары Алесь Шырынскі, Даніла Міхалевіч і Павел Шаліма. Калгасны рымар Алесь Тырынскі зрабіў ужо і атрамантаваў 14 хамутоў, 7 сядзёлак, пашыў тры ўздзечкі і некалькі пар лейцаў», — пісала жанчына.

Увечары, калі ў гумнах і на дварах спыняліся работы, у праўленне збіраліся калгасніцы, каб пагаварыць пра работу на заўтрашні дзень. Сюды прыходзілі і брыгадзіры, і радавыя калгасніцы. Адны гутарылі і чыталі газеты, другія ўдакладнялі планы заўтрашняга дня і падыходзячай веснавой сяўбы. I ўсе разам жылі адной думкай: заўтра працаваць яшчэ лепш, даць Радзіме і фронту хлеба і мяса яшчэ больш, каб ганарыліся на фронце сыны і мужы-воіны Чырвонай Арміі. 

Працоўныя перамогі многіх тысяч калгасных працаўніц яскрава сведчылі аб высокім разуменні жанчынай-калгасніцай сваёй адказнасці перад краінай. Крыніцай яе духоўных сіл з’яўляўся жыватворны савецкі патрыятызм, беззаветная любоў да Радзімы...

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю