У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Войскі 2-га Беларускага фронту прадаўжалі наступленне. «Совецкія часці пад агнём праціўніка пераправіліся праз раку Ферзе, якая разлілася, і пасля жорсткіх баёў авалодалі горадам Гнеў (Меве) — важным апорным пунктам абароны немцаў у ніжнім цячэнні ракі Віслы. Другія нашы часці, прасунуўшыся ўперад на 10 кілометраў, выбілі немцаў з горада Старагард (Прэйсіш Старагард) — апорнага пункта варожай абароны на подступах да Данцыга», — пісала «Звязда».
Паводле звестак Савецкага інфармбюро, адступаючы пад ударамі нашых войскаў, праціўнік нёс вялікія страты. На працягу дня войскамі фронту былі захоплены трафеі, у ліку якіх 44 гарматы, 80 мінамётаў, 14 чыгуначных эшалонаў і 500 аўтамашын.
Войскі 1-га Беларускага фронту 7 сакавіка штурмам авалодалі гарадамі Галноў, Штэпенітц і Масоў, а таксама з баямі занялі больш 50 іншых населеных пунктаў, сярод іх — Вальдзівенаў, Фрытцоў, Ясоў, Лаатцыг, Загер, Паўльсдорф, Шутцэндорф, Амаліенхоф.
Франтавікі таксама завяршылі ліквідацыю акружанай групіроўкі праціўніка на поўдні ад горада Шыфельбайна. «Паводле папярэдніх даных, у гэтым раёне ўзята ў палон больш 8 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў і захоплена вялікая колькасць узбраення і ваеннай маёмасці. У ліку палонных камандзір 10 нямецкага армейскага корпуса генерал-лейтэнант Крапе разам са сваім штабам», — пісала наша газета ў гэты дзень.
Войскі 2-га Украінскага фронту, пераадольваючы супраціўленне немцаў у цяжкіх умовах горна-лясістай мясцовасці ў паласе Карпат, авалодалі на тэрыторыі Чэхаславакіі горадам Банска Шцяўніца — моцным апорным пунктам абароны немцаў, а таксама з баямі занялі населеныя пункты Саса, Бабіна, Калпахі, Годруша, Гвоздніца.
У Венгрыі, на паўночным усходзе і поўдні ад возера Балатон, атакі буйных сіл пяхоты і танкаў праціўніка адбіваліся нашымі войскамі.
У тыле
Ліст у «Звязду» напярэдадні вясновага свята — Міжнароднага дня жанчын — даслала работніца мясакамбіната, брыгадзір жаночай брыгады па адбудове Мінска А. К. Савіцкая: «Горад Мінск выхаваў мяне. Тут я расла разам з ростам горада. На маіх вачах будаваліся новыя шматпавярховыя дамы, культурныя ўстановы, прадпрыемствы. Радавалася сэрца, калі, бывала, праходзіш па прыгожых вуліцах горада — сталіцы нашай ордэнаноснай Беларусі. Ва ўсіх канцах чуўся гоман фабрычных і завадскіх карпусоў, бадзёры шум на вуліцах».
Нямецка-фашысцкія орды ператварылі горад у руіны і попел... «Нельга роўнадушна глядзець на разваліны горада. Яны клічуць да няшчаднай помсты фашыстам», — пісала жанчына.
З вызваленнем Мінска жанчыны прадпрыемства, на якім працавала аўтар пісьма, першымі прыступілі да аднаўлення сталіцы. Было створана некалькі жаночых брыгад. «У маёй брыгадзе знаходзіцца 6 жанчын. Усе мы не шкадуючы сіл працавалі па разборцы цэглы і расчышчэнні пляцовак пад будаўніцтва. За тры месяцы сваёй брыгадай мы адпрацавалі 820 чалавека-гадзін, замест плана 270 гадзін. Мы выбралі, ачысцілі і склалі ў штабялі звыш 10 тысяч штук цаглін, 75 кубаметраў бітай цэглы, многа радыятараў. Узоры выдатнай працы па аднаўленні паказвалі комсамолкі М. Пятровіч, М. Гайдук, Г. Савіцкая, якія штодзённа выконвалі свае нормы на 200-250 процэнтаў», — адзначала А. Савіцкая.
Сваёй самаадданай працай жанчыны дапамагалі бацькам, мужам і братам граміць фашысцкіх захопнікаў. За час вайны знікла разуменне «мужчынская прафесія». Жанчыны паспяхова спраўляліся з любой работай, прыкладалі ўсе намаганні да таго, каб як можна больш зрабіць для адбудовы свайго роднага краю.
«Зараз мы авалодваем будаўнічымі спецыяльнасцямі. Вясной мы выйдзем на адбудову па спецыяльнасці маляроў. Наш калектыў, як лепшы па адбудове горада, у мінулым годзе атрымаў пераходны Чырвоны Сцяг горсовета і гаркома КП(б)Б. Мы рашылі і ў гэтым годзе не здаць свайго пяршынства. З наступленнем вясны яшчэ з большай энергіяй возьмемся за адбудову роднага горада, прымем актыўны ўдзел у хутчэйшым адраджэнні сталіцы нашай рэспубліцы», — паведаміла жанчына ў лісце.