Top.Mail.Ru

«Звязда». № 47 — 10 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Кожны наступны дзень вясны 1945-га памнажаў славу Савецкай Арміі. 

«Бліскучыя перамогі, атрыманыя нашымі войскамі ў ходзе двух з лішнім год няспыннага наступлення, выразна паказвалі, што генералы і афіцэры Чырвонай Арміі сталі сапраўднымі майстрамі ваджэння войск, авалодалі сталінскай навукай перамагаць, навучыліся спалучаць масіраваныя ўдары магутнай тэхнікі з імклівым манёўрам».

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, войскі 2-га Беларускага фронту, развіваючы наступленне, авалодалі горадам Штольп — важным вузлом чыгунак і шасэйных дарог і моцным апорным пунктам абароны немцаў у Паўночнай Памераніі, а таксама занялі гарады Шлавэ, Ругенвальдэ, Штольпмюндэ і больш як 200 іншых населеных пунктаў, у тым ліку Райнфельд, Кельпен, Шэнберг, Суленшын.

На Штэцінскім напрамку франтавікі прадаўжалі баі па ачышчэнні ад праціўніка ўсходняга берага ракі Одэр. «Наносячы немцам удары з поўначы, усхода і поўдня, савецкія войскі прасоўваліся да горада Альтдам — апорнага пункта праціўніка, які прыкрываў Штэцін з усхода. Пехацінцы і танкісты, падтрыманыя артылерыяй, выбівалі немцаў з умацаванняў, пабудаваных у населеных пунктах і каля дарог». Захопленыя ў немцаў былі дзве самаходныя і 132 палявыя гарматы, многа мінамётаў, кулямётаў і іншыя трафеі. Таксама быў узяты ў палон камандзір палка нямецкай дывізіі «Меркіш-Фрыдланд» палкоўнік Янус.

У Венгрыі, на паўночным усходзе ад возера Балатон, немцы прадаўжалі атакі буйнымі сіламі танкаў, імкнучыся прарвацца да Дуная.

У тыле

«Члены ордэнаноснай сельскагаспадарчай арцелі імя Валадарскага, Пашкаўскага сельсавета, Магілёўскага раёна склалі вытворчы план на 1945 год», — пісаў карэспандэнт нашай газеты М. Яравы ў гэты дзень.

Да вайны, паводле звестак, гэта была найбагацейшая арцель у рэспубліцы. Калгаснікі штогод атрымлівалі стопудовыя ўраджаі збожжавых. Калгасны статак славіўся высокімі ўдоямі малака. На працадзень калгаснікі атрымлівалі пяць кілаграмаў збожжа, дзесяць кілаграмаў бульбы, пяць рублёў грашыма.

Вялікія страты нанеслі людзям акупанты. 457 галоў жывёлы недалічылі фермы калгаса пасля нямецкага «гаспадарання». Па-варварску была знішчана пчаліная пасека, грамадскія будынкі.

За восем месяцаў вольнага жыцця калгаснікам удалося дабіцца значных поспехаў. «Аднаўленчая работа пачалася з арганізацыйна-гаспадарчага ўмацавання арцелі. У калгасе былі створаны дзве паляводчыя брыгады, якія разбіты на звенні. Кожнай брыгадзе, кожнаму звяну прымацаван адпаведны ўчастак зямлі. За звеннямі-ж замацаваны працаёмкія культуры і насенныя ўчасткі».

Брыгадамі быў зацверджаны план павышэння ўраджайнасці. Сярэдні ўраджай, паводле звестак, павінен быў скласці: ячменю — 15 цэнтнераў, аўса — 16 цэнтнераў, пшаніцы — 12, ільнасемя — 5,5, ільновалакна — 6 і бульбы — 170 цэнтнераў з гектара.

«Каб атрымаць такі ўраджай, калгаснікі рашылі ўнесці пад пасеў яравых 150 тон гною і ўвесь сабраны попел».

Вечарамі людзі навучаліся ў агратэхнічным гуртку, павышалі свае веды. Вялікая ўвага была звернута на вырошчванне высакаякаснага насення.

«Слова ў пашкаўскіх калгаснікаў цвёрдае. Яны вернуць былую славу роднаму ордэнаноснаму калгасу, зробяць яго гаспадарку ўсебакова развітай. За гэта спаборнічаюць брыгады і звенні».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю