У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Паводле звестак Савецкага інфармбюро, на працягу 10 сакавіка на паўднёвым усходзе ад Данцыга нашы войскі ў выніку наступальных баёў занялі горад Тыгенхоф і населеныя пункты Юнгфер, Нойштэдтэрвальд, Ладэкоп, Тыгэ, Марыенау, Нідау, Хальбштат, Міленц, Грос Мантау.
Войскі 2-га Беларускага фронту, развіваючы паспяховае наступленне на Данцыгскім напрамку, авалодалі важнымі вузламі чыгунак і шасэйных дарог — гарадамі Лаўенбург і Картузы (Картхауз), а таксама занялі больш чым 300 іншых населеных пунктаў, у тым ліку Бальдау, Дальвін, Шонек, Грос Гальмкау, Грэнцдорф, Кабісау, Міхуцын, Сіраковітц, Бутцкоў, Цэвітц, Ноендорф, Ландэхоф, Вітцыг, Цэцэноў, Гізебітц, Шмользін.
На Штэцінскім напрамку франтавікі занялі населеныя пункты Егерсвайль, Францхаўзен, Бухольц, Клебоў.
≪У Венгрыі, на паўночным усходзе ад возера Балатон, праціўнік узмацніў сваю групіроўку эсэсаўскімі танкавымі дывізіямі і прадаўжаў атакаваць нашы пазіцыі. Жорсткія баі прадаўжаліся і днём, і ноччу. Совецкія пехацінцы, артылерысты і бронебойшчыкі агнём з усіх відаў зброі і контрударамі адбіваюць варожыя атакі. Толькі на адным участку адбіта дваццаць атак. Месцы баёў усеяны трупамі гітлераўцаў і разбітым узбраеннем праціўніка≫, — пісала «Звязда».
Савецкія воіны, адбіваючы атакі буйных сіл танкаў і пяхоты праціўнікаў, праяўлялі непахісную стойкасць і мужнасць. Неўміручы подзвіг здзейсніў камандзір узвода, малодшы лейтэнант Кісялёў. ≪Калі варожы танк уварваўся ў размяшчэнне нашай часці, лейтэнант з процітанкавай гранатай кінуўся пад гусеніцы танка і падарваў яго≫. Таварыш Кісялёў загінуў смерцю героя…
А браты-кулямётчыкі Васіль і Андрэй Чэрных, прапусціўшы нямецкі танк праз свой акоп, адкрылі агонь з кулямёта па пяхоце і знішчылі групу гітлераўцаў, якая следавала за танкам. Той павярнуў назад і стаў прасаваць акоп, у якім знаходзіліся кулямётчыкі. Выбраўшы зручны момант, браты Чэрных падарвалі танк гранатай і знішчылі нямецкіх танкістаў, якія спрабавалі выратавацца ўцёкамі.
У тыле
«Звязда» пісала, што Нарачанская рыбная прамысловая гаспадарка да вайны была адной з найбуйнейшых не толькі ў Маладзечанскай вобласці, але і па ўсёй рэспубліцы. ≪Багацейшыя рыбай азёры — Нарач, плошчаю каля 8 тысяч гектараў, Мястра, Баторына, Мядзель, Свір, Вішнёва, якія раскінуліся адно каля другога, а таксама дзясяткі дробных азёр і прудоў, аб’яднаныя ў Нарачанскі рыб-трэст, — складаюць звыш 17 тысяч гектараў. Невычарпальныя запасы каштоўнейшай рыбы — шчупак, вокунь, плотка, лінь, карась, а ў прудах — зяркальны карп, — былі велізарнай дадатковай крыніцай харчавання для рабочых нашай краіны≫. Да вайны, за час існавання савецкай улады, нарачанскі рыбпрамгас даваў краіне да 400 тон рыбы-сырцу за год, з іх каля 150 цэнтнераў карпа.
З надыходам вайны, паводле звестак, ад нямецка-фашысцкіх разбойнікаў гаспадарка, на жаль, панесла цяжкія разбурэнні. Быў спалены рыбавяндлярны завод, які меў прапускную магутнасць да 40 цэнтнераў за змену. Узарваны дадатковы рыбавяндлярны цэх. Знішчаны склады, леднікі, жылыя памяшканні…
Тагачасны карэспандэнт «Звязды» Д. Віннікаў наведаў вёску Купы, што ў Мядзельскім раёне. Там, відаць, пазнаёміўся з кіраўніком Нарачанскага рыбпрамгаса Васілём Буднікам, з якім чакаў рыбакоў з начной лоўлі. Той паведаміў, што пра Нарач яшчэ ў 1937 годзе прыдумалі звонкую, крылатую песню, якая абуджала рыбацкія вёскі. ≪Рыбачкі, дзеці і старыя дзяды выходзяць насустрач песні, падымаюцца на ўзвышшы і, прыклаўшы далонь да вачэй, углядаюцца ўдалеч≫. Сіла гэтай песні і да 1945-га не страціла свайго значэння…
«Нарач, наша родная маці,
Ты ўскарміла, ўспаіла нас, рыбакоў,
Цябе будзем мы зберагаці
Ад фашыстаў, праклятых паноў».
Любоў да сваёй радзімы, імкненне дапамагчы гераічнай Чырвонай Арміі хутчэй знішчыць фашысцкую погань, любоў да свайго рамяства ўзнялі нарачанскіх рыбакоў на новыя працоўныя подзвігі па аднаўленні рыбнай гаспадаркі.
За кароткі тэрмін Нарачанскі рыбпрамгас правёў велізарную работу. ≪Зараз працуюць 230 рыбакоў, якія арганізаваны ў 8 рыбалавецкіх арцелях і двух брыгадах. За 1944 год нарачанскія рыбакі далі краіне 922 цэнтнеры свежай рыбы≫, — пісала наша газета.
≪...Скончыўся рабочы дзень. Над вёскай Купы, што цягнецца ўздоўж возера, спусцілася сакавіцкая ноч. У хатах ідзе звычайная вячэрняя праца. Жанчыны, толькі што прыбраўшы сталы пасля вячэры, прымаюцца — хто за пражу кудзелі для невадаў, хто за рамонт рыбацкай вопраткі, вяжуць снасці. Дасціпным жаночым рукам заўсёды знойдзецца работа≫.