Top.Mail.Ru

«Звязда». № 49 — 14 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

На працягу 13 сакавіка на паўднёвым усходзе ад Данцыга нашы войскі, наступаючы на поўнач уздоўж усходняга берага Віслы, занялі населеныя пункты Раймерсвальдэ, Нойтайхервальдэ, Фірцэнхубен, Брэскерфельд, Прангенау, Нойкірх, Пальшау.

На паўночным захадзе ад горада Гдыні франтавікі, паводле звестак, узялі населеныя пункты Рэда, Полхау, Брэзін, Осланін, Рутцау, Гнездау, Шварцау, Халерова, Хлапау. За 12 сакавіка ў гэтым раёне ўзята ў палон больш за тысячу нямецкіх салдат і афіцэраў.

На 1-м Беларускім фронце ў баях за горад і крэпасць Кістжынь (Кюстрын) было захоплена ў палон больш за тры тысячы немцаў. У ліку палонных — камендант крэпасці Кістжынь палкоўнік Кругер.

«У Венгрыі, на паўночным усходзе і ўсходзе ад возера Балатон, буйныя сілы танкаў і пяхоты праціўніка прадаўжалі атакаваць нашы пазіцыі. Баі набывалі ўсё больш жорсткі характар і часта пераходзілі ў рукапашныя схваткі. Не дабіўшыся поспеху на адным участку, немцы мянялі напрамак удару, спрабуючы знайсці слабае месца ў савецкай абароне. Аднак не ўдавалася. На ўсіх участках іх сустракала ўпорнае супраціўленне нашых войск — фашысты неслі велізарныя страты».

На другіх участках фронту — пошукі разведчыкаў і ў радзе пунктаў баі мясцовага значэння.

У тыле

«Выкананне плана аднаўлення і далейшага развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі было ў 1945 годзе важнейшай ваенна-гаспадарчай задачай савецкіх і партыйных арганізацый, зямельных органаў, калгасаў, МТС і саўгасаў, камуністаў і камсамольцаў, аграномаў, калгаснікаў і калгасніц, сялян заходніх абласцей, рабочых і служачых», — пісала «Звязда».

Прайшло ўсяго восем месяцаў з таго часу, як доблесная Чырвоная Армія вызваліла Беларусь з фашысцкай няволі. За гэты параўнальна кароткі час была прароблена значная работа па аднаўленні разбуранай ворагам сельскай гаспадаркі. Нягледзячы на вялікі недахоп рабочых рук, цягла, машын, перамагаючы цяжкасці ваеннага часу, людзі выконвалі свае абавязацельствы перад дзяржавай.

«...Яшчэ перад пачаткам Айчыннай вайны ў Віцебскай вобласці будаваўся буйны торфабрыкетны завод «Дабееўскі мох».

«У 1942-м годзе ён павінен быў даць 50 тысяч тон брыкетнага паліва для прамысловасці і насельніцтва рэспублікі», — паведамляла «Звязда».

На заводзе былі створаны механічная майстэрня, кантора. Вяліся паскораныя работы па пабудове чыгункі завода і балотна-падрыхтоўчыя работы. Завод меў багаты транспарт.

Нямецка-фашысцкія захопнікі на яго месцы пакінулі руіны. Увесь запас будаўнічых матэрыялаў і транспартныя сродкі спалілі або вывезлі.

Пасля выгнання фашыстаў гэта прадпрыемства адразу аднавіла сваю дзейнасць. Пачалося будаўніцтва чыгункі. Паскоранымі тэмпамі вяліся балотна-падрыхтоўчыя работы:

«Ужо вырыты 8,4 тысячы кубаметраў магістральных канаў. Для аблягчэння працы рабочых і павелічэння яе прадукцыйнасці мёрзлая зямля, якая перашкаджае зімой рыць канавы, узрываецца. Такім жа спосабам робіцца выемка на будаўніцтве чыгункі. Рабочыя па-сапраўднаму ўзяліся за аднаўленне свайго прадпрыемства. Лепшыя з іх штодзённа перавыконваюць свае нормы. Сярод іх — таварышы Якушаў, Рубінаў і другія, якія выконваюць план на 130-140 працэнтаў», — пісала наша газета ў гэты дзень.

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю