Top.Mail.Ru

«Звязда». № 49 — 14 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Войскі 2-га Беларускага фронту прадаўжалі наступленне. Наша газета паведамляла, што 12 сакавіка франтавікі авалодалі важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на подступах да Данцыга і Гдыні — гарадамі Тчэў (Дзіршаў), Вейхарава (Нойштадт) — і вышлі на ўзбярэжжа Данцыгскай бухты на поўначы ад Гдыні, заняўшы горад Пуцк (Путцыг). «Адначасова войскі фронта занялі больш за 100 іншых населеных пунктаў, сярод іх — Квашын, Коплетцкау, Рэшке, Гневау, Грос Шлатау, Зелістрау, Польцын, Верблін, Шлавошык, Карвен. За 11 сакавіка ў гэтым раёне ўзята ў палон больш за 2 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў», — пісала «Звязда».

Войскі 1-га Беларускага фронту, паводле звестак, пасля ўпорных баёў у гэты дзень штурмам авалодалі горадам і крэпасцю Кістжынь (Кюстрын) — важным вузлом шляхоў зносін і магутным апорным пунктам абароны немцаў на рацэ Одэр, які прыкрываў подступы да Берліна.

У Венгрыі, на паўночным усходзе і ўсходзе ад возера Балатон, наша армія адбівала атакамі буйных сіл пяхоты і танкаў праціўніка і нанесла яму вялікія страты. У баях за 11 сакавіка ў гэтым раёне агнём нашай артылерыі былі знішчаны 54 нямецкія танкі і самаходныя гарматы. Апрача таго, паводле звестак, падбіты і падарваліся на нашых мінных палях 27 танкаў і самаходных гармат немцаў. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі былі збіты 102 варожыя самалёты.

На другіх участках фронту працягваліся баі мясцовага значэння і пошукі разведчыкаў.

У тыле

...Зусім нядаўна падлеткі з вёсак, дзіцячых дамоў, партызанскіх атрадаў прыйшлі на заняткі ў рамесніцкае вучылішча № 12 горада Ліды. «Некаторыя з іх удастоены ўрадавых узнагарод. На грудзях маладых патрыётаў, былых народных мсціўцаў Шульгі, Драздоўскага, Пусека і другіх красуюцца медалі „Партызану Айчыннай вайны“», — пісала наша газета ў гэты дзень.

Выхаванец вучылішча Дубін расказаў карэспандэнту «Звязды», чаму вырашыў вучыцца менавіта тут: «Дружна мы жылі да вайны. Я вучыўся ў школе, бацька і маці працавалі. Вечарамі, калі ўся сям’я збіралася дамоў, у нас было так прыемна. Многа я думаў аб сваім будучым жыцці, марыў стаць слесарам... Цяпер мае мары здзейсніліся».

Калі хлопчык пачынаў расказваць пра смерць блізкіх, — пісала наша газета, — твар яго рабіўся суровым, вочы напаўняліся гневам помсты ворагу. У дружным калектыве вучылішча сірата адчуў бацькоўскія клопаты і мацярынскую ласку... Савецкая дзяржава ўзяла яго на сваё поўнае ўтрыманне.

«У дзевяць гадзін раніцы пачатак заняткаў. Групы сталяроў, слесараў і токараў займаюць свае месцы. Вучні слясарнага аддзялення асвоілі распілоўку і рэзку метала і прыступілі да вырабу інструменту. Кожны вучань гэтага аддзялення ўжо самастойна вырабляе малаткі і бабкі для кляпання кос. Значных поспехаў у рабоце дасягнулі вучні Комалаў, Чакураў, Мошка, Закрэўскі. 200 процэнтаў нормы — дзённы паказчык іх работы», — паведамляла «Звязда».

Шумам такарных станкоў, стукам малаткоў і звонам піл напоўнены былі цэхі майстэрань. Сталяры, токары і слесары, захапіўшыся работай, паводле інфармацыі з газеты, не чулі сігналу на абедзенны перапынак, які ў падлеткаў доўжыўся дзве гадзіны: «І вось зноў пасля перапынку з цэхаў майстэрань вырваўся шум працы. Малады прадвясенні вецер падхапіў яго і панёс далёка на суседнія вуліцы і кварталы. І нейкае прыемнае пачуццё ахапляе цябе, калі чуеш гэтую зладжаную песню працы ў разбітым і зруйнаваным горадзе. Горад жыве і ваюе. У ім куюцца працоўныя рэзервы — новае папаўненне рабочага класа».

Калі надыходзіў час адпачынку, юныя майстры ішлі вячэраць. Пасля, — пісала «Звязда», — заходзілі ў інтэрнат. Хто чым займаўся: адны рыхтавалі і правяралі лыжы, другія заходзілі ў чырвоны куток пачытаць газету, кнігу, паслухаць радыё. Аматары мастацкай самадзейнасці рыхтаваліся да чарговага выступлення: «Група лыжнікаў, вяртаючыся з прагулкі, падыходзіла да вучылішча. Гучэў голас запявалы тав. Шульгі:

«По долинам и по взгорьям
шла дивизия вперед
»...

У такт кроку падхапілі гэтую песню ўсе хорам, і яна стала зычнай, бадзёрай, магутнай. Лясное рэха паўтарыла яе матыў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю