Top.Mail.Ru

«Звязда». № 50 — 16 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Ва Усходняй Прусіі, на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга, нашы войскі працягвалі наступленне. Упартыя баі адбыліся ў раёне апорнага пункта нямецкай абароны Хайдэ Вальдбург, які знаходзіўся на ўзбярэжжы заліва Фрыш Гаф. Праціўнік, імкнучыся аднавіць сувязь паміж кёнігсбергскім гарнізонам і групай сваіх войскаў, якая дзейнічала на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга, здзейсніў рад жорсткіх контратак. Населены пункт Хайдэ Вальдбург некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. ≪Сёння нашы войскі, — пісала ≪Звязда≫, — імклівым ударам зламалі варожае супраціўленне і па значным участку выйшлі да заліва Фрыш Гаф. Паасобныя групы немцаў, прыціснутыя да заліва, склалі зброю і здаліся ў палон. На другім участку совецкія часці ў выніку ўпорных баёў, якія пераходзілі ў рукапашныя схваткі, занялі рад населеных пунктаў≫.

За дзень баёў было знішчана, паводле звестак Савецкага інфармбюро, чатыры з паловай тысячы салдат і афіцэраў праціўніка. Падбіта і спалена 29 нямецкіх танкаў і самаходных гармат, знішчана 108 палявых гармат, 50 мінамётаў і 280 кулямётаў. Нашымі байцамі захоплена ў фашыстаў многа ўзбраення і ваеннай маёмасці.

У Кольбергу 15 сакавіка прадаўжаліся баі па знішчэнні гарнізона праціўніка, блакіраванага ва ўсходняй частцы горада.

У Венгрыі, на паўночным усходзе і ўсходзе ад возера Балатон, нашы войскі адбілі атакі пяхоты і танкаў фашыстаў.

На другіх участках фронту працягваліся баі мясцовага значэння і пошукі разведчыкаў.

У тыле

Надыходзіла гарачая пара веснавых работ. Палітычная агітацыя, як і прапаганда агранамічных ведаў, набыла ў вёсцы на той час шырокі размах: ≪Як і ў мінулыя годы, абавязак партыйных арганізацый — шырока арганізаваць соцыялістычнае спаборніцтва, — пісала наша газета, — Каб спаборніцтва было дзейсным, трэба рэгулярна праводзіць узаемную праверку выканання абавязацельстваў, узятых калгасамі, соўгасамі і МТС, даводзіць вынікі гэтай праверкі да кожнага працоўнага праз мясцовую газету па радыё≫.

Пра падрыхтоўку да сяўбы ў перадавым калгасе «Чырвоны хлебароб» Гомельскага раёна ў 50-м нумары «Звязды» 1945 года пісалі шмат: ≪Вёска Яроміна была багатай да Айчыннай вайны. Нямецкія акупанты, як і ўсюды, прынеслі ёй многа страт і разбурэнняў. Паспяхова аднаўляючы арцельную гаспадарку, калгаснікі паставілі сабе мэтай ужо ў гэтым годзе зрабіць свой такім, якім ён быў да вайны. На малочна-таварнай ферме стаіць цяпер 85 галоў буйной рагатай жывёлы, якая мае добры выгляд≫.

У нашай газеце гаварылася аб тым, што на нарадзе ў канцылярыі калгаса збіраліся актывісты, якія абмяркоўвалі вынікі гатоўнасці да маючай адбыцца сяўбы: ≪Брыгадзіры паляводчых брыгад, звеннявыя, жывёлаводы — у памяшканні станавілася ўсё цясней і цясней, а калгаснікі ўсё шлі і шлі...

Старшыня сельсавета звярнуўся да прысутных: ≪Ваш калгас адным з першых у раёне закончыў падрыхтоўчыя работы да веснавой сяўбы. Але гэта не значыць, што можна цяпер скласці рукі і чакаць, пакуль сыйдзе з палёў снег. Час, які астаўся да палявых работ, трэба ўмела і рацыянальна выкарыстаць. Трэба яшчэ раз прагледзець кожную дробязь, зрабіць усё, што толькі можна па накапленню мясцовых угнаенняў≫. У 1945 годзе народ павінен быў арганізаваць сваю работу так, каб калгас «Чырвоны хлебароб» па галоўных галінах абавязкова дасягнуў даваеннага ўзроўню.

Познім вечарам хлебаробы разыходзіліся з нарады па сваіх дамах. Чыстае неба было ўсеяна незлічонымі зоркамі:

— Заўтра будзе прыгожы дзень, — акінуўшы позіркам навокал, сказаў калгасны конюх Лаўрэн Кардашоў. Ён пайшоў на канюшню, каб яшчэ раз перад сном паглядзець, што там робіцца≫…

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю