Top.Mail.Ru

«Звязда». № 50 — 16 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Перамога станавілася ўсё бліжэй, але вораг не здаваўся без бою: ≪Мы ведаем, што прадстаяць яшчэ цяжкія і жорсткія баі. Воaраг супраціўляецца з адчаем гінучага. Ён кідае ў бой апошнія сілы і рэзервы, чапляецца за кожны кавалачак зямлі, прымяняе самыя каварныя прыёмы барацьбы≫, — пісала «Звязда». Немцы адчувалі набліжэнне гібелі, спрабавалі любымі сродкамі і метадамі спыніць або затрымаць прасоўванне нашых войскаў…

На працягу 14 сакавіка на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга войскі 3-га Беларускага фронту вялі наступальныя баі па знішчэнні ўсходне-прускай групы войскаў праціўніка і занялі населеныя пункты Грос Клінгбек, Грунвізе, Ланк, Бартланген, Хіракен, Хансвальдэ, Грос Людткенфюрст, Шэнліндэ, Кенігліх Рэдэрсдорф, Хоенвальдэ, Брайтліндэ, Ліндэнау і чыгуначную станцыю Фогельзанг. Франтавікамі было ўзята ў палон больш чым дзве тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.

Войскі 2-га Украінскага фронта, пераадольваючы супраціўленне фашыстаў у горна-лясістай мясцовасці ў паласе Карпат, у гэты дзень авалодалі горадам і важным чыгуначным вузлом Зволен — моцным апорным пунктам абароны немцаў на рацэ Грон, а таксама занялі населеныя пункты Лесковец, Мустэва, Мазолеўцы, Добра Ніва, Банска Бела, Тепла, Рэпіштэ, Поважан≫, — паведамляла наша газета ў гэты дзень.

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, у Венгрыі, на паўночным усходзе і ўсходзе ад возера Балатон, нашы войскі адбілі варожыя атакі. На адным участку немцы ўвялі ў бой да сотні танкаў і мотапяхоты. Пасля шматгадзіннага бою праціўнік быў адкінуты на зыходны рубеж. На другіх участках гітлераўцы, сустрэтыя моцным артылерыйскім агнём, павярнулі назад, не дасягнуўшы нашых пазіцый. Стралковая рота старшага лейтэнанта Краснаслабодцава, адбіваючы варожыя атакі, знішчыла тры нямецкія танкі і роты гітлераўцаў. Гарматны разлік гвардыі старшага сяржанта Мілаванава падбіў тры варожыя танкі. Радавы Барыс Яхантаў процітанкавымі гранатамі падарваў два нямецкія танкі. Сувязіст гвардыі сяржант Грыгорый Максіменка, паправіўшы абрыў на лініі сувязі, вяртаўся ў сваё падраздзяленне. Ён заўважыў, што варожы снарад, які разарваўся, вывеў са строю разлік нашай гарматы. Максіменка падбег да гарматы і адкрыў агонь па праціўніку. Меткімі выстраламі ён падбіў дзве нямецкія самаходныя гарматы…

У тыле

Калгаснікі перадавога ў Гомельскай вобласці калгаса «Чырвоны хлебароб» дружна і арганізавана сустракалі веснавую сяўбу. ≪Тут поўнасцю засыпана і ачышчана насенне. Адрамантаваны ўвесь сельскагаспадарчы інвентар. Калгасныя коні добрай укормленасці≫, — пісала «Звязда».

У лістах нашай газеце перадавікі ў гэты дзень расказвалі аб поспеху ў працы, а таксама аб тым, як яны змагаліся за высокі ўраджай.

Старшыня калгаса П. Багданаў пісаў: ≪Поспех веснавой сяўбы не прыдзе сам, то трэба здабыць у цяжкай, напружанай працы. Мы прыкладзем усе намаганні, каб па-баявому справіцца з гэтай адказнай дзяржаўнай задачай. Залогам гэтага служыць соцыялістычнае спаборніцтва паміж брыгадамі, звеннямі, калгаснікамі, якое з кожным годам усё шырэй і шырэй разгортваецца. Нашы калгаснікі аб’явілі паход за высокі ўраджай≫.

План яравой сяўбы, паводле звестак са «Звязды», у 1945 годзе ў гэтай арцелі налічваў звыш 640 гектараў, гэта значыць столькі ж, колькі сеялі да вайны: ≪Сяўба — вельмі адказны і, можна сказаць, самы рашаючы перыяд у сельскагаспадарчым годзе. Своечасова пасееш па добра апрацаванай і ўгноенай глебе — з хлебам будзеш, упусціш — без хлеба астанешся≫.

Каваль калгаса Марозаў адзначаў, што ўказанні старшыні выкананы: «Інвентар у нас цяпер у парадку. Але, нягледзячы на заканчэнне рамонту, кузня наша працуе няспынна. Са сваімі памочнікамі — Якавам Махаўцовым і Цімохам Бляскіным — я па-ранейшаму працую ад цямна да цямна».

Другі раз пасля вызвалення мы выйдзем на нашы калгасныя палі і засеем іх чыстым, адборным насеннем, — паведамляла нашай газеце брыгадзір 1-й паляводчай брыгады Л. Чайкова. — Мінулы сельскагаспадарчы год прынёс нам першыя поспехі. Мы знялі нядрэнны ўраджай. Але ў гэтым годзе наш калгас мае куды больш магчымасцей у вырошчванні сапраўды высокага, багатага ўраджаю≫.

Вясенні дзень — год корміць≫, — гаворыць народная прыказка. Рыхтуючыся да веснавых работ, перадавікі гэта ўлічвалі: ≪Мы з нецярпеннем чакаем першага дня выезду ў поле і ведаем, што веснавая сяўба прынясе нашай брыгадзе новыя поспехі≫.

Веснавую сяўбу правесці хутка і на высокім узроўні — баявая і пачэсная задача кожнага калгасніка≫, — адзначала ў сваім лісце звеннявая калгаса Ніна Сазоненка. Дастатковага вопыту работы яна не мела, але ж: ≪Нічога, Ніна, — гавораць мне дзяўчаты, — пастараемся, каб не адстаць ад другіх≫.

Яны абавязаліся на сваім участку вырасціць самы высокі ўраджай у калгасе — 120 пудоў збожжавых з гектара. Упэўнена, сваё слова жанчыны з чэсцю стрымалі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю