Top.Mail.Ru

«Звязда». № 51 — 18 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

На працягу 17 сакавіка на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга нашы войскі, прадаўжаючы баі па знішчэнні ўсходне-прускай групы немцаў, занялі населеныя пункты Брандэнбург, Поплітэн, Першкен, Легнітэн, Праўсен, Панвіц, Ворнікам, Фордэн-Фройдэнталь, Дойч Тырау, Більсхефен. За 16 сакавіка ў гэтым раёне ўзята ў палон больш 700 нямецкіх салдат і афіцэраў.

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, на Штэцінскім напрамку франтавікі прадаўжалі баі па ліквідацыі плацдарма праціўніка на ўсходнім беразе Одэра. Немцы сканцэнтравалі на плацдарме вялікую колькасць артылерыі, у тым ліку цяжкія зенітныя гарматы: ≪Моцным агнём і контратакамі гітлераўцы імкнуцца ўтрымаць свае пазіцыі. Нашы войскі, якія наступаюць з поўначы, занялі некалькі населеных пунктаў, якія знаходзяцца на ўсходнім узбярэжжы возера Дамшэр-Зее. Немцы выбіты з сялення Вільхельмсфельдэ (7 кілометраў на паўночным усходзе ад горада Альтдам). Другія нашы часці, якія наступаюць з поўдня, уздоўж усходняга берага Одэра, зламалі ўпорнае супраціўленне праціўніка і занялі населены пункт Фраўенхоф, які знаходзіцца ў 8 кілометрах ад Штэціна≫. За дзень баёў было знішчана больш трох тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.

У раёне Брэслау прадаўжаліся баі па знішчэнні акружанай у горадзе групы войскаў праціўніка.

Узяты ў палон на 1-м Беларускім фронце камандзір 1-га нямецкага сапёрнага палка палкоўнік Генлейн расказваў: ≪Мой полк падпарадкаваўся непасрэдна камандуючаму берлінскай ваеннай акругай. У апошні час падраздзяленні палка рылі акопы і будавалі прамежныя абарончыя рубяжы. Салдаты працавалі дзень і ноч, але ўся наша праца прапала дарэмна. Совецкія танкі прарваліся ў нашы тылы. Мы апынуліся ў акружэнні разам з тымі нямецкімі часцямі, для якіх будавалі ўмацаванні≫.

У іх быў толькі адзін выхад — скласці зброю. Што і зрабілі: ≪Мне 57 год. Я прафесіянальны афіцэр і да пачатку вайны быў упэўнены, што Германія пераможа. Але, прызнаюся, што такога паражэння, якое нямецкая армія пацярпела за апошнія месяцы на Усходнім фронце, я ўсё-такі не чакаў≫.

У тыле...

Мінску немцы нанеслі велізарныя страты. Яны знішчылі амаль усю прамысловасць, камунальную гаспадарку, транспарт. Фашысты разбурылі жыллёвы фонд сталіцы. Пасля вызвалення мінчане адразу ўзяліся за аднаўленне сталіцы. ≪Жыхары Мінска з першых дзён вызвалення роднага горада прыступілі да залечвання яго цяжкіх ран. Тысячы мінчан усю восень, не пакладаючы рук, працавалі па навядзенню парадку ў горадзе, на нарыхтоўцы будаўнічага матэрыялу. Народны пачын прынёс добрыя вынікі...

Перад людзьмі стаяла задача — размах аднаўленчых работ павінен непараўнальна вырасці. На гэта ў 1945-м выдзелілі 212 мільёнаў рублёў: ≪Разам з аднаўленнем 15 вялікіх жыллёвых дамоў, гасцініцы ≪Беларусь≫, 1-й і 2-й гасцініц, павінны быць адноўлены 17,18,25 сярэднія школы, Палац піонераў, галоўны корпус педінстытута, інтэрнат для студэнтаў≫. Спіс быў даволі істотным.

Хутка павінен быў надысці вясенне-летні будаўнічы сезон. Важным быў кожны дзень, а ступень падрыхтаванасці да аднаўленчых работ вырашала поспех гэтай вялікай справы. «Звязда» пісала, што ў свой час гарсавет прыняў пастанову аб масавай падрыхтоўцы кваліфікаваных будаўнікоў з ліку насельніцтва Мінска: ≪Працоўныя праявілі вялікую цікавасць да гэтага мерапрыемства і многія выказалі жаданне навучыцца будаўнічым прафесіям, каб працаваць на адраджэнне роднага горада≫.

Мінск, — пісала наша газета ў гэты дзень, — павінен стаць квітнеючым горадам. Гэта жаданне ўсіх працоўных Совецкай Беларусі. Прамы абавязак будаўнічых, партыйных і совецкіх арганізацый горада — скарыстаць усе магчымасці, каб паспяхова справіцца з гэтай задачай≫.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю