Top.Mail.Ru

«Звязда». № 52 — 20 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

На працягу 19 сакавіка на паўночным захадзе ад Кёнігсберга нашы войскі вялі паспяховыя баі па знішчэнні ўсходне-прускай групы немцаў і, прасоўваючыся да ўзбярэжжа заліва Фрыш Гаф, занялі больш чым 30 населеных пунктаў, у тым ліку Шэлен, Віндкайм, Потлітэн, Кіршайтэн, Шрайнен, Квілітэн, Нойвальд, Фрайхуфен, Галінген, Грунвальдэ і многія іншыя. У баях за 18 сакавіка ў гэтым раёне франтавікі ўзялі ў палон 2138 нямецкіх салдат і афіцэраў, захапілі наступныя трафеі: танкаў і самаходных гармат — 47, гармат — 236, мінамётаў — 57, кулямётаў — 350, аўтамашын — 530, паравозаў — 59, чыгуначных вагонаў — 550 і складаў з рознай ваеннай маёмасцю — 50.

Па ўдакладненых даных, у баях за Кольберг войскі 1-га Беларускага фронту ўзялі ў палон больш за 6 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.

У Брэслау нашы войскі прадаўжалі баі па ліквідацыі акружанага гарнізона праціўніка: «Пераадольваючы на сваім шляху завалы, барыкады і мінныя загароды, савецкія штурмавыя групы крок за крокам прасоўваюцца ўперад». Упартыя баі адбываліся ў раёне буйнага аўтамабільнага завода «Фамс Юнкерс». Нашы падраздзяленні зламалі супраціўленне немцаў і занялі паўднёва-заходнюю частку завода. На поўначы ад плошчы Гіндэнбурга савецкія пехацінцы адбілі пяць контратак праціўніка і ў выніку бою, які неаднаразова пераходзіў у рукапашныя схваткі, авалодалі чатырма варожымі вузламі супраціўлення. Другія нашы часці, паводле звестак Савецкага інфармбюро, вялі баі на подступах да галоўнай таварнай станцыі і чыгуначных майстэрань.

На другіх участках фронту — баі мясцовага значэння і пошукі разведчыкаў.

У тыле

Беларускі народ паспяхова адраджаў народную гаспадарку рэспублікі, разбураную і зруйнаваную за тры гады нямецка-фашысцкімі захопнікамі. «На папялішчах зноў устаюць ва ўсёй сваёй велічы фабрыкі і заводы, гарады і сёлы, — пісала „Звязда“. — Аднаўляюцца машынна-трактарныя станцыі, будуюцца школы і бальніцы, адраджаецца жыццё ў спаленых калгасах і раённых цэнтрах рэспублікі».

Паводле тагачасных звестак, больш за пяць тысяч родных беларускіх вёсак немцы сцерлі з твару зямлі. Яны пакінулі без прытулку звыш 400 тысяч сем’яў, якія вымушаны былі жыць у зямлянках, шукаць сховішча і ратунку ў лясах...

З першых дзён вызвалення Савецкай Беларусі народ з выключным уздымам і бадзёрасцю ўзяўся за адбудову спаленых ворагам дамоў. У прыклад прыводзілі ініцыятыўную і самаадданую працу калгаснікаў Лельчыцкага раёна — як можна і трэба хутка, высакаякасна і танна аднаўляць калгасныя сёлы сіламі самога насельніцтва: «З 7061 дома калгаснікаў, рабочых і служачых, якія былі ў Лельчыцкім раёне да Айчыннай вайны, нямецкія варвары знішчылі 7017 дамоў. Цалкам быў зруйнаваны раённы цэнтр, грамадскія і дзяржаўныя будынкі. Партыйныя і савецкія арганізацыі пасля вызвалення раёна ад нямецкіх акупантаў па-бальшэвіцку ўзяліся за аднаўленчую работу», — паведамляла наша газета ў гэты дзень.

Яны ж — лельчыцкія актывісты — былі ініцыятарамі паскоранага складання зрубаў непасрэдна ў лесе. Шырока скарысталі на забудове вёсак жаночую працу і метад стварэння пастаянных будаўнічых брыгад. Гэта быў падыход да справы, варты шырокага пераймання і пахвалы.

«Звязда» пісала, што новая вёска павінна была быць не толькі прыгожай, культурнай, добраўпарадкаванай, але і правільна спланаванай, з улікам усіх мясцовых умоў і рэльефу: «Пабудаваць вёску паводле такога плана — значыць стварыць усе ўмовы для культурнага і заможнага жыцця. І сонечнае святло ў кватэрах калгаснікаў, і чыстае паветра, і прасторныя чыстыя пакоі для жылля, і сад, і ягаднікі, якія ўпрыгожваюць сядзібу, — усё гэта важнейшыя пытанні, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў праектах сядзібы калгасніка».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю