У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
На працягу 18 сакавіка на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга нашы войскі вялі баі па знішчэнні ўсходне-прускай групы немцаў і, сціскаючы кальцо акружэння, занялі больш за 40 населеных пунктаў, у тым ліку Коршэнру, Патэрсорт, Людвігсорт, Шваніс, Рыпен, Лаўкітэн, Прэйсіш, Тыраў, Ленхефен, Малендорф, Рэфельд і іншыя.
Войскі 1-га Беларускага фронту, зламаўшы супраціўленне акружанага гарнізона немцаў, у гэты дзень авалодалі горадам і портам на Балтыйскім моры Кольберг. «Як да цэнтра велізарнай павуціны зыходзяцца яе ніці, так зыходзяцца да Кольберга шматлікія шасейныя дарогі і чыгункі па ўсёй Памераніі. Сюды, да гэтага партовага горада на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора, сцягваліся з усходу тылы нямецкіх армій, рэшткі разгромленых варожых дывізій. Немцы спадзяваліся адседзецца за шматлікімі гарадскімі ўмацаваннямі пад прыкрыццём карабельнай артылерыі», — пісала газета ў гэты дзень.
Паводле звестак, пасля цяжкіх і ўпартых баёў на бліжніх подступах да горада наша пяхота ўшчыльную падышла з захаду і пачала яго штурм. Прыкрываючыся ракой Перзантэ, немцы абаранялі гарадскія кварталы.
Разгромлены варожы гарнізон спрабаваў выратавацца на суднах, але наша артылерыя абрушыла на порт масіўны агонь. «Баі перамясціліся ва ўсходнюю частку горада, — паведамляла „Звязда“. — Савецкія часці ачысцілі ад праціўніка вуліцы на поўдні ад чыгункі, а потым распачалі рашучы штурм». Пасля жорсткіх вулічных баёў франтавікі зламалі супраціўленне варожага гарнізона і поўнасцю авалодалі горадам і
портам.
У Чэхаславакіі, на захадзе і паўднёвым захадзе ад горада Зволен, нашы войскі ў выніку наступальных баёў занялі населеныя пункты Остра Лука, Шашоўске Падгроддзе, Горне Опатоўцэ, Глінік на Грон, Вігне.
На другіх участках фронту прадаўжаліся баі мясцовага значэння.
У тыле
...Кожны дзень з Германіі прыбывалі цягнікі з савецкімі людзьмі, якія вярталіся з нямецкай няволі. «Звязда» пісала: «На мінскім прыёмна-размеркавальным пункце яны атрымліваюць бясплатныя білеты на далейшы праезд, прадукты харчавання, грошы. Едуць рускія, украінцы, беларусы, едуць на Радзіму — на Кіеўшчыну, у Гомельскую, Маскоўскую, Ленінградскую, Сталінградскую і іншыя обласці краіны, дзе пабывалі нямецкія акупанты».
У вачах людзей, худых, знясіленых, змучаных, свяцілася радасць вызвалення — яны ехалі дамоў. У адным з артыкулаў наша газета размясціла расказы беларускіх грамадзян, якія вярнуліся з нямецкай няволі. Як страшны сон, народ успамінаў гэту фашысцкую катаргу.
«Я не магу паверыць свайму шчасцю. Горш за жывёл абыходзіліся з намі немцы. Я працавала ва Усходняй Прусіі, недалёка ад горада Гольдан, у маёнтку бюргера Шульц. Цяжка расказаць, што перажыла я за гэты час. За малейшую правіннасць, а часта і без прычыны нас білі. Жылі мы ў бараку, побач са свінарнікам. Кармілі горш за свіней. Тое, што не з’ядалі яны, — аддавалася нам», — успамінала Надзея Міхайлаўна Дзецькова, былая работніца саўгаса Магілёўскай вобласці.
З жудаснымі абставінамі сутыкнулася таксама 14-гадовая Ніна Карнеева з калгаса імя Варашылава Віцебскай вобласці. Дзяўчына расказвала, што ёй не было яшчэ 12 гадоў, калі немцы схапілі і пагрузілі ў халодныя таварныя вагоны: «З размеркавальнага лагера ў горадзе Ісенбургу Ніна трапіла да немца, які абыходзіўся з дзецьмі па-зверску: працавалі па 16 гадзін, аралі зямлю, жалі і малацілі збожжа, цягалі каменні для будаўніцтва бруку. Аднойчы сястра дзяўчынкі, Надзя, стамілася ад працы, на хвілінку прысела — раззлаваны немец падбег да дзіцяці і стаў біць гумовай дубінкай. Абліваючыся крывёй, дзяўчынка страціла прытомнасць», — пісала «Звязда».
Прывыкнуць да думкі, што зноў трапіла ў родны Мінск, не магла былая работніца завода «Чырвоная Зара» Ніна Старынская: «Больш двух год прыйшлося прабыць мне на нямецкай катарзе. Па 17 гадзін штодзённа мы працавалі ў цэхах. За кожнымі 25 рабочымі стаяў наглядчык з гумавай дубінкай. Білі яны нас бязлітасна. На дзень мы атрымлівалі 200 грамаў сурагатнага хлеба, літр пахлёбкі з гнілой гародніны і шклянку вадкага кофе. Пасля цяжкага рабочага дня нас чакаў халодны барак з дзіравым дахам».
У людзей, якія вярнуліся з нямецкага палону, гэтыя страшныя ўспаміны засталіся на ўсё жыццё. Яны працавалі на розных прадпрыемствах, у розных бюргераў, у сельскай гаспадарцы. І ўсе расказвалі і ўспаміналі аб страшэнных, нечалавечых умовах, аб катаржнай працы, аб голадзе, аб зверскіх пабоях і здзеках...