У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Войскі 3-га Беларускага фронту, прадаўжаючы баі па знішчэнні групоўкі немцаў ва Усходняй Прусіі, 20 сакавіка авалодалі горадам Браўнсбергам — важным вузлом дарог і моцным апорным пунктам абароны немцаў на ўзбярэжжы заліва Фрыш Гаф. Паводле звестак, са стратай Браўнсберга становішча акружанай групоўкі праціўніка рэзка пагоршылася: ≪У руках немцаў у гэтым раёне застаўся адзіны вузел дарог — горад Хайлігенбайль. Імкнучыся адстаяць гэты горад, нямецкае камандаванне кінула ў контратакі буйныя сілы пяхоты, з жорсткасцю адстойвала кожную пазіцыю. Нашы войскі з усхода, поўдня і захада прадаўжалі ўсё цясней і цясней сціскаць кальцо акружэння праціўніка. За дзень баёў было знішчана больш чым пяць тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў. На асобных участках нямецкія салдаты групамі здаваліся ў палон≫.
Войскі 1-га Беларускага фронту пасля сур’ёзных баёў 20 сакавіка авалодалі горадам Альтдамам і ліквідавалі вельмі ўмацаваны плацдарм немцаў на правым беразе ракі Одэр на ўсходзе ад Штэціна.
На іншых участках франтоў працягваліся баі мясцовага значэння.
У тыле
Каля Вяхры і Сожа раскінуліся ўраджайныя палі Мсціслаўшчыны. ≪Да вайны тут каласілася жыта і пшаніца, сінелі стракатыя палі лёну-даўгунца, — пісала «Звязда». — Старанна апрацаваная зямля шчодра плаціла сваім гаспадарам — калгаснікі гэтага раёна жылі культурна і заможна≫.
У 1941 годзе туды ўварваліся нямецкія акупанты і разбурылі калгасы — зямля перастала радзіць. Толькі вызваленне раёна ад нямецкіх вылюдкаў дало магчымасць людзям зноў узяцца за аднаўленне зямлі да яе былой ураджайнасці: ≪Паспяхова завяршыўшы мінулы сельскагаспадарчы год, калгаснікі пачалі рыхтавацца да веснавой сяўбы і рашылі дабіцца ў 1945 годзе стопудовых ураджаяў збожжавых культур з гектара≫.
Актывісты Падсолтаўскага і Курманаўскага сельсаветаў Мсціслаўскага раёна спаборнічалі ў падрыхтоўцы да сяўбы. Каб забяспечыць ураджай у калгасах, яны пачалі рыхтавацца з зімы: ≪Фонды былі засыпаны якасным, кандыцыйным насеннем. Старанна і добраякасна былі адрамантаваны сельскагаспадарчы інвентар, плугі і бораны, збруя і калёсы≫.
У калгасе ўвесну 1945-га панавала асаблівае ажыўленне. Наша газета пісала, што подых вясны і надыход сяўбы адчуваўся на кожным кроку. На калгасныя палі цягнуліся сотні фурманак з мясцовымі ўгнаеннямі: ≪У сельгасарцелі ≪Чырвоны Кастрычнік≫, дзе працаваў старшынёй таварыш Марчанка, за некалькі дзён вывезлі ў поле дзве тысячы вазоў гною≫.
Добра працавалі і ў суседнім калгасе Магілёўшчыны — у старшыні «Шляха Леніна» таварыша Філіпава калгаснікі вывезлі ў поле паўтары тысячы вазоў гною: ≪Растуць і загартоўваюцца на працы калгасныя кадры. У раёне створана 350 паляводчых брыгад і 333 звенні, якія ўзначальваюцца лепшымі майстрамі калгаснай вытворчасці. 120 брыгадзіраў і 134 звеннявыя закончылі навучанне на кароткатэрміновых курсах пры райземаддзеле, 53 старшыні калгасаў навучаюцца на месячных курсах≫.
Калгаснікі Мсціслаўшчыны па-баявому сустракалі гэту веснавую сяўбу і падрыхтаванымі выходзілі на палявыя работы.