У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
На працягу 22 сакавіка на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга войскі 3-га Беларускага фронту вялі баі па знішчэнні групоўкі праціўніка, прыціснутай да ўзбярэжжа заліва Фрыш Гаф у раёне Хайлігенбайль, і занялі населеныя пункты Мюкюнен, Габдытэн, Шыртэн, Генрыхсхоф, Гелененхоф.
Войскі 1-га Украінскага фронту, прарваўшы абарону праціўніка на захадзе і поўдні ад горада Опельна, прасунуліся ўперад на 40 кіламетраў на кожным напрамку: «Неўзабаве паў важны апорны пункт абароны немцаў і вузел шасейных дарог — Ланцдорф. У ім нашы байцы вызвалілі звыш чатырох тысяч совецкіх грамадзян, якія пакутавалі ў фашысцкай няволі». Развіваючы поспех, нашы войскі, паводле звестак Савецкага інфармбюро, выйшлі да горада Нойштата. Усю ноч, не сціхаючы, ішлі жорсткія вулічныя баі. Да раніцы горад быў ачышчаны ад немцаў.
«У выніку баёў войскі фронта ўзялі ў палон да 15 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 21, танкаў і самаходных гармат — 57, гармат — 464, кулямётаў — звыш тысячы, вінтовак і аўтаматаў — больш 13 тысяч, аўтамашын — 3 тысяч, паравозаў — 27, вагонаў — 1520, коней — пяць тысяч, складаў з боепрыпасамі, снаражэннем і харчаваннем — 75. Праціўнік страціў толькі забітымі звыш 30 тысяч салдат і афіцэраў».
У ходзе наступлення войскі фронту авалодалі ў нямецкай Сілезіі гарадамі Нойштат, Козель, Штэйнаў, Зюльц, Крапітц, Обер-Глогаў, Фалькенберг, а таксама з баямі занялі больш чым 400 іншых населеных пунктаў.
У Чэхаславакіі, на паўночным усходзе і поўначы ад Зволена, нашы войскі, дзейнічаючы ў цяжкіх умовах горна-лясістай мясцовасці ў паласе Карпат, занялі больш 40 населеных пунктаў, сярод якіх Прэдайна, Лубетава, Дубравіца, Чэрын, Бадзін, Сельніца, Гайнікі.
У тыле
Да вайны камбінат «Спартак» быў адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Гомеля, які штогод даваў краіне 15,5 тысячы тон кандытарскіх вырабаў, 5,5 тысячы тон патакі, варэння, мільёны літраў розных напіткаў.
Усё, што толькі паддавалася агню, спалілі, а астатняе ўзарвалі нямецка-фашысцкія захопнікі: «Так былі знішчаны патачны завод, усе цэхі кандзіцерскіх вырабаў, механічная майстэрня, жылыя памяшканні».
Калі сапраўдныя гаспадары вярнуліся зноў на сваё роднае прадпрыемства, яго было не пазнаць. Камбінат ляжаў у руінах: «Калі праўду гаварыць, — сказаў аднойчы дырэктар, — цяжка было рашыць, з чаго пачынаць, за што спачатку ўзяцца».
Народ узяў на сябе абавязацельства — у самы кароткі тэрмін аднавіць і здаць у эксплуатацыю асноўныя цэхі прадпрыемства і даць краіне прадукцыю: «Сёння рабочы калектыў з невычарпальнай энергіяй працуе на дапамогу фронту. Гарачыя дні аднаўленчых работ багаты тут прыкладамі працоўнага гераізма старых і маладых рабочых, майстроў і вучняў. У шырока разгарнуўшымся соцыялістычным спаборніцтве на прадпрыемстве выраслі ініцыятары высокай прадукцыйнасці працы».
Так, інвалід вайны таварыш Лягчылкін працаваў на камбінаце спачатку чорнарабочым, пасля яго перавялі ў брыгаду цесляроў. Там і выявіліся здольнасці ў прафесіі — брыгада Лягчылкіна лічылася перадавой на прадпрыемстве.
Добра працавалі і мантажнікі, на чале якіх стаяў вопытны майстар Пётр Бурлак: «Нядаўна гэта брыгада закончыла мантаж „вакуум-апарата“, паравой і вадзяной камунікацый патачнага завода. Мантажнікі штодзённа выконваюць і перавыконваюць нормы свайго вытворчага задання», — пісала «Звязда».
Неаднаразова гаварылася ў нашай газеце, што за гады вайны знікла паняцце «жаночай» прафесіі. За час аднаўлення «Спартака» многія работніцы набылі па адной, дзве і больш прафесій: «Вялікай павагай карыстаецца комсамолка Ніна Турава, — пісала наша газета ў гэты дзень. — Гэта яна, як кажуць на камбінаце, на ўсе рукі майстар. Штукатур і каменшчык, бісквітчыца-раскатчыца і канфетчыца».
У цэхах і брыгадах камбіната працавалі камуністы, камсамольцы, сапраўдныя актывісты і аматары сваёй справы, якія паказвалі прыклад выдатнай працы і сацыялістычных адносін да вытворчасці.