Top.Mail.Ru

«Звязда». № 56 — 25 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

На Данцыгскім напрамку нашы войскі прадаўжалі наступленне. Паводле звестак Савецкага інфармбюро, праціўнік цвёрда супраціўляўся і за дзень зрабіў звыш дваццаці контратак. Ударамі з поўдня і захаду франтавікі разграмілі варожы гарнізон і авалодалі горадам Праўст — вузлом чыгунак і шасэйных дарог. Акрамя таго, на захадзе ад Данцыга імі быў заняты яшчэ адзін буйны населены пункт — Клайн-Кельпін. На паўднёвым захадзе нашы войскі пераадолелі шматлікія інжынерныя перашкоды, у тым ліку дротавыя загароды, якія знаходзіліся пад электрычным токам, і выбілі фашыстаў з Вітомін — апорнага пункта, што знаходзіўся за два кіламетры ад Гдыні.

Войскі 1-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, завязалі баі за горад Нейсэ. ≪Совецкія байцы пасля ўпорных вулічных баёў занялі паўночна-заходнюю частку горада, — пісала наша газета ў гэты дзень. — Падцягнуўшы рэзервы, немцы спрабавалі аднавіць становішча, але поспеху не дабіліся≫. Горад быў ачышчаны ад праціўніка.

Войскі 3-га Украінскага фронту перайшлі ў наступленне на паўднёвым захадзе ад Будапешта. У пачатку сакавіка праціўнік сканцэнтраваў у гэтым раёне 11 адборных танкавых дывізій. Перайшоўшы ў наступленне, немцы кінулі ў бой сотні танкаў, самаходных гармат, бронетранспарцёраў, велізарную колькасць артылерыі, авіяцыі і буйныя сілы пяхоты. ≪Яны разлічвалі разграміць савецкія войскі, з ходу фарсіраваць Дунай і захапіць на яго ўсходнім беразе плацдармы для развіцця далейшых аперацый≫, — пісала «Звязда». Франтавікі ў жорсткіх абарончых бітвах знясілілі праціўніка і нанеслі яму велізарныя страты, сарваўшы планы нямецкага камандавання. Услед за гэтым войскі 3-га Украінскага фронту самі перайшлі ў наступленне.

У тыле

Незадоўга да вызвалення жыхары пасёлка імя Калініна, што ў Гомельскім раёне, жылі ў лесе. З набліжэннем фронту сяляне, ведаючы, як лютуюць фашысты, у адзін дзень пакінулі свае сядзібы, шукаючы ў лясным гушчары ратунку. «Звязда» пісала, што немцы шнырылі па людскіх хатах, забіралі ежу і вопратку, з сялянамі, якія не паспелі ўцячы, паступалі бязлістасна: катавалі, расстрэльвалі. Перад тым як сысці, падпалілі кожны дом…

Вярнуўшыся на папялішча, людзі пачалі капаць зямлянкі. ≪Хутка ўсе сяляне былой вёскі ўкапаліся ў зямлю, знаходзячы ў ёй часовы прытулак, — пісала наша газета. — За некалькі дзён уздоўж былой вуліцы ўзняліся дзясяткі незвычайных комінаў, якія нагадвалі сабой размяшчэнне своеасаблівага лагера≫.

На той час савецкія войскі ўжо дабівалі немцаў, прыціснутых да Сожа, таму жыхарам вёскі дыхаць было крыху вальней: ведалі, што хутка вернуцца і возьмуцца за разбуранае. Пасля першай сустрэчы з роднай Чырвонай Арміяй народ з уздымам узяўся за аднаўленне гаспадарак: ≪Няспынным патокам у вёску везлі будаўнічыя матэрыялы — лес, цэглу, гліну. На месцы старых, згарэўшых сядзіб узнімаліся новыя пяцісценныя зрубы. Уся калгасная вёска — ад малога і да вялікага — імкнулася хутчэй залячыць цяжкія раны, якія нанеслі працавітым хлебаробам нямецкія разбойнікі≫, — паведамляла ≪Звязда≫.

Калектыўная гаспадарка ўзнімалася разам з аднаўленнем вёскі. Перадавікі паспяхова завяршалі ўборку калгаснага ўраджаю. Парфен Ятчанка, стары селянін, ужо не лічыўся ні з чым: ≪Удзень ён напружана працаваў на калгасным полі, а ўночы дапамагаў сем’ям франтавікоў адбудоўваць хаты≫, — пісала наша газета. За адзін год з яго дапамогай былі ўзведзены тры дамы.

Дзеці і старыя — усе жыхары пасёлка імя Калініна — на руінах і папялішчах адбудавалі 120 дамоў.

Сялянка Моця Караткевіч напісала цёплыя словы на фронт свайму мужу Пракопу, увайшоўшы з дзецьмі ў свой новы дом: ≪Дарагі Проня! Нямецкія людаеды спалілі і змялі з твару зямлі нашу старую хату. Але ты не турбуйся — наша сустрэча адбудзецца ў новым, яшчэ лепшым доме, адбудаваць які мне дапамог калгас і наш глыбокапаважаны стары Парфен≫.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю