У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Звестак пра сітуацыю на фронце ў гэты дзень у нашай газеце, на жаль, захавалася няшмат. Савецкае інфармбюро паведамляла, што на ўсіх франтах нашымі войскамі было падбіта і знішчана 179 нямецкіх танкаў і самаходных гармат. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 37 самалётаў праціўніка.
24 і 25 сакавіка авіяцыя Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту нанесла ўдары па ваенных караблях і транспартах з войскамі і тэхнікай праціўніка: «У выніку гэтых удараў у Балтыйскім моры на поўначы ад Гданьска і ў парту Пілау патоплены: адна падводная лодка, тры вартавыя караблі, плавучы дом разам з судном, якое знаходзілася ў ім, і 11 нямецкіх транспартаў агульным водазмяшчэннем у 67 тысяч тон», — пісала «Звязда».
У тыле
Час ад часу ў хроніцы мы згадваем перадавікоў, тых, хто сваімі намаганнямі імкнуўся не проста выканаць, а перавыканаць план пастаўленых задач. Не маглі абмінуць увагай артыкул пра мінчанку Любу Пліско. Яе добра ведалі не толькі як стаханаўку на вытворчасці, але і як грамадскага работніка. Дзяўчына працавала рэдактарам цэхавай насценнай газеты «Стаханавец», агітатарам у цэху.
Распавядалі ў матэрыяле і аб тым, як складвалася яе жыццё да гэтага.
«Перад Любай Пліско адкрываўся шырокі і светлы шлях будучыні, — пісала „Звязда“. — Хутка-б яна канчала сярэднюю школу, а там пайшла-б у інстытут навучацца любімай прафесіі. Але вайна абарвала мары дзяўчыны. Праклятыя немцы прыйшлі ў горад, разбуралі і палілі яго».
Школьніца пайшла ў партызанскі атрад. Больш чым два гады змагалася з ворагам. Калі горад вызвалілі, дзяўчына вярнулася ў Мінск і паступіла на абутковую фабрыку імя Тэльмана.
Ведаючы, што краіна мае патрэбу ў прадукцыі, вырашыла як мага хутчэй авалодаць спецыяльнасцю. Старанна вучылася і працавала. Прыглядалася да кожнай дэталі. Пасля ўзялася за навучанне яшчэ па адной спецыяльнасці — клейшчыка, а пасля і паліроўшчыка. «У першы дзень самастойнай работы на машыне па прыбіўцы каблука яна выканала норму на 130 процэнтаў, — паведамляла наша газета ў гэты дзень. — Начальнік цэха дазволіў ёй працаваць адначасова на другой машыне — на шпількоўцы. Вопыт сваёй працы Люба перадавала і сяброўкам па рабоце».
...Поспех брыгады Пліско, у складзе якой працавалі яшчэ 10 дзяўчат, прыйшоў не сам па сабе — паміж імі шырока разгарнулася сацыялістычнае спаборніцтва, перадавікі актыўна аказвалі дапамогу тым, хто ў працы адставаў: «За дзесяць хвілін да пачатку работы брыгада ўжо ў цэху. Змазваюцца, чысцяцца машыны, рыхтуецца неабходны інструмент. У выніку гэтага машыны поўны дзень працуюць няспынна. Кожны член брыгады ўзяў на сябе абавязацельства набыць не менш, як на дзве вытворчыя спецыяльнасці».
Добра працавалі Ліма Мілеўская, Жэня Шарамовіч, Ганна Каленнік, якія штодзённую норму выконвалі ад 170 да 180 працэнтаў. Сама Люба, працуючы на дзвюх машынах, — на 230–240 працэнтаў. На абедзенным перапынку яна расказвала рабочым аб падзеях на франтах Айчыннай вайны, аб вялікіх вытворчых подзвігах працаўнікоў тылу: «Да першага мая брыгада Люды Пліско абавязвалася прыйсці з новымі вытворчымі подзвігамі», — пісала наша газета.