Top.Mail.Ru

«Звязда». № 57 — 28 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

У ноч на 27 сакавіка нашы цяжкія бамбардзіроўшчыкі зрабілі масіраваны налёт на Гданьск (Данцыг) і падверглі бамбардзіроўцы ваенныя аб’екты праціўніка. У выніку бамбардзіроўкі ўзнікла шмат пажараў, якія суправаджаліся выбухамі вялікай сілы.

Удзень савецкія войскі прадаўжалі наносіць удары па горадзе і суднах праціўніка, якія знаходзіліся ў порце Гданьск (Данцыг).

На паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга войскі 3-га Беларускага фронту дабівалі рэшткі разгромленых часцей праціўніка. «Прасоўваючыся на цяжка прахадзімай балоцістай мясцовасці, савецкія часці занялі пасёлак Фолендорф, — пісала „Звязда“. — Немцы спрабавалі затрымацца ля дамб у раёне населенага пункта Волітніка. Аднак артылерыйска-мінамётным агнём і ўдарамі авіяцыі з паветра варожыя падраздзяленні, якія заселі ля дамб, былі поўнасцю знішчаны. Наша артылерыя абстрэльвае ўсю тэрыторыю, якая засталася ў руках немцаў». Праціўнік нёс велізарныя страты. «Раён баёў завалены трупамі варожых салдат і афіцэраў, а таксама ўзбраеннем, кінутым немцамі. Савецкія артылерысты і лётчыкі патапілі многа плытоў, лодак і пантонаў, на якіх гітлераўцы спрабавалі пераправіцца праз заліў Фрыш Гаф. Па дарогах у тыл цягнуліся доўгія калоны палонных немцаў».

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, войскі 1-га Украінскага фронту працягвалі наступленне. «Савецкая пяхота пераправілася праз раку Клайн Лое і перарэзала чыгунку, якая ішла ад горада Штрэлен на захад, — паведамляла наша газета. — Развіваючы поспех, нашы часці ўварваліся ў горад і авалодалі чыгуначнай станцыяй». Затым баі перамясціліся ў цэнтр горада. Штурмавыя групы блакіравалі ачагі супраціўлення і знішчалі немцаў, якія заселі ў іх. У выніку Штрэлен быў поўнасцю ачышчаны ад немцаў.

На другім участку войскі фронту, зрабіўшы абходны манеўр, з захаду атакавалі нямецкі гарнізон у буйным прамысловым горадзе Рыбніку. 

«К вечару варожы гарнізон быў разгромлены, а яго рэшткі ў беспарадку адступілі на поўдзень. На подступах да горада і яго вуліцах знішчана да тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў».

У тыле

Радасныя дні перажывала вёска Залужжа, што ў Баранавіцкай вобласці. Сяляне — былыя батракі польскіх паноў і беднякі — атрымлівалі надзелы зямлі з ліку памешчыцкай. Людзі старанна рыхтаваліся, каб яе добра апрацаваць і своечасова засеяць. «У кожнай гаспадарцы створаны насенныя фонды, — пісала „Звязда“. — Насенне старанна ачышчана і добра захоўваецца. Амаль кожная гаспадарка мае сапраўдны плуг, барану, калёсы».

У вёсцы налічвалася 230 гаспадарак. Доўгія гады яе жыхары гнулі сваю спіну перад панамі: іх зямля да канца 1939-га належала польскім памешчыкам-эксплуататарам, а з лета 1941-га — немцам. Пасля вызвалення Залужжа ад фашыстаў савецкая ўлада вярнула маёмасць людзям: «Цяпер яны адчуваюць сябе сапраўднымі гаспадарамі і па-гаспадарску падрыхтаваліся да правядзення веснавой сяўбы», — пісала наша газета ў гэты дзень.

Усё сваё жыццё сялянка Мілання Власіна батрачыла ў памешчыкаў. Муж яе так і не ўбачыў чалавечага жыцця — загінуў на катаржных работах. Жанчына атрымала ад сельсавета тры гектары зямлі, хату і збрую, рабочага каня. Старанна рыхтавалася яна, каб атрыманая зямля не пуставала — хацелася засеяць да аднаго кавалачка: «Ніколі раней я не спадзявалася мець сваю ўласную гаспадарку і працаваць на сябе, — расказвала Мілання. — Але савецкая ўлада паклапацілася аб нас. Цяпер і жыць, і працаваць стала лягчэй, бо ўсё, што будзе здабыта рабочымі рукамі, пойдзе на карысць самога сябе і сваёй роднай дзяржавы».

Сялянка Валянціна Мазур стала ўладальніцай пяці гектараў зямлі: «Упершыню ў жыцці я абзаводжуся ўласнай гаспадаркай. Савецкая ўлада надзяліла мяне зямлёй, дапамагла набыць каня, збрую, насенне. Мой муж знаходзіцца на фронце, б’е праклятую немчуру. Я буду працаваць за нас дваіх», — паведамляла жанчына.

У кожнай гаспадарцы Залужжа ствараліся насенныя фонды. Днём на вуліцах вёскі былі чутны раўнамерныя стукі арфаў — гэта сяляне паўторна ачышчалі насенне... Старшыня сельсавета Васіль Захаравіч Жыгала расказваў, што ў планах вяскоўцаў было дружна і хутка правесці веснавую сяўбу: «На 230 гаспадарак ёсць 180 рабочых коней. Да тых гаспадарак, якія не маюць цягла, прымацавалі коней суседзей».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю