Top.Mail.Ru

«Звязда». № 58 — 28 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

На працягу 28 сакавіка на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга войскі 3-га Беларускага фронту прадаўжалі баі па знішчэнні рэштак разгромленых часцей праціўніка ў раёне мыса Кальхольцэр-Хакен.

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, войскі 2-га Беларускага фронту ў гэты дзень штурмам авалодалі горадам Гдыня — важнай ваенна-марской базай і буйным портам на Балтыйскім моры. У баях за Гдыню войскі фронту ўзялі ў палон да 9 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, а таксама захапілі шмат узбраення і рознай ваеннай маёмасці.

Адначасова войскі фронту пасля ўпартых баёў занялі заходнюю частку горада Гданьска (Данцыга) і ачышчалі ад праціўніка гарадскі раён, размешчаны на востраве Холм. Войскі 2-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне па паўднёвым беразе Дуная, 28 сакавіка авалодалі гарадамі Дзьер і Комарам — важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на Венскім напрамку, а таксама з баямі занялі больш за 40 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Генью, Дзьерсенціван, Кішмедзьер, Менфе, Ніўлфалу.

Войскі 3-га Украінскага фронту, развіваючы наступленне, фарсіравалі раку Раба і ў гэты дзень авалодалі гарадамі Чорна і Шарвар — важнымі вузламі чыгунак і моцнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў, якія прыкрывалі шлях да граніц Аўстрыі, а таксама занялі больш чым 150 іншых населеных пунктаў, сярод якіх Бегетэ, Калд, Олша, Папоц, Сіглігет і чыгуначныя станцыі Герчэ, Калд, Ук, Гоганфа, Шумег.

На другіх участках фронту — пошукі разведчыкаў і ў шэрагу пунктаў — баі мясцовага значэння.

У тыле

Сям’я Шапавалавых з вёскі Трыніўкі, што на Суражчыне, да вайны жыла звычайным шчаслівым жыццём. Арцём з жонкай — бацькі пяцярых дзяцей — працавалі ў калгасе, карысталіся вялікай павагай аднавяскоўцаў, жылі ў прасторнай хаце і вельмі любілі сваіх сыноў і дачку.

«Мы сапраўды шчаслівыя, — часам гаварыў Арцём сваёй жонцы. — Добрыя дзеці — вялікае шчасце! А галоўнае — нашы дзеці вучацца...»

Таню ён марыў вывучыць на настаўніцу, Ваню і Лёню — на камандзіраў Чырвонай Арміі, чатырохгадовага Колю — на інжынера. А самага маленькага сына Пецю бачыў трактарыстам.

Калі пачалася вайна, гітлераўская зграя дайшла і да той вёскі, дзе жыла гэта шчаслівая сям’я. У першых шэрагах патрыётаў стаяў Арцём Шапавалаў. Ён — начальнік штаба партызанскага атрада — абараняў ад людаедаў-немцаў сваю сям’ю і Радзіму. Аднойчы ў жорсткай, няроўнай схватцы Арцём загінуў смерцю храбрых. Паміраючы, ён прасіў толькі аб адным: ≪Паглядзіце за маімі дзеткамі!

Палалі калгасныя хаты, лілася кроў нявінных жанчын і дзяцей... Арцёміха з дзецьмі цудам выратавалася. Яна была маці, маці пяцярых дзяцей, якая стала воінам-партызанам, помсціла за мужа, за бязлітасна разбураны сямейны ачаг. Калі Марына трапіла ў лапы немцаў, яна цвёрда сказала, што гаварыць ім нічога не будзе. За гэта гітлераўцы катавалі яе і ўрэшце расстралялі.

Так дзеці Шапалавых сталі сіротамі. Бацькоўскімі клопатамі акружылі іх партызаны: прыносілі хлеб, бульбу, малако≫, — пісала наша газета. Самая дарослая Таня стала гаспадыняй: гатавала ежу, шыла, мыла, латала бялізну, забаўляла малых.

Гэта яна і распавяла «Звяздзе» трагічную гісторыю іх сям’і, а таксама аб далейшым лёсе дзяцей — Шапавалавых. Пасля вызвалення дзяўчынцы знайшлі прытулак у Віцебскім дзіцячым доме. Там яна вучылася ў школе, а таксама асвойвала кравецкую справу. «Трынаццацігадовы Ваня і дванаццацігадовы Лёня таксама выхоўваліся ў Лёзненскім дзіцячым доме, сямігадовы Коля — у Багушэўскім дзетдоме», — пісала наша газета.

Вось, што пісаў Ваня ў сваім лісце: ≪Дарагая сястрычка! Як я ўжо раней пісаў табе, жыву я з Лёнем добра. Кормяць нас смачна. Выхавацельніцы шкадуюць нас. Я вучуся ў трэцім класе, а Лёня — у другім. Мы маем адзнакі 5 і 4. У нас ёсць майстэрня. Мы робім там розныя рэчы. Мы з таварышам змайстравалі лямну. Гэта праца мне вельмі падабаецца. Як падрасту, я, напэўна, буду тэхнікам. А Лёнька, як і раней, думае стаць камандзірам Чырвонай Арміі. Няхай сабе будзе камандзірам. Напішы, дарагая сястрычка, што чутна аб нашых малышах Пеці і Каці. Пішы мне. З прывітаннем твой родны брат Ваня≫.

Пеця жыў, паводле звестак, у Сіроцінскім раёне ў цёткі Лізаветы. Каця, зусім яшчэ маленькая, гадавалася ў Смалоўскім дзетдоме Віцебскай вобласці, ≪на тры кілаграмы прыбавілася ў вазе. У яе выраслі пярэднія зубкі. Яна навучылася хадзіць і называе мяне ≪мама≫≫, — пісала Ганна Іванаўна, выхавальніца дзетдома.

Балюча чытаць гісторыю дзяцінства Тані, Вані, Лёні, Колі, Пеці і Каці Шапавалавых. А яшчэ ўсведамляць, колькі дзяцей, акрамя іх, засталіся без бацькоўскага клопату і падтрымкі з-за нямецкіх бандытаў. Але іх не пакінулі добрыя людзі і Радзіма.

Дарэчы, можа, вы ведаеце кагосьці з гэтай сям’і, пра якую пісала «Звязда» ў далёкім 1945-м? Напішыце нам. Цікава, як склаўся іх лёс…

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю