Top.Mail.Ru

«Звязда». № 58 — 29 сакавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Войскі 3-га Беларускага фронту 29 сакавіка завяршылі ліквідацыю акружанай усходне-прускай групы нямецкіх войск на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга. Праціўнік, заціснуты на мысе Кальхольцэр-Хакен, рабіў адчайныя намаганні, каб пратрымацца яшчэ некалькі дзён, разлічваючы за гэты час вывесці морам рэшткі сваіх разгромленых злучэнняў. Савецкія войскі сарвалі гэты план немцаў. ≪Усе прычалы, якія засталіся ў руках ворага, няспынна бамбардыраваліся авіяцыяй і абстрэльваліся артылерыяй. Тым часам нашы танкісты і пехацінцы нанеслі рашаючы ўдар па апошняму аплоту немцаў — прыбярэжнаму пасёлку Бальта і акружаючым яго вышыням. Немцы сканцэнтравалі ў гэтым раёне адборныя атрады эсэсаўцаў. Пад прыкрыццём магутнага артылерыйскага агню, совецкія падраздзяленні рушылі ў атаку і пасля жорсткага бою авалодалі пасёлкам Бальта≫, — паведамляла ≪Звязда≫ ў гэты дзень.

Услед за гэтым нашы байцы занялі ўмацаваныя вышыні. У баі за пасёлак было знішчана звыш трох тысяч гітлераўцаў, пераважна эсэсаўцаў і штрафнікоў. Захоплена 1800 палонных, шмат танкаў, палявых гармат, кулямётаў, аўтамашын, склады з боепрыпасамі і ваеннай маёмасцю. Імкліва прасоўваючыся на поўнач, нашы войскі занялі апорны пункт Кальхольц. Атрады нямецкіх афіцэраў, якія яго абаранялі, былі знішчаны. Услед за падзеннем Кальхольца арганізаванае супраціўленне ворага спынілася. Немцы сталі натоўпамі здавацца ў палон. Ліквідацыя буйной групы нямецкіх войск на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга была паспяхова завершана.

Войскі 2-га Беларускага фронту прадаўжалі баі па ачышчэнні ад праціўніка ўсходняй часткі горада Гданьска (Данцыга) і знішчалі групу войск немцаў, прыціснутую да ўзбярэжжа Данцыгскай бухты на поўначы ад горада Гдыня.

Войскі 3-га Украінскага фронту ў выніку імклівага наступлення 29 сакавіка авалодалі гарадамі і важнымі вузламі дарог — Сомбатэль, Капувар і, заняўшы горад Кёсег, выйшлі на аўстрыйскую граніцу, а таксама з баямі занялі больш чым 100 іншых населеных пунктаў. У тым ліку буйныя — Фарад, Міхалы, Белед, Чаніг, Бюк, Надзыгенч, Веп, Пецэль, Ікервар, Дзьерцьнош, Балтавар, Заласанта, Рэзі і чыгуначныя станцыі Тоткерэстур, Белед, Рэпчэлак, Хедзьфалу, Бюк.

У баях за 28 і 29 сакавіка войскі фронту, паводле звестак Савецкага інфармбюро, узялі ў палон больш чым 18 тысяч салдат і афіцэраў праціўніка і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 115, танкаў і самаходных гармат — 71, палявых гармат — 102.

У тыле

Тры гады над Брэсцкай вобласцю вісела чорная жахлівая ноч крывавага гітлераўскага тэрору. Фашысты расстралялі тут звыш 54 тысяч чалавек — жанчын, старых і дзяцей, пагналі на катаргу ў Германію 16 624 чалавекі, пераважна моладзь. «Стогн і плач стаяў над зямлёю, гарэлі гарады і вёскі, маці аплаквалі сваіх закатаваных, расстраляных і вывезеных у нямецкае рабства мужоў, сыноў і дочак», — пісала «Звязда».

У газеце таксама прыводзіліся лічбы па выніках нямецкага ≪гаспадарання≫ ў сельскай мясцовасці: захопнікі адабралі ў сялян 40 932 кані, 93 918 кароў, 122 962 свінні, 170 336 авечак і коз, спалілі і знішчылі каля 16 тысяч жылых дамоў і больш чым 26 тысяч надворных пабудоў.

Дзень 28 ліпеня 1944 года назаўсёды застанецца ў памяці брастаўчан — тады поўнасцю была вызвалена вобласць: «Як толькі адгрымелі апошнія стрэлы, сяляне сабраліся на свой першы абласны сход, каб абмеркаваць і намеціць рад канкрэтных мерапрыемстваў па хутчэйшаму аднаўленню сельскай гаспадаркі, каб абмеркаваць, як лепш і хутчэй дапамагчы нашай Чырвонай Арміі ў яе свяшчэннай вызваленчай вайне». На ім былі прыняты абавязацельствы сацыялістычнага спаборніцтва.

Перамогі Чырвонай Арміі выклікалі хвалю ўздыму сярод людзей. «Яны датэрмінова выканалі план збожжанарыхтовак, мясапаставак, поўмільёна пудоў збожжа і амаль столькі-ж бульбы здалі ў фонд Чырвонай Арміі», — паведамляла наша газета.

Як толькі былі адноўлены органы савецкай улады, у вобласці неадкладна пачалася раздача зямлі непасрэдным яе гаспадарам-сялянам. ≪Звязда≫ пісала, што ў Камянецкім раёне зямля былога маёнтка ≪Клепачы≫ была размеркавана паміж сялянамі вёсак Ямінка, Клепачы і Булевічы. Зямля маёнтка ≪Ступічава≫ — паміж сялянамі вёсак Ступічава і Навіцковічы, маёнтка ≪Шышава≫ — паміж сялянамі вёсак Чарнакі і Шышава і г. д.

Паспяхова надзялялі сялян зямлёй у Жабінкаўскім і многіх іншых раёнах. Атрымліваючы надзелы, сяляне дзякавалі партыі і ўраду за тое, што яны далі магчымасць працаваць на сваёй зямлі, на карысць сабе і сваёй савецкай дзяржаве.

У мэтах дапамогі насенным матэрыялам сем’ям франтавікоў, інвалідаў Айчыннай вайны і партызан, а таксама гаспадаркам, якія вельмі пацярпелі ад акупантаў, у кожным сельсавеце ствараўся спецыяльны фонд, — паведамляла ≪Звязда≫. — Народ ахвотна даваў для гэтых мэт збожжа, бульбу, грошы≫. У Бытчанскім сельсавеце Кобрынскага раёна было сабрана больш чым 24 тон збожжа, у Параслянскім сельсавеце Пружанскага раёна — 19 тон збожжа і 8684 рублі грашыма і г. д. Усяго па вобласці ў фонд дапамогі паступіла каля тысячы тон збожжа.

Трэба было зрабіць яшчэ многае, каб хутка і якасна правесці сяўбу, каб заваяваць першынство ў сацыялістычным спаборніцтве. Але на вызваленай зямлі людзі гатовы былі працаваць з імпэтам і натхненнем.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю