Top.Mail.Ru

«Звязда». № 60 — 1 красавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Войскі 1-га Украінскага фронту з баямі прасоўваліся ўперад. «Совецкія пехацінцы і танкісты прарвалі нямецкую абарону на паўночным захадзе ад горада Ратыбор», — пісала наша газета ў гэты дзень. Праціўнік спешна перакінуў на гэты ўчастак значныя сілы пяхоты і танкаў і аказваў упартае супраціўленне. Палонныя паведамлялі, што нямецкае камандаванне аддала загад любой цаной утрымаць Ратыбор — моцны апорны пункт. 

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, немцы, якія чакалі ўдару нашых войскаў з усходу і поўдня, умацавалі ўсходнія і паўднёвыя подступы да горада. Тут была пабудавана суцэльная паласа доўгачасовых умацаванняў. Зрабіўшы паспяховы абходны манеўр, нашы войскі ўварваліся ў Ратыбор з захаду. Яны паспяхова абыходзілі горад. Пасля ўпартых баёў франтавікі зламалі варожае супраціўленне і авалодалі горадам.

На 1-м Беларускім фронце на захадзе і паўднёвым захадзе ад горада Кістжынь (Кюстрын) франтавікі акружылі і знішчылі значны гарнізон немцаў, які абараняў раён паміж Вартай і Одэрам, пры гэтым узялі ў палон 3170 нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі палявых гармат — 54, кулямётаў — 150. Праціўнік пакінуў на полі бою да трох тысяч трупаў сваіх салдат і афіцэраў.

У раёнах Глогаў і Брэслаў нашы войскі прадаўжалі баі па знішчэнні акружаных груп нямецкіх войскаў.

«Войскі 2-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, авалодалі горадам Нітра і, фарсіраваўшы раку Ваг, з боем занялі горад Галанта — важны вузел дарог на шляхах да Браціславы. У ходзе баёў за 31 сакавіка войскі фронту занялі больш 80 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя Кепешд, Шалья, Дзякоўцэ, Перэд, Жыгард, Горні Салібі, Мостова Керць, Гута, Земянска-Олча, Тані і чыгуначныя станцыі Шалья, Перэд, Жыгард, Недзед. Адначасова войскі фронта, наступаючы па паўднёваму берагу Дуная, занялі населеныя пункты Дунасег, Кунсігет, Мошансентміклош, Бешаркані, Маглоца. У баях за 30 сакавіка яны ўзялі ў палон больш 800 салдат і афіцэраў праціўніка».

Войскі 3-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, у гэты дзень авалодалі гарадамі Вашвар, Керменд, Сентготард — важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на рацэ Раба і на поўдні ад возера Балатон. На іншых участках фронту прадаўжаліся пошукі разведчыкаў і баі мясцовага значэння.

У тыле

«...Мінула 9 месяцаў з часу вызвалення Мінска ад нямецкіх бандытаў. За гэты час у Мінску адноўлена некаторая жыллёвая плошча, пушчаны і працуюць дзесяткі прамысловых прадпрыемстваў, працуюць культурна-бытавыя ўстановы. Горад паступова апраўляецца ад цяжкіх ран, якія нанеслі яму нямецка-фашысцкія захопнікі», — паведамляла «Звязда».

Насельніцтва правяло значную работу, выконваючы рашэнне ІX сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных «Аб аднаўленні горада Мінска і працоўным удзеле насельніцтва ў аднаўленні горада». Як паведамляў старшыня выканкама Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных К. Бударын, за час ад 

ІX да X сесіі было апрацавана больш 800 тысяч чалавека-гадзін. Ён заклікаў узняць усё насельніцтва сталіцы на актыўную дапамогу ў адбудове горада. Партыйныя, савецкія, камсамольскія і прафсаюзныя арганізацыі, вулічныя камітэты павінны былі неадкладна разгарнуць вялікую палітычную работу сярод працоўных, мабілізаваць усе сілы на агульнанародную будоўлю — на дасягнутым спыняцца не планавалі.

«Шчырае жаданне людзей хутчэй адбудаваць і ўпарадкаваць сваю любімую сталіцу знайшло сваё выражэнне ў высокай прадукцыйнасці працы. У газету, напрыклад, пісала хатняя гаспадыня Ганна Якавенка, якая з ахвотай узялася за работу і адпрацоўвала на будаўніцтве, паводле яе слоў, не менш 67 гадзін у месяц, пачынаючы з таго часу, калі родны горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: „Калі адчуваеш, што прыносіш карысць радзіме, што будуеш для шчасця свайго народа, для сябе, тады працуеш лёгка і радасна. Працавала я на аднаўленні моста праз раку Свіслач і на іншых аб’ектах. І радуецца маё сэрца цяпер, калі праходжу праз прыгожы, добра пабудаваны мост, бо тут закладзена і доля маёй працы“, — распавядала жанчына».

Муж Ганны быў забіты на фронце. Цяжка ўсвядоміць смерць блізкага чалавека, але жанчына, шануючы яго памяць, вырашыла працягваць зай-
мацца справамі: «Муж любіў свой горад і не ха-
цеў бы бачыць яго ў руінах і папялішчах».

На яе плячах у 1945-м ляжала яшчэ выхаванне дваіх сірот — 8-гадовай Іны і 13-гадовага Ігара, бацькоў якіх забілі немцы. «Але я заўсёды знайду час, каб дакладна па графіку выйсці на работу на свой аб’ект», — сцвярджала жанчына.

«Да адбудовы роднага горада трэба было адносіцца па-гаспадарску: „Якая ж гаспадыня не прывядзе ў парадак свой дом, не будзе імкнуцца зрабіць яго прыгожым і ўтульным? Так будзем-жа лічыць, што разбураны ворагамі Мінск — гэта наш вялікі агульны дом. Навесці ў ім парадак — наш пачэсны абавязак“, — пісала Ганна».

А наш з вамі абавязак — памятаць, колькі намаганняў нашых суайчыннікаў было ў свой час прыкладзена, каб родная сталіца зноў стала квітнеючай, утульнай і добраўпарадкаванай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю